Мінск 04:37

“Нават на заводзе шрубкі розныя, што казаць пра дзецей”. Сузаснавальнік клуба “Волат” пра выхаванцаў у эміграцыі

Архіўнае фота на старонцы клуба "Волат" у "Фэйсбуку"

Паводле афіцыйных звестак, за апошні год у Беларусі стала менш амаль на 30 тыс. дзяцей. Шмат маладых грамадзян разам з бацькамі пакінула краіну пасля 2020 года, калі разгарнуліся маштабныя рэпрэсіі. Пра тое, як некаторым з іх жывецца ў эміграцыі, “Позірк” да Міжнароднага дня абароны дзяцей паразмаўляў з Віталём Ракам — сузаснавальнікам і галоўным трэнерам спартыўнага клуба “Волат”, які цяпер працуе ў Варшаве.

Паводле слоў суразмоўцы, у клубе займаюцца як дзеці і падлеткі, так і дарослыя. 80% — беларусы, але ёсць і палякі, украінцы, расіяне. Дзверы “Волата”, падкрэсліў Рак, адчыненыя для ўсіх, хто “падтрымлівае дэмакратычныя каштоўнасці, выступае супраць вайны”.

Раней клуб паспяхова працаваў у Беларусі, але пасля падзей 2020 года яго давялося зноўку адкрываць за мяжой.

“Цяпер складаней набіраць людзей, чым гэта было ў Беларусі, — адзначыў галоўны трэнер “Волата”. — Ды і прыходзяць кадры — яны розныя. У аснове іх цікавасці ляжыць аматарскі спорт, а не імкненне да спорту вышэйшых дасягненняў”.

Супольнасць аднадумцаў і сяброў

Паводле слоў Рака, дзеці па-рознаму пераносяць вымушаны ад’езд: “Нават на заводзе, дзе павінен быць стандарт, шрубкі часам бываюць рознымі, а што казаць пра дзяцей”.

Галоўны трэнер "Волата" Віталь Рак
Архіўнае фота на старонцы клуба ў "Фэйсбуку"

“Ёсць дзеці, якія перанеслі моцныя псіхатраўмы, калі ў іх дом урываліся “маскі-шоу” (экіпіяваныя сілавікі. —“Позірк”.), на іх вачах збівалі бацькоў, забіралі і саджалі на суткі. Ёсць тыя, хто ўцякаў з Беларусі з бацькамі, нелегальна перасякаючы мяжу. А ёсць тыя, хто ў дастаткова спакойным рэжыме пакідаў радзіму, таму што бацькі адчулі — яшчэ крыху і прыйдуць за імі”, — падзяліўся назіраннем суразмоўца.

Акрамя таго, паводле яго слоў, у Польшчы “многае залежыць ад таго, хто ў якую школу трапіў”. “Маюцца навучальныя ўстановы без праблем, дзе да ўсіх аднолькавае стаўленне. Але маюцца і тыя, дзе існуе сегрэгацыя, калі дзяцей дзеляць на палякаў і непалякаў. Адсюль і канфлікты ўзнікаюць, псіхалагічныя траўмы”, — падкрэсліў Рак.

Таму ў гэтым плане “Волат”, заявіў ён, не проста клуб з камфортнай атмасферай, а супольнасць, дзе можна знайсці аднадумцаў і новых сяброў. Галоўны трэнер адзначыў, што бачыць гэта “нават па сваіх уласных дзецях”.

Шмат дзяцей, сказаў Рак, аб’ядноўвае неабходнасць па-новаму будаваць сацыяльныя сувязі і сваё жыццё: “Таму, калі прыходзяць у клуб, ведаюць, што апынуліся сярод такіх жа, як яны”.

Паводле слоў галоўнага трэнера, у клубе асаблівая ўвага надаецца фізічнай падрыхтоўцы ў цэлым. Разам з тым, адзначыў ён, ідэя “Волата” заключаецца ў “гарманічным развіцці асобы, якое не можа рабіць ухіл толькі на спорт”. “Таму мы займаемся не толькі фізічнай, але і інтэлектуальнай падрыхтоўкай дзяцей. Акрамя гэтага прысутнічаюць вектары сацыялізацыі і матывацыі”, — патлумачыў сузаснавальнік клуба.

Шахматныя заняткі
Архіўнае фота на старонцы клуба ў "Фэйсбуку"

Такім чынам, дзеці займаюцца не толькі сілавымі адзінаборствамі, але таксама шахматамі. Дзеля гэтага ў клубе працуе прафесійны трэнер, дзеці рыхтуюцца ўдзельнічаць у спаборніцтвах на розных узроўнях.

“Расці, шырока гледзячы на навакольны свет”

Клуб, паводле слоў Рака, не спрабуе сілай прывіваць сваім выхаванцам пэўныя ідэалагічныя каштоўнасці.

“Я бачу гэты патрыятычны дэбілізм, які з дзецьмі адбываецца ў Беларусі, калі іх спрабуюць зацягнуць у нейкае мінулае “саўка”. Але гэта немагчыма. Людзі ўжо ментальна іншыя, яны не жывуць у бляшчанцы, кожны мае інтэрнэт”, — сказаў ён.

Сузаснавальнік клуба дапускае, што беларускія дзеці — тыя, хто быў вымушаны з’ехаць, і тыя, хто сёння жыве ў Беларусі, — будуць расці з “розным светаўспрыманнем”. У Беларусі — “толькі з тым, што ім дазваляе прапаганда”, за мяжой — “шырока гледзячы на навакольны свет”.

“Адныя будуць вымушаныя спяваць гімн і хадзіць пад чырвона-зялёным сцягам, а другія — у любы момант, калі будзе магчымасць у бацькоў, — сесці ў машыну і паехаць вандраваць па Еўропе”, — канстатаваў Рак.

У “Волаце”, адзначыў ён, нікога не прымушаюць размаўляць па-беларуску, аднак заўважна, што “рускамоўныя дзеці, якія прыйшлі ў клуб, з часам пераходзяць на беларускую мову зносін”.

“Зразумела, у клубе прысутнічае і нацыянальная беларуская сімволіка. Мы нікога не прымушаем стаяць па стойцы “смірна” ля бел-чырвона-белага сцяга ці герба “Пагоня”. Атмасфера сама прымушае людзей паважна ставіцца да гэтых сімвалаў. У планах усталяваць Дошку Герояў, на якой будуць партрэты загінулых падчас пратэстаў у Беларусі, у турмах пасля 2020-га і нашых ваяроў, якія аддалі жыцці падчас вайны ва Украіне”, — дадаў галоўны трэнер.

Падзяліцца: