Мінск 17:23

Затрыманы ў адзін дзень з Ціханоўскім Фурманаў: Ізаляцыя ў зняволенні — гэта катаванні

Дзмітрый Фурманаў з жонкай Вольгай
Фота з асабістага архіва сям'і

Дзмітрыя Фурманава, члена ініцыятыўнай групы па вылучэнні Святланы Ціханоўскай кандыдатам на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года, затрымалі ў Гродне ў адзін дзень з відэаблогерам Сяргеем Ціханоўскім — 29 траўня таго ж года. Мужчыну, які збіраў подпісы, занеслі ў аўтазак проста з крэслам, на якім ён сядзеў. Фурманаў сутыкнуўся са збіццём, прайшоў праз штрафны ізалятар, абвяшчаў галадоўку. Пакінуў радзіму, у траўні 2024 года разам з жонкай Вольгай адкрыў у Вільнюсе творчую прастору і краму беларускіх сувеніраў “Кропка“. Пра ўсё гэта — у інтэрв’ю “Позірку”.

20 траўня 2021 года Дзмітрыя Фурманава асудзілі на 2 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму паводле ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх).

21 кастрычніка 2021 года палітвязень выйшаў на волю з калоніі №3 (пасёлак Віцьба, Віцебскі раён). Неўзабаве з’ехаў з Беларусі.

У красавіку 2024 года Камітэт па правах чалавека ААН зарэгістраваў індывідуальны зварот Фурманава супраць Беларусі.

— За чатыры гады вашае жыццё змянілася да непазнавальнасці. Вы пабраліся шлюбам, атрымалі ў Літве міжнародную абарону. Цяпер яшчэ і сталі прадпрымальнікам. 29 траўня для вас па-ранейшаму асаблівы дзень?

— У гэты дзень я ўзгадваю, што мяне выкралі, як і многіх іншых. Думаю, пра тое, што дагэтуль велізарная колькасць людзей за кратамі, і ўсё.

Што да падзей апошніх чатырох гадоў, то яны мяне здзіўляюць. Такога я сабе ўявіць у 2019-м дакладна не мог. Калі я выйшаў з калоніі, амаль адразу з’ехаў у Кіеў, потым у Вільнюс, дзе ўжо жыла Вольга, якая мяне чакала. Мы пабраліся шлюбам, падаліся на міжнародную абарону, вывучалі літоўскую мову, удзельнічалі ў праграме інтэграцыі і атрымлівалі дапамогу ад Літвы. Калі ў нас з’явілася абарона і мы ўжо мелі права працаваць, я паспрабаваў увайсці і ў ІТ яшчэ раз. Першая спроба была ў Беларусі напярэдадні выбараў, калі я звольніўся з дзяржпрадпрыемства, дзе амаль 10 год працаваў вядучым інжынерам. Абодва разы былі не вельмі ўдалымі. Аднак навучанне я прайшоў і цяпер выкарыстоўваю свае веды ў суправаджэнні сайта ініцыятывы “Вольныя”, якая дапамагае палітвязням, што вызваліліся. Паралельна я скончыў курсы “Правай ініцыятывы” па праваабарончай дзейнасці, праходзіў стажыроўку ў “Вясне”.

Я па-ранейшаму працую ў службе дастаўкі, гэта добра тым, што да працы можна падлучыцца ў любы вольны час.

Фота: старонка "Кропкі" ў "Інстаграме"

І нарэшце, трэцяя праца — наш з Воляй сямейны праект “Кропка”. Мы бачылі, што маецца запыт на краму беларускіх сувеніраў, і вырашылі паспрабаваць. Да нас адразу прыйшлі майстры, якія жывуць у Вільнюсе. І яны казалі, што ім не хапае месца, дзе можна прадаваць сваю прадукцыю. Мы таксама маем памяшканне побач з крамай, дзе можна праводзіць розныя мерапрыемствы.

— Беларуская тэма вас не адпускае?

— Гэта вельмі складана. Мы з Воляй прайшлі праграму інтэграцыі, але ці можна сказаць, што мы інтэграваліся, не ведаю. Мы ведаем літоўскую, паводле сертыфіката, на ўзроўні А2. Але ў Вільнюсе без літоўскай можна жыць. Людзі ў большасці сваёй ведаюць англійскую або рускую і вельмі добра рэагуюць на некалькі фраз на літоўскай. Так што мову мала выкарыстоўваем.

Мы цікавімся тым, што адбываецца ў Літве і ў краінах-суседках, вядома. Але нам баліць Беларусь. Нам важная беларуская тэма. Мы спадзяемся, што вернемся ў Беларусь праз некаторы час і хочам, каб гэта было як мага хутчэй.

— Давайце вернемся ў 2020 год. Вы лічыце, што займаліся тады палітыкай?

— Не. Гэта была не палітыка. Збіраць подпісы за кандыдата, як рабіў я, мог любы чалавек. Для гэтага не патрэбныя ні палітычны досвед, ані нейкія веды, звязаныя з палітыкай.

Я ўсяго толькі хацеў, каб у нас зьявілася магчымасьць выбіраць кіраўніцтва краіны.

Яны мяне затрымалі і пасадзілі, нягледзячы на тое, што я цалкам выконваў усе патрабаванні Цэнтрвыбаркама для збору подпісаў. Напрыклад, у траўні мы былі ў пальчатках і масках на вуліцы (электаральная кампанія праводзілася ў разгар пандэміі COVID-19. — “Позірк”.). Я не парушаў закон. Зыходзячы з гэтага, мне і шкадаваць няма пра што.

— Паколькі вас затрымалі да масавых пратэстаў, вы не бачылі, што адбывалася ў Беларусі ў жніўні. Якая інфармацыя даходзіла да вас?

— Трэба разумець, што за кратамі людзі інфармацыю маюць. У цэлым там усё зразумела і вядома, але праблема з дэталямі і з часам, калі навіны прыходзяць. Гэта адбываецца з вялікім спазненнем. На волі нешта ўжо не актуальнае, а за кратамі адчуваецца як нешта, што знаходзіцца на піку грамадскага парадку дня. Вядома, зараз сітуацыя пагоршылася, асабліва, калі мы кажам пра [рэжым] інкамунікада (інфармацыйная ізаляцыя зняволеных. — “Позірк”.).

— Вы прайшлі праз штрафны ізалятар. Па сутнасці, гэта таксама інкамунікада?

— Калі сядзеў я, не было сістэмы, пры якой адных людзей ізалявалі ад іншых і забаранялі зносіны.

Ізаляцыя, якая, безумоўна, з’яўляецца адной з форм катаванняў, адбывалася ў штрафным ізалятары.

Там я правёў апошнія 50 дзён зняволення. Магу з упэўненасцю сказаць, што гэта вельмі складана, калі знаходзішся заўсёды адзін і не можаш ні з кім паразмаўляць, выйсці на свежае паветра. Увесь час сядзіш у халоднай бетоннай скрыні, атрымліваеш недастатковую колькасць ежы. Калі не звар’яцееш, наступствы ўсё адно будуць, нават калі адразу гэта не ўсведамляеш. Напрыклад, я дагэтуль не зачыняю дзверы на ключ, калі знаходжуся ўнутры памяшкання.

Правілы нашай пенітэнцыярнай сістэмы па ізаляцыі зняволеных не адпавядаюць міжнародным нормам, гэта катаванні.

Дзмітрый Фурманаў у дзень вызвалення, 21 кастрычніка 2021 года
Фота: "Радыё Свабода"

— Мы нічога не ведаем, пра тое, што адбываецца з Сяргеем Ціханоўскім, ужо больш за 440 дзён, але той факт, што ён ува інкамунікада, ужо азначае, што ён знаходзіцца ў цяжкіх умовах?

— Гэта катаванні, за якія тыя, хто ў іх удзельнічае, абавязаныя панесці пакаранне.

— Вы добра ведалі Ціханоўскага?

— Цяпер я яго ведаю лепш, чым перад тым, як мяне затрымалі. Шмат чытаў і глядзеў ужо пасля вызвалення. Мы пазнаёміліся напрыканцы 2019 года праз сацыяльныя сеткі. Некалькі разоў сустракаліся ў 2020 годзе. Дагэтуль у інтэрнэце можна знайсці відэа, на якім зняты наш з Ціханоўскім і яго камандай шпацыр па Гродне ў лютым 2020 года. Я ім распавядаў пра горад і яго праблемы. Потым была другая сустрэча ў красавіку. Пасля мы ездзілі збіраць подпісы па гарадах. Мы з Ціханоўскім не размаўлялі па душах, мы займаліся працай. Ён зрабіў на мяне ўражанне энергічнага камунікабельнага чалавека, нядрэннага аратара.

— Найноўшая гісторыя Беларусі без Сяргея Ціханоўскага была б іншай. Святлана Ціханоўская, якая зараз з’яўляецца голасам дэмакратычных сіл за мяжой, апынулася там, дзе яна ёсць, шмат у чым праз падзеі 29 траўня 2020 года, гэта значыць праз арышт мужа. Вы згодныя?

— Людзі, якія ўдзельнічалі ў той ці іншай форме ў падзеях 2020 года, адстойванні права беларусаў на свабодныя і сумленныя выбары, ужо ўвайшлі ў гісторыю Беларусі.

Час усё расставіць на свае месцы. Цяпер дзякаваць некаму ці, наадварот, крытыкаваць яшчэ рана. Гэта найноўшая гісторыя, мы яе ўдзельнікі, і даць ацэнку нашым дзеянням складана. Аднак мы можам канстатаваць, што рэпрэсіі ў Беларусі толькі нарастаюць, людзей катуюць і забіваюць.

— Гэта значыць, мы заплацілі занадта вялікую цану за спробу абараніць сваё права на сумленныя выбары?

— Рэжым забівае людзей. Факты такія, што людзей трымаюць за кратамі, іх забіваюць, і мы не перамаглі. Не хацелася б, каб колькасць ахвяр павялічвалася. Аднак сказаць, што людзі не мусілі ў 2020 годзе адстойваць сваё права на выбар, азначае падвергнуцца стакгольмскаму сіндрому.

— Якая ваша пазіцыя ў пытанні вызвалення палітвязняў?

— Для мяне жыццё кожнага чалавека святое.

Я выступаю за вызваленне з разуменнем таго, што за гэта маецца цана. Каб зразумець, якая гэта цана, трэба ісці на перамовы з рэжымам.

Каб Лукашэнка пайшоў на перамовы, неабходна стварыць такія ўмовы, пры якіх ён будзе вымушаны гэта рабіць. Не ўдаючыся ў дэталі, маюцца магчымасці зрабіць так, каб Лукашэнку стала некамфортна жыць.

Я не згодны з радыкаламі, якія кажуць, што з Лукашэнкам не варта размаўляць, бо ён тэрарыст. З тэрарыстамі размаўляюць для выратавання жыццяў. І казаць, што мы не будзем размаўляць з беларускім рэжымам, а знішчым яго, — гэта тое самае, што зараз Лукашэнка робіць з беларусамі. Трэба дамаўляцца дзеля вызвалення палітвязняў.

Акцыя салідарнасці з беларускімі палітвязнямі (21 траўня 2023 года, Вільнюс)
Архіўнае фота: "Позірк"

Няма ўніверсальнага адказу на пытанне, як весці перамовы па гэтым пытанні, але толькі шляхам спробаў і памылак, якія прызнаеш і спрабуеш выправіць, можна ісці наперад. Гэта праблема, калі палітыкі робяць сваю працу, не прызнаючы памылак.

— Многія звязваюць надзеі ў гэтым пытанні са Святланай Ціханоўскай, але не падобна, што яны апраўдваюцца.

— Я не працаваў з Ціханоўскай, калі не лічыць збор подпісаў. І я не ведаю, якую карысць прынясе тое, што зараз робіць Святлана Ціханоўская. Магу сказаць толькі, што любая сям’я, дзе ёсць палітвязень, мае сваю драматычную гісторыю, сям’я Святланы Ціханоўскай у тым ліку.

Мы дзякуем, што яна была на нашым вяселлі, прыйшоўшы, як і іншыя госці на запрашэнне, якое мы размясцілі ў сацыяльных сетках. Калі мы яшчэ сустракаліся некалькі разоў, яна заўсёды пыталася, ці ўсё ў нас у парадку. У нас усё добра, што я яшчэ магу адказаць. Мы ў бяспецы, разам, мы маем працу.

Падзяліцца: