Мінск 09:25

Гендарныя квоты: інструмент справядлівасці ці шавінізм?

Фота: unsplash.com / Tim Mossholder

Плануецца, што на маючых адбыцца выбарах у Каардынацыйную раду будзе ўведзена 40-працэнтная гендарная квота. Гэтая ініцыятыва выклікала дыскусію сярод дэмакратычнай грамадскасці.

Ці ўсё добра, цудоўная маркіза?

У апошнім індэксе гендарнай няроўнасці (2021 год) Беларусь займала 29-ю пазіцыю сярод 170 краін. Гэта вельмі высокі рэйтынг (чым вышэй месца, тым лепш становішча ў гэтай сферы). Аднак сфармаваўся ён на аснове інфармацыі, якую падаюць беларускія ўлады ў міжнародныя арганізацыі. Паводле даных Мінпрацы, жанчыны — дзяржаўныя служачыя ўсіх узроўняў кіравання складаюць больш за 70%, на кіруючых пасадах вышэйшага звяна іх амаль 54%, у Нацыянальным сходзе — каля 40%.

У дэмакратычных структурах жанчын каля 16%, хоць у структуры насельніцтва іх больш за палову, адзначыла сябра аргкамітэта партыі Віктара Бабарыкі “Разам” Таццяна Кавалёнак на анлайн-дыскусіі 13 лютага. На яе думку, такая сітуацыя несправядлівая і ў Каардынацыйнай радзе квота для жанчын быць павінна.

З Кавалёнак салідарная ўдзельніца феміністычнай групы КР, гендарная даследчыца Алена Агарэлышава. Яна падкрэсліла, што, паколькі выбары фальсіфікуюцца, вялікі працэнт жанчын у парламенце — “штучныя вынікі”, а не “вынік сумленнай канкурэнцыі”.

Пры гэтым Агарэлышава не мае ілюзій адносна ролі жанчын у непраўладнай беларускай палітыцы. Паводле слоў эксперта, яна правяла шэраг інтэрв’ю з жанчынамі — сябрамі розных партый. Многія з іх прызналіся, што гадамі працавалі перш за ўсё на імідж партыйных кіраўнікоў-мужчын. Самі ж заставаліся ў цені, а ў 2020 годзе рызыкавалі нароўні з мужчынамі.

Квоты для такіх жанчын — шанец падняцца вышэй па палітычнай лесвіцы, лічыць Агарэлышава. Аднак зрабіць гэта няпроста. Яна спаслалася на праведзенае ў траўні — чэрвені 2023 года апытанне 402 рэспандэнтаў, якое арганізавала фем-група КР у рамках даследавання сітуацыі з гендарнай няроўнасцю і прыгнётам у Беларусі.

Найбольш распаўсюджаныя ўяўленні, якія замацоўваюць жанчыну за хатняй сферай: так думаюць 66% мужчын і 41% жанчын (“галоўны клопат жанчыны — дом і сям’я”). Пры гэтым мала хто лічыць, што жанчына не можа быць добрым хірургам, адвакатам, палітыкам або бізнэсмэнам: падобнай пазіцыі прытрымліваюцца толькі 15% мужчын і 9% жанчын. Аднак да паловы мужчын (41%) і жанчын (46%) лічаць, што жанчыне з паспяховай кар’ерай будзе складана знайсці спадарожніка жыцця.

На такім фоне, адзначыла Агарэлышава, жанчын прасунуць у палітыцы без квот складана.

Квоты як часовая мера

Таццяна Кавалёнак адзначыла, што квоты ўводзяцца часова — да моманту, калі дыскрымінацыя жанчын і гендэрныя стэрэатыпы перастануць быць актуальныя для грамадства.

“Мы кажам, што ў Беларусі парушаюцца правы чалавека, але ці прытрымліваемся мы самі каштоўнасцяў правоў чалавека? Адмова ад гендарных правоў — адмова ад дэмакратычных каштоўнасцяў, — лічыць яна. — Цяпер у нас ёсць магчымасць сфармаваць сістэму, якая пакажа прыхільнасць дэмакратычным прынцыпам. Задаецца бачанне будучыні Беларусі, дзе ў палітыцы будзе роўнае гендарнае прадстаўніцтва. Квоты будуць спрыяць прыходу ў палітыку новых жанчын. Калі не працаваць над іх прыцягненнем, праз два-тры гады ўзровень удзелу ў палітыцы жанчын апынецца яшчэ ніжэй, чым цяпер”.

На думку Кавалёнак, гендарныя квоты — інструмент выпраўлення сістэмнага дысбалансу і гістарычнай несправядлівасці ў дачыненні да жанчын у Беларусі, крок да фармавання прадстаўнічай і ўстойлівай сістэмы дэмакратычных сіл: “Квоты — хуткі інструмент пашырэння ўдзелу жанчын у палітыцы, хоць і не адзіны. Краіны з гендарнымі квотамі ў палітыцы, напрыклад Швецыя, паказваюць, што ў палітыцы жанчын больш, а якасць рашэнняў, якія прымаюцца, вышэй”.

Паводле падлікаў удзельніцы дыскусіі, жанчын у КР ўжо 37%, і гэта добры паказчык. Такім чынам, упэўненая Кавалёнак, “прапанова па квотах у 40% апраўданая і суадносіцца з рэальнасцю”. Квоты патрэбныя, кааб “не дапусціць страты дасягнутага выніку”.

Алена Агарэлышава адзначыла, што жанчыны ў палітыцы ствараюць ролевыя мадэлі, і гэта шмат значыць для ўсяго грамадства. Сама яна штогод праводзіць гендарны курс для актывістак. На ім пасля 2020 года многія жанчыны казалі, што на іх вельмі паўплывала дзейнасць Святланы Ціханоўскай і Марыі Калеснікавай: “Некаторых жанчын-актывістак гэтыя фігуры прымусілі пераасэнсаваць жыццё. Жанчыны адчулі сваю значнасць, усвядомілі, як шмат робяць для Беларусі і як гэта важна для грамадства”.

“Грубы інструмент дасягнення роўнасці”

Акадэмічны дырэктар даследчага цэнтра BEROC Леў Львоўскі заявіў на дыскусіі, што гендарная роўнасць важная для забеспячэння роўных сацыяльна-эканамічных магчымасцяў незалежна ад іх прыроджаных характарыстык. Аднак сам ён не прыхільнік квот.

“Мой галоўны аргумент супраць квот: гэта грубы і часцей за ўсё непатрэбны інструмент дасягнення роўнасці сацыяльна-эканамічных магчымасцяў. Усяго, чаго мы хочам дамагчыся квотамі, можна дасягнуць іншымі, больш устойлівымі інструментамі без пабочных эфектаў”, — адзначыў Львоўскі, падкрэсліўшы, што выказвае асабістае меркаванне, а не пазіцыю BEROC.

Эксперт лічыць, што квоты “падтрымліваюць шавінізм”: іх наяўнасць сведчыць пра веру людзей у тое, што ва ўладзе іх можа прадстаўляць толькі чалавек з іх характарыстыкамі. Напрыклад, нібыта толькі жанчына можа адстойваць правы жанчын.

Больш за тое, квоты змагаюцца з праблемамі наверсе, але не там, дзе яны фармуюцца. Дапусцім, калі ў краіне няма жанчын-эканамістаў або інжынераў, варта не ўводзіць квоты для жанчын, а выдаткоўваць стыпендыі на іх навучанне ў ВНУ, прапануе Львоўскі.

А яшчэ квоты, на яго думку, — вельмі папулісцкая мера: “Той жа беларускі парламент, дзе высокая доля жанчын, гэта пацвярджае. Акрамя таго, калі жанчына прыходзіць праз квоты на нейкую пасаду, ёй яшчэ трэба даказаць, што яна гэта заслужыла. Лепшы спосаб барацьбы з праблемай — аналіз яе вытокаў, а не барацьба з наступствамі. Пазітыўная матывацыя адной групы можа існаваць без дыскрымінацыі іншай: субсідыі замест квот, прапаганда замест насаджэння каштоўнасцяў”.

Аднак ніколі не ведаеш, хто апынецца добрым палітыкам, таму для КР квоты могуць саслужыць і добрую службу, адзначыў Львоўскі.

На яго думку, дасведчаныя палітыкі-жанчыны пройдуць у КР і без квот. Аднак туды трапяць і новаспечаныя палітыкі, для якіх КР стане “пясочніцай, што будзе пастаўляць кадры для новай Беларусі”.

Чым больш атрымаецца прыцягнуць жанчын на першапачатковым этапе, тым больш значная іх колькасць стане спелымі палітыкамі ў будучыні, упэўнены Львоўскі.

Падзяліцца: