Мінск 06:34

Ваенная палітыка Лукашэнкі не вядзе да канкрэтнай эскалацыі, лічыць эксперт

Архіўнае фота: "Позірк"

Красавік і пачатак траўня атрымаліся насычанымі не толькі на палітычныя заявы афіцыйнага Мінска пра падрыхтоўку да абароны і ўзмацненне рубяжоў ад гіпатэтычных агрэсіўных захадаў з боку Украіны і суседзяў з НАТО, якія, паводле слоў беларускіх ваенных чыноўнікаў, “рыюць акопы, каб абараняцца”.

Міністр абароны Віктар Хрэнін распавёў, што новая ваенная дактрына Беларусі адказвае, як дзейнічаць “у выніку эскалацыі”, а Украіна нанесла шэраг удараў па аб’ектах нафтаперапрацоўкі Расіі як у яе глыбіні, так і непадалёк ад межаў з Беларуссю.

Не засталося па-за ўвагай і атрыманне украінскай арміяй новых дальнабойных сродкаў паражэння, якія робяць дасягальнай амаль усю тэрыторыю Беларусі.

Нарэшце, Аляксандр Лукашэнка распарадзіўся правесці праверку носьбітаў тактычнай (у афіцыйных рэлізах яе пачалі называць “нестратэгічнай”) ядзернай зброі і пагадзіўся на прапанову (загад?) Уладзіміра Пуціна сінхранізаваць вучэнні.

5 траўня італьянскае выданне La Repubblica распавяло, якія “лініі” НАТО будзе лічыць “чырвонымі”, пасля перасячэння якіх альянс можа далучыцца да вайны на баку Украіны. У якасці адной з такіх ліній названы ўдзел Беларусі на баку Расіі.

“Позірк” распытаў палітолага, спецыяліста ў пытаннях нацыянальнай бяспекі Аляксандра Казака, як рэагаваць на насычаны мілітарысцкі парадак дня і чаго чакаць ад агрэсіўнай рыторыкі Мінска.

“Гэта такі маленькі сігнал: глядзіце, не рыпайцеся, мы ўсё бачым і гатовыя!”

Архіўнае фота: "Позірк"

— Украіна абрала ў якасці мэтаў для сваіх дронаў і ракет нафтаперапрацоўчую структуру на тэрыторыі Расіі, у тым ліку ў памежжы з Беларуссю, і лічыць гэтыя аб’екты законнымі мэтамі для ўдараў. Ці могуць беларускія аб’екты таксама стаць мішэнямі?

— На дадзены момант звестак або прадвеснікаў таго, што Украіна можа нанесці удар ці абстраляць нафтаперепрацоўчую інфраструктуру і заводы Беларусі, вельмі мала. Лічу гэта малаверагодным, таму што рэжым Аляксандра Лукашэнкі вядзе палітыку не столькі кінетычную, колькі паказальную. Яна не вядзе да канкрэтнай эскалацыі. Тым больш, Беларусь выдатна разумее, што сіла на баку Украіны.

Мы можам пагадзіцца з папярэджаннем рэжыму, маўляў, у выпадку абстрэлаў “адкажам”. Добра, няхай будзе, як ён кажа. Нават можам дапусціць, што будзе абстрэл, але якія наступствы — іншае пытанне. Думаю, Лукашэнка разумее, што ўдары, падобныя на тыя, якія Украіна наносіць па Расіі, могуць цалкам паралізаваць эканоміку і крытычную інфраструктуру Беларусі, а гэта пагражае калапсам.

Не варта забываць, што праз усе гэтыя сістэмы Расія перадае Беларусі сыравіну для пераапрацоўкі. Цалкам верагодна, што ёсць нейкая дамоўленасць паміж Кіевам і Мінскам пра неўвядзенне войскаў нават пад пагрозай абстрэлу ці нейкага іншага абмену ўдарамі.

“Усе краіны вельмі сур’ёзна ставяцца да абароны, бачачы ў Расіі апраўданую пагрозу”

Расійскі стратэгічны бамбардзіроўшчык Ту-160 на авіяцыйным парадзе ў небе над Мінскам
Архіўнае фота: "Позірк"

— Рускія ракеты 27 красавіка нібыта праляцелі над тэрыторыяй Беларусі. Ці можа Украіна збіваць ракеты і іх носьбіты ў паветранай прасторы Беларусі?

— Перадусім гэта пытанне да Украіны. Як яна вырашыць, ці збіваць, ці не. Калі і ёсць нейкія планы, яны сакрэтныя і не афішуюцца. Але адносна пралёту ракет варта ўзгадаць, што гэта не быў пуск з тэрыторыі Беларусі, яны па датычнай праляцелі над беларускай тэрыторыяй.

Вельмі важна разумець, што траекторыя палёту ракеты не закладаецца з борта самалёта. Яна праграмуецца на аэрадроме, таксама можна дапусціць і фактар памылкі. Лічу, што у гэтай сітуацыі не трэба нацягваць саву на глобус. Менавіта той чалавек, які ціснуў у самалёце кнопку “пуск”, мог не ведаць, куды ўлучыць і па якой траекторыі пойдзе тая ракета. Звычайна так яно і працуе ў 99% выпадкаў.

— Краіны НАТО дазволілі Украіне выкарыстоўваць супраць Расіі дальнабойныя сродкі паражэння, і ўкраінскія СМІ адразу ж адгукнуліся мапай, згодна з якой цяпер ракеты здольныя ўразіць усю тэрыторыю Беларусі. Наколькі сур’ёзна гэта варта ўспрымаць?

— Гэта вельмі сур’ёзна трэба ўспрымаць і таксама разглядаць у кантэксце збітага стратэгічнага бамбардзіроўшчыка (Ту-22М3) і Іл-76. Запускаліся гэтыя сродкі паражэння з тэрыторыі Украіны і падалі на расійскім баку. Гэтая адлегласць зноў жа пакрывае і перакрывае Беларусь. Таксама варта памятаць, што вайна ідзе не толькі на полі, але і ў інфапрасторы, і гэта такі маленькі сігнал: глядзіце, ня рыпайцеся, мы ўсё бачым і гатовыя!

— 25 красавіка міністр абароны Віктар Хрэнін заявіў, што ў ваеннай дактрыне Беларусі прапісана стаўленне да эскалацыі з боку НАТО і выкарыстання ядзернай зброі. Як ставіцца да гэтай заявы?

Архіўнае фота: "Позірк"

— Калі глядзець на сітуацыю бесстаронне, то падобныя заявы — нармальная рэакцыя на тое, што адбываецца.

Тое, што ў Беларусі распрацоўваюць гэтыя дактрыны і робяць такія заявы, — пэўны паказчык і для Расіі: мы, маўляў, таксама дзейнічаем, мы ангажаваныя, у нас адбываюцца пэўныя змены, каб у тым ліку праявіць сябе. Гэта разменная карта ў вельмі вялікай зацікаўленасці Расіі, каб заангажаваць Беларусь ў вайну з Украінай непасрэдна, а не толькі інфраструктурна.

Таму Лукашэнка заўсёды можа сказаць: глядзіце, мы трактуем гэтыя пагрозы вельмі сур’ёзна, змяняем канцэпцыі, распрацоўваем правілы ўжывання ядзернай зброі, акрэсліваем ўмовы гульні.

У тэорыі бяспекі ёсць істотная рэч пад назвай “дылема бяспекі”, якая вельмі спрошчана кажа: калі мой сусед будуе свой вайсковы патэнцыял, то я таксама будую свой. А мой сусед бачыць, што я будую, і будуе шчэ больш. І гэта ўсё раскручваецца і павялічваецца.

Таму ў тых умовах, у якіх адбываецца вайна ва Украіне, усе краіны вельмі сур’ёзна ставяцца да абароны, бачачы ў асобе Расіі апраўданую пагрозу. Падобныя легіслатыўныя дзеянні абсалютна не з’яўляюцца нечым новым ці шакуючым прынамсі для экспертаў.

Гл. таксама:

Вільнюс і Варшава ўпісаныя ў каардынаты расійскай ТЯЗ, але перадумоў яе выкарыстання амаль няма — эксперт

Падзяліцца: