Мінск 04:40

Павел Слюнькін: Пратэсты ў Грузіі рэкордныя за ўсю гісторыю — як калісьці ў Беларусі

Павел Слюнькін
Фота: ECFR

Да апошніх падзей у Грузіі, звязаных з хваляй пратэстаў з нагоды абмеркавання і прыняцця ў парламенце закона аб “замежных агентах”, без перабольшання, прыкаваная ўвага ўсяго свету. Прэзідэнт Саламэ Зурабішвілі заявіла, што накладзе на закон вета, аднак у кіроўнай партыі “Грузінская мара” дастаткова галасоў для яго пераадолення.

Аналітык Еўрапейскай рады па міжнародных стасунках (ECFR), былы беларускі дыпламат Павел Слюнькін у сваёй публікацыі ў сетцы “Х” (экс-“Твітар”) выказаў салідарнасць з народам Грузіі, адзначыўшы, што ў Беларусі ў 2020 годзе “саступілі бітву за перамены” і краіна ператварылася ў “велізарны канцлагер”.

“Позірк” пагутарыў са Слюнькіным пра апошнія падзеі ў Грузіі, а таксама пра магчымае падабенства цяперашняй сітуацыі ў краіне і падзей у Беларусі ў 2020 годзе.

“У Грузіі дагэтуль вельмі моцная грамадзянская супольнасьць”

— Ці прасочваецца паралель паміж цяперашнімі падзеямі ў Грузіі і тым, што адбывалася ў Беларусі, напрыклад, у 2020 годзе?

— Калі глядзець на шырокі кантэкст, на трэнды, то можна знайсці вельмі шмат падобнага ў тым, што адбываецца ў Грузіі цяпер і ў апошнія гады, з тым, што калісьці адбывалася ў Беларусі.

З іншага боку, калі паглыбіцца ў дэталі, то будзе відавочна, наколькі ўсё ж такі гэта розныя падзеі на розных гістарычных этапах, наколькі сітуацыя ў дзвюх краінах розная. Таму штучна я б тут не спрабаваў нацягваць нейкія паралелі. З таго, што можна адзначыць агульнага ў апошнія гады: у грузінскім грамадстве ўзмацняецца палярызацыя.

Узмацняецца ў першую чаргу праз дзеянні ўладаў. Пры гэтым нельга сказаць, што ўлады сілай утрымліваюць краіну. Хутчэй яны паступова забіраюць прастору свабоды ў грамадзян, робяць гэта маленькімі крокамі, і апошнім часам усё больш рэзка, больш жорстка і больш актыўна, але пры гэтым у Грузіі дагэтуль вельмі моцная грамадзянская супольнасць.

Адна з акцый пратэсту ў цэнтры Тбілісі
Фота: "Позірк"

І гэты закон, які яны цяпер спрабуюць прыняць, уласна кажучы, і ёсць спроба гэту грамадзянскую супольнасць аслабіць і ўмацаваць статус цяперашняй кіруючай партыі, “Грузінскай мары” бізнэсмэна Бідзіны Іванішвілі, які, у прынцыпе, вядомы тым, што ў яго цесныя кантакты, бізнес-інтарэсы з Расіяй. Ён у свой час там працаваў на высокім узроўні.

Ну і грузінская знешняя і ўнутраная палітыка трансфармуецца пад уладай “Грузінскай мары”. Калі нават яе параўнаць з момантам яе прыходу да ўлады і цяперашнім, то відавочна, наколькі Грузія памянялася, наколькі памяняліся падыходы і рыторыка партыі.

Другі момант, які мне здаецца вельмі падобным: аўтарытарныя тэндэнцыі не вельмі сябруюць з праеўрапейскім, празаходнім вектарам краіны. І чым больш аўтарытарнымі станавіліся дзеянні ўладаў, тым больш антызаходнімі або скептычнымі ў адносінах да Захаду станавілася іх рыторыка. Адначасова больш стрыманымі яны станавіліся ў дачыненні да Расіі.

Нават калі паглядзець на апошнія заявы, скажам, спікера парламента Грузіі, то ён абвінавачвае галоўную апазіцыйную палітычную сілу ў тым, што яна атрымлівае фінансаванне ад Еўрапейскага фонду за дэмакратыю, the European Endowment for Democracy, і кажа, што гэта замежнае фінансаванне накіравана на дэстабілізацыю краіны, на падрыў палітычнай стабільнасці, палітычнага курсу. Крытыкуе еўрапейскіх палітыкаў за нібыта ўмяшанне ва ўнутраныя справы. І такіх паралеляў можна шмат правесці.

Трэці момант: як эскалюе сітуацыя ў краіне ў апошнія некалькі тыдняў. Пратэсты працягваюцца, і дзеянні паліцыі вельмі моцна адрозніваюцца ад таго, што яна магла дазволіць сабе раней. Яна даволі-такі адкрыта, прычым на вачах журналістаў, можа збіваць актывістаў. Часам гэта робяць употай, часам у дварах. Апаненты абвінавачваюць улады ў тым, што яна плаціць “цітушкам”, якія вылоўліваюць актывістаў па раёнах, збіваюць, запалохваюць, каб збіць народную хвалю. Была кампанія па тэлефанаванні і пагрозах публічным і палітычна актыўным людзям з замежных нумароў.

Пакуль, як здаецца, ва ўладаў не атрымліваецца. Хутчэй наадварот, гэта правакуе рэакцыю ў адказ.

Яшчэ адзін пункт, які, як мне здаецца, важна адзначыць: на пратэсты ў першую чаргу выходзіць моладзь. Гэта найбольш прадэмакратычна, праеўрапейскі настроеная частка грамадства. Яе вельмі шмат. Пратэсты ў Грузіі цяпер рэкордныя за ўсю гісторыю — як і ў выпадку з Беларуссю ў 2020 годзе. Некаторыя нават называюць адсотак: у Тбілісі — 15% насельніцтва выйшла пратэставаць. Але гэта ўсё роўна не большасць грузінскага грамадства, у” Грузінскай мары ” захоўваецца даволі шырокая падтрымка.

Пры гэтым па самім пытанні, па законе аб замежных агентах, або аб “празрыстасці замежнага ўплыву”, як ён афіцыйна называецца, падтрымкі, паводле апытанняў, у грамадстве няма. Ад 60% да 80% лічаць, што гэты закон Грузіі не патрэбны. І большасць насельніцтва выступае за працяг курсу на еўраатлантычную інтэграцыю. Што цяперашнія ўлады не могуць выканаць. Іх палітыка, унутраная ў першую чаргу, але і знешняя таксама, уласна, і падрывае гэты курс, які калісьці з’яўляўся кансалідуючым для ўсёй краіны. Гэта значыць, там розныя палітычныя сілы былі, але ключавыя апаненты, партыя былога прэзідэнта Міхаіла Саакашвілі “Адзіны нацыянальны рух” і “Грузінская мара”, абвінавачвалі адзін аднаго ў тым, што яны прарасійскія, і кожная казала, што толькі яна адзіная праеўрапейскі, празаходне настроеная.

Пост падтрымкі грузінскаму народу ад Паўла Слюнькіна
Скрыншот: "Позірк"

“На коне — дэмакратычная будучыня Грузіі”

— Што рызыкуе страціць Грузія?

— Цяпер становіцца відавочна, што “Грузінская мара” робіць усё, каб падрываць еўрапейскую перспектыву для краіны. Нягледзячы на тое, што яна пасля падпісання пагаднення аб асацыяцыі з Еўрасаюзам мае бязвізавы рэжым з усімі краінамі Шэнгенскага пагаднення і ЕС (акрамя Ірландыі), удзельнічаюць у шэрагу праграм Еўрасаюза і 14 снежня 2023 года атрымала статус афіцыйнага кандыдата на ўступленне ў ЕС, усё гэта цяпер знаходзіцца пад пагрозай, пад пытаннем. Толькі таму, што ўлады хочуць прыняць гэты закон. І зразумела, улічваючы праеўрапейскія настроі грамадства, гэта выклікае пытанні ў даволі шырокіх слаёў насельніцтва. У Грузіі сёлета маюць адбыцца парламенцкія выбары, і многія лічаць, што гэты закон патрэбны “Грузінскай мары” як раз дзеля таго, каб захаваць свае лідзіруючыя або, магчыма, кантралюючыя пазіцыі ў парламенце, забраўшы магчымасці ў апанентаў рэальна супернічаць.

На коне стаіць вельмі многае. Магчыма — дэмакратычная будучыня Грузіі. Магчыма — сіла апазіцыі, якая будзе ўсё больш маргіналізавацца праз такое заканадаўства. Альбо, калі пратэсту ўдасца чагосьці дамагчыся, а ўладам давядзецца адступіць, магчыма, на выбарах “Мара” не даб’ецца жаданага ці нават страціць.

Пры гэтым важна адзначыць, што спроба правесці гэты закон не першая, яны ўжо гэта рабілі летась, але ім гэта не ўдалося. Таксама былі пратэсты, і ініцыятары закона ў апошні момант саступілі і паабяцалі, што не будуць спрабаваць праводзіць гэты закон яшчэ раз. Але, як бачым, яны падманулі грамадства, і гэта, натуральна, яшчэ больш раззлавала іх замежных партнёраў і ўласнае насельніцтва.

Казаць пра будучыню складана. Відавочна, што знешнепалітычны курс “Грузінскай мары” ссоўваецца ў бок балансавання. Калі раней яна была праеўрапейская, праамерыканскі настроеная, то цяпер яна балансуе, і часта бачны ўхіл у змякчэнне рыторыкі ў дачыненні да Расіі. Лідары партыі тлумачаць гэта нежаданнем правакаваць Маскву, каб Грузію не ўцягнулі ў расійска-ўкраінскую вайну. І тут яны абапіраюцца на большасць грамадства. Паводле апытанняў, грузінскае грамадства баіцца, што краіна будзе больш уцягнутая ў канфлікт. Таму ўлады выкарыстоўваюць боязь вайны ў барацьбе з апанентамі, сцвярджаючы, што тыя як раз і спрабуюць уцягнуць Грузію ў вайну. І нядаўна Іванішвілі сказаў, што “глабальная партыя вайны” — ужо маючы на ўвазе не ўнутраныя, а міжнародныя сілы, — спрабуе туды ўцягнуць краіну. Што таксама даволі сімптаматычна і, напэўна, нагадвае заявы некаторых беларускіх палітыкаў.

Адна з удзельніц акцыі пратэсту спрабуе ўступіць у дыялог з паліцыяй, якая ахоўвае парламент
Фота: "Позірк"

“Кульмінацыяй могуць стаць парламенцкія выбары”

— Хто ў выніку, на вашу думку, пераможа ў Грузіі: народ ці ўлада?

— Я б не стаў тут казаць пра перамогу народа ці ўладаў. Проста таму, што гэта трошкі спрошчанае разуменне. Грузінскі народ, як я казаў, палярызаваны, і даволі вялікая яго частка падтрымлівае дзеянні ўладаў. Сёння (размова адбылася ўвечары 17 траўня. — “Позірк”.) у іх як раз было шэсце ў падтрымку” традыцыйных каштоўнасцяў”, сям’і (т. зв. Дзень святасці сям’і, заснаваны 17 траўня 2013 года Грузінскай праваслаўнай царквой у адказ на акцыю супраць гамафобіі, якую брутальна разагналі праваслаўныя радыкалы і святары; сёлета ўпершыню быў абвешчаны выходным. — “Позірк”.). Сабралася даволі вялікая колькасць людзей, прычым па ўласным жаданні, а не як на праўрадавыя маршы, куды яны звозяць аўтобусамі (яшчэ адна паралель з Беларуссю). Яны адпрэчваюць еўрапейскія каштоўнасці, якія тычацца правоў сэксуальных меншасцяў, розных відаў сям’і. У Грузіі грамадства даволі кансалідаванае вакол традыцыйнага разумення хрысціянскай сям’і ці традыцыйнай сям’і. На гэтым “Грузінская мара” таксама гуляе.

Чаму яшчэ нельга ставіць пытанне пра перамогу ўладаў ці народа? Хутчэй за ўсё, вырашацца гэта будзе не рэвалюцыйным шляхам. Мне цяжка ўявіць, як народ зможа зрынуць цяперашнюю ўладу. Адступіць пакуль не можа ні адзін з бакоў.

У “Грузінскай мары” ёсць і ўнутраны рэсурс, і Расія, якая стаіць за спінай і відавочна будзе ёй дапамагаць.

Хутчэй за ўсё, кульмінацыяй гэтай барацьбы, калі яна працягнецца, калі ў грузінскага грамадства застануцца сілы пратрымацца, будуць выбары ў кастрычніку. Але, магчыма, і пасля выбараў будзе абвастрэнне, таму што адзін бок — улады — будзе казаць пра перамогу, а другі — не прызнаваць легітымнасць вынікаў. Што адбываецца ў Грузіі шмат гадоў. Папярэднія парламенцкія выбары не былі выключэннем.

Карацей кажучы, гэта такая доўгайграючая песня, карціна, але відавочны трэнд на выпустошванне ўсіх дэмакратычных інстытутаў, і незразумела, якім чынам гэты працэс спыніць. Уласна, цяпер грузінскае грамадства спрабуе гэта зрабіць. Галоўным фронтам барацьбы будуць выбары. Іншых варыянтаў я не бачу.

Падзяліцца: