Мінск 17:53

Леў Міхееў: У Арменіі разумеюць палітычны характар пераследу, у Грузіі —бяспраўе і прыніжэнне

Леў Міхееў каля будынка парламента Грузіі
Фота: асабісты архіў Льва Міхеева, адмыслова для "Позірку"

Беларускі палітуцякач Леў Міхееў цягам 12 гадзін быў затрыманы двойчы ў дзвюх краінах — спачатку ў Грузіі, дзе пяць гадоў беспаспяхова дамагаўся прытулку, а затым у Арменіі, куды быў вывезены і дзе знаходзіцца ў вышуку на запыт беларускіх уладаў.

У Арменіі і Беларусі як членаў СНД агульная база міждзяржаўнага вышуку, Аднак Ерэван, які ўзяў курс на Еўропу, не выдае замежнікаў, якія пераследуюцца з палітычных матываў.

Грузія ж, якая пасля 2020 года стала прытулкам для тысяч беларусаў-уцекачоў, апошнія гады з заходнім светам на нажах. Партыі “Грузінская мара” прарасійскага алігарха Бідзіны Іванішвілі, якая кіруе 14 краінай 14 гадоў, бліжэй аўтарытарызм, а не дэмакратыя. Атрымаць прытулак у Грузіі беларусу нерэальна: на розных падставах адхіляюцца ўсе хадайніцтвы. Адзінае, пакуль не дэпартуюць у Беларусь, а даюць выбіраць, куды ехаць.

Учора Міхеева, які прыйшоў у рэгіянальнае аддзяленне Дэпартамента міграцыі МУС памяняць ID-карту, затрымалі, павезлі ў Тбілісі, дзе, паводле яго слоў, паставілі перад выбарам: вывозім зараз, куды вырашым мы, альбо вывозім, куды вырашыш сам, але таксама зараз.

Актывіст абраў Арменію. Позна ўвечары на грузіна-армянскай мяжы, перад новым затрыманнем, ён паспеў даць “Позірку” каментар па тэлефоне.

Міхееў адзначыў, што ў Тбілісі яго трымалі ў кабінеце каля дзвюх гадзін: чакалі перакладчыка. “З’явіўся кейс-менеджар па маім пытанні і сказаў, што я нелегал, што мой дакумент, мая айдзішка, тэрмін дзеяння якой яшчэ не скончыўся, наогул не мае ніякага значэння”, — апісаў сітуацыю беларус.

Ён папрасіў трохі часу, хоць бы да канца дзеяння часовага пасведчання асобы (9 кастрычніка), але грузінскія сілавікі адмовілі.

“Мяне ганялі з кабінета ў кабінет. Прыйшоў лекар, раздзеў да майткоў — жах нейкі. Потым паехалі дадому, я сабраў сякія-такія рэчы, паехалі ў дэпартамент. Потым ужо ў аўтазаку мяне сюды (на мяжу. — “Позірк“.) прывезлі і выкінулі“, — паведаміў суразмоўца.

Паводле слоў Міхеева, ён сам абраў Арменію. Суду па высылцы не было, яго “прымусілі падпісаць шмат папер“ на грузінскай мове, сэнсу якіх ён не разумеў. “Я зразумеў, што яны тут проста шалёныя. З імі спрачацца з нагоды чагосьці складана. Хай будзе Арменія. І працэс закруціўся, завярцеўся“, — патлумачыў Міхееў.

Пасля выхаду з армянскай паліцыі (гэта адбылося пасля абеду 26 верасня) ён пракаментаваў “Позірку“ падзеі апошніх гадзін:

— Калі вас затрымалі паўторна?

— Бліжэй да 11 вечара (10 па мінскім часе. — “Позірк“.). Мы там дастаткова доўга рабілі вопіс рэчаў, папер. А ў мяне там дзве сумкі, якія я забраў. Але ніякіх прэтэнзій у мяне няма, было вельмі ветлівае, карэктнае, уважлівае стаўленне. І не без гумару. Дзесьці ў 3 ночы мы скончылі, я пайшоў спаць у камеру. У 14.20 прыкладна мяне адпусцілі. Падпісаў паперы, мне вярнулі пашпарт, усе рэчы. Паперу аб вызваленні далі, на армянскай.

— Вам растлумачылі, чаму адпускаюць?

— Да мяне ніякіх прэтэнзій няма. Я магу па тэрыторыі Арменіі спакойна перамяшчацца. Адзінае, што не магу выязджаць, для выезду патрэбна нейкая іншая працэдура.

— Атрымліваецца, што гісторыя яшчэ не завяршылася.

— Не да канца, так. Ну, гэта, відаць, стандартная працэдура. Усё ж быў запыт [з Мінска] на маю экстрадыцыю. Гэта аддзяленне паліцыі не вырашае, не яго паўнамоцтвы. Мяне проста вызвалілі без усялякіх прэтэнзій, а ўжо наконт выезду з краіны больш высокая інстанцыя вырашае.

— Як плануеце дзейнічаць?

— Зараз ачомаюся пасля гэтага ўсяго. У гасцініцы нумар зняў. Трэба проста агледзецца, наколькі Арменія пасуе: ці тут запытваць прытулак, ці ўсё ж такі ўжо ў Еўропу перабірацца. Пакуль мне складана даць канкрэтны адказ.

У паліцыі бачылі, што гэта палітычны пераслед. Мне паказалі артыкулы [Крымінальнага кодэкса], па якіх мяне пераследуюць. Убачыў, што за “абразу Лукашэнкі”.

Я кажу: “Ведаеце, Лукашэнка не прэзідэнт”. Яны так усміхнуліся, кіўнулі. Гэта значыць, яны таксама гэтую сітуацыю разумеюць. Калі складалі дакументы, палісмен асабліва падкрэсліў, што я без крымінальнага мінулага.

Я ім паказаў даведку з Беларусі аб несудзімасці. Карнікі прымудрыліся мне яе выдаць за 3 дні да ператрусу і за 10 дзён да майго вылету ў Грузію.

— Пра што вас распытвалі?

— У агульных рысах: “А што ж ты там такое нарабіў?” Я адказваю: “Пішу, кажу”. Што вайна — гэта дрэнна. Што вайна — гэта не мір. Яны з цяжкасцю разумеюць, за што мяне пераследуюць.

Я вельмі рады, што так хутка вызвалілі. Ужо думаў, што давядзецца сядзець і сёння, і заўтра.

— Дзе вы зараз знаходзіцеся?

— У 200 км ад Ерэвана. На прапускным пункце мяне адразу пасадзілі ў бус і прывезлі ў аддзяленне. Заўтра на маршрутку ў Ерэван, яна раз на дзень ходзіць.

Калі вярнуцца ва ўчорашні дзень… Гэта быў канкрэтны момант ціску, выбар без выбару. Мяне спалохаў варыянт, пры якім краіну прызначэння выбіралі б яны. Напрыклад, Казахстан або Азербайджан. Таму пагадзіўся на Арменію.

Тут самае непрыемнае — вось гэтае бяспраўе і прыніжэнне чалавека, які нічога не здзейсніў супрацьзаконнага. У мяне ўсе грузінскія сябры плачуць літаральна, усе ў шоку. Як гэта так? Я там пяць гадоў пражыў, сувязі вельмі глыбокія, трывалыя, асабістыя.

Падзяліцца: