Мінск 23:48

Радзіма чуе, Радзіма ведае? Як польскія чыноўнікі падзяліліся звесткамі беларусаў пад абаронай

Рынкавая плошча ў Варшаве
Фота: "Позірк"

У сярэдзіне красавіка няўрадавая арганізацыя Цэнтр беларускай салідарнасці (ЦБС), якая базуецца ў Польшчы, паведаміла, што мясцовыя органы ўлады перадавалі ў амбасаду Беларусі звесткі пра палітэмігрантаў, якія знаходзяцца ў краіне пад міжнароднай абаронай. Пры гэтым у арганізацыі ўдакладнілі, што ўцечкі “не мелі сістэмнага характару” і здарыліся “ў сілу няведання закона асобнымі чыноўнікамі”.

16 красавіка ЦБС апублікаваў звесткі аб уцечцы персанальных звестак палітэмігрантаў. Калі стала вядома пра некалькі падобных выпадкаў, арганізацыя пачала збіраць гісторыі і доказы фактаў перадачы даных, пасля чаго звярнулася ў дзяржаўныя органы Польшчы.

“Позірк” высветліў, з якой прычыны звесткі беларусаў, якія знаходзяцца пад міжнароднай абаронай, трапілі да беларускіх уладаў, наколькі масавай была перадача інфармацыі, і пагутарыў з тымі, чыя бяспека апынулася пад пагрозай у выніку дзеянняў польскіх чыноўнікаў.

“Была ўпэўненая, што супрацоўніца ведае закон лепш за мяне”

Варшава
Фота: "Позірк"

Адзін з выпадкаў здарыўся з беларускай Таццянай (імя змененае) яшчэ ў 2022 годзе, калі яна вырашыла памяняць пасведчанне кіроўцы ў раённай адміністрацыі (“ужонд”, як называюць яго эмігранты. — “Позірк”.) у Варшаве.

“На той момант у мяне яшчэ была гуманітарная віза, — кажа суразмоўца. — Я падала дакументы, але мяне сталі адпраўляць у амбасаду па даведку аб наяўнасці правоў кіроўцы. Я спрабавала растлумачыць супрацоўніцы ужонда, што не магу туды пайсці, бо лічу гэта небяспечным”.

Чыноўніца адказала, што гуманітарная віза “не ўплывае ні на што і ў любым выпадку ўжо будзе рабіць запыт”, а калі жанчына не звернецца ў амбасаду сама, гэта зробіць адміністрацыя, “але ўсё будзе даўжэй вырашацца”.

“Натуральна, я ў той момант паверыла супрацоўніцы, таму што была ўпэўненая: яна ведае закон лепш за мяне”, — успамінае Таццяна.

Яна адмовілася звяртацца ў амбасаду самастойна, але пагадзілася, што запыт зробіць адміністрацыйны орган у межах сваёй кампетэнцыі. Працэс зацягнуўся на чатыры месяцы, паколькі амбасада не рэагавала на звароты раённай адміністрацыі.

У выніку беларуска пракансультавалася з Упраўленнем у справах замежнікаў, дзе ёй паведамілі, што ніякія дакументы і запыты ў дачыненні да ўладальнікаў гуманітарных віз і дадатковай абароны “не павінны перадавацца ў краіну, з якой чалавек уцёк, або ў яе прадстаўніцтва”.

“Пасля гэтага я напісала ліст у ужонд з довадамі Упраўлення па справах замежнікаў, на што мне адказалі: прынясіце сваю гуманітарную візу, якая да таго моманту скончылася, — кажа Таццяна. — Натуральна, я спытала, чаму ў мяне просяць візу цяпер, калі яна скончылася, а калі яна была, сцвярджалі, што яе наяўнасць не мае значэння. Таксама я паказала, што насуперак закону звесткі аб месцы майго знаходжання выдалі дзяржорганам Беларусі”.

Таццяне нічога не адказалі, але “літаральна праз чатыры дні” паведамілі, што яна можа забіраць свае правы.

Пазней з ідэнтычнай сітуацыяй сутыкнуўся яе муж, які меў дадатковую абарону.

“І тая ж самая працаўніца ўжонда яму сказала, што патрэбная даведка з амбасады. Калі я зноў усё патлумачыла, у нас неахвотна прынялі дакументы, правы таксама прыйшлі праз некалькі дзён”, — падсумавала суразмоўніца.

Таццяна звярнулася ў ЦБС пасля таго, як яны з мужам “убачылі навіну ў інтэрнэце”. Паводле яе слоў, нямала беларусаў у тэматычных чатах пісалі, што сутыкнуліся з падобнымі праблемамі, але не падавалі дакументы, баючыся перадачы асабістых даных у амбасаду.

“Мне ўвогуле не хацелася нагадваць пра сябе беларускім уладам”

Прэзідэнцкі палац у Варшаве
Фота: "Позірк"

Наталля (імя змененае) сутыкнулася з перадачай персанальных даных зусім нядаўна.

“Пражыўшы некаторы час у Польшчы, я звярнулася ва ўжонд, да якога стаўлюся па прапісцы, для замены правоў кіроўцы. Двойчы мне адмаўлялі: у адной графе стаіць піктаграма “тэрмін медыцынскага пераагляду скарочаны”, таму што ў Польшчы няма адпаведнасці гэтаму пазначэнню. У выніку я звярнулася ў Міністэрства інфраструктуры, дзе мне далі адпіску на трох лістах у выглядзе выпіскі з закона”, — кажа палітэмігрантка.

Пасля гэтага жанчына вырашыла звярнуцца ў адміністрацыю прэзідэнта Варшавы, дзе ёй хутка адказалі, што ў яе абавязаныя прыняць дакументы.

Там Наталлі “прагаварылі алгарытм дзеянняў і сказалі, што звернуцца ў амбасаду Беларусі”.

“Я ўдакладніла, што ў мяне міжнародная абарона, — кажа суразмоўца, — на што мне адказалі: так, вядома, мы не будзем звяртацца, — і паабяцалі патэлефанаваць ва ўжонд. Там у мяне адразу прынялі дакументы”.

Праз месяц жанчына вырашыла даведацца пра іх статус у раённай адміністрацыі, але ёй адказалі, што “для высвятлення медыцынскіх абмежаванняў ужонд накіраваў запыт у амбасаду Беларусі”.

“Я асалапела, бо ў дакументах, якія даюць міжнародную абарону, выразна сказана: калі з нашага боку будзе спроба кантакту з амбасадай альбо выезду з краіны, нас пазбавяць статусу дадатковай абароны”, — здзіўляецца Наталля. Яна не збіралася ехаць у Беларусь, хоць там засталіся сваякі. “Мне наогул не хацелася нагадваць пра сябе [беларускім] уладам”, — кажа суразмоўца.

Наталля знаходзіцца ў расстроенных пачуццях: “Наколькі ўдалося выдыхнуць і адчуць сябе ў бяспецы па прыездзе ў Польшчу, настолькі ж моцна я адчула разгубленасць і непрыемны асадак”.

“Гэта была лішняя інфармацыя, і я не хацела, каб яе атрымлівалі беларускія органы”, — кажа суразмоўца. Убачыўшы навіну пра тое, што даныя выцякаюць у амбасаду не толькі ў яе, жанчына вырашыла распавесці пра свой выпадак Цэнтру беларускай салідарнасці.

На момант падрыхтоўкі матэрыялу Наталля не ведала, як вырашыцца яе сітуацыя.

“Мясцовыя органы нячаста працуюць з замежнікамі і дапускаюць памылкі”

Палац культуры і навукі ў Варшаве
Фота: "Позірк"

Фактамі перадачы даных у Беларусь зацікавіліся афіцыйныя органы Польшчы. “Яны хочуць разабрацца, у чым справа, і папрасілі нас максімальна сабраць усе падрабязнасці, каб разбірацца разам і больш прадметна”, — паведаміў у каментары “Позірку” прэс-сакратар ЦБС Антон Жукаў.

Ён адзначыў, што арганізацыя бачыць “пэўную сістэмнасць” у фактах перадачы звестак, “такія памылкі дапускаюцца ў розных дзяржаўных органах, у розных гарадах”, аднак “выпадкі не носяць масавага характару”.

“Мы маем каля дзесяці пацверджаных выпадкаў. Гэта няшмат, але мы ўсё роўна хочам пазбегнуць падобных сітуацый у будучыні”, — падкрэсліў суразмоўца.

Паводле інфармацыі прадстаўніка ЦБС, спачатку быў адзінкавы выпадак, ім займаўся юрыст арганізацыі, але неўзабаве ў цэнтр сталі звяртацца іншыя беларусы, у якіх ва Упраўленні сацыяльнага страхавання пыталіся, ці можна перадаць іх асабістыя звесткі ў беларускія афіцыйныя органы для запыту.

“Была інфармацыя, што падобнае здараецца, але не было ні зваротаў, ні цвёрдых доказаў. А цяпер мы вырашылі задаць пытанне публічна, падаўшы канкрэтныя факты ў органы ўлады, і ўжо атрымалі дакументальнае пацверджанне”, — паведаміў Жукаў.

Аналізуючы прычыны таго, што адбылося, прадстаўнік цэнтра адзначыў зніжэнне дасведчанасці палякаў пра падзеі ў Беларусі. На ягоную думку, не варта спадзявацца, што мясцовыя чыноўнікі “шчыльна сочаць за інфармацыйным парадкам дня”.

Суразмоўца падкрэсліў, што праблема ўзнікае не ва ўпраўленні па справах замежнікаў, а менавіта на ўзроўні мясцовых органаў, якія нячаста працуюць з замежнікамі і дапускаюць падобныя памылкі.

Падзяліцца: