Мінск 05:05

Сумна жыць без вобразу ворага. “Гродзенская праўда” палохае падрыхтоўкай Польшчы да нападу на Беларусь

Віктар ІВІЦКІ

Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 28 жніўня 2026 года ў 11:47

Ілюстрацыя: Anthony Beck / pexels.com

Пра падрыхтоўку Польшчы да нападу на Беларусь піша ў дзяржаўнай газеце “Гродзенская праўда” яе галоўны рэдактар, былы ідэолаг мясцовага аблвыканкама Таццяна Сяргеева. Матэрыял пададзены ў традыцыйным для неасавецкіх прапагандыстаў стылі: польская ваеншчына бразгае зброяй, пагражаючы (і адначасова зайздросцячы) поспехам суседзяў.

“За спінамі простых грамадзян куецца інструмент першага ўдару“

“Анансаваная 21 жніўня Міністэрствам абароны Польшчы вайсковая праграма “Усходні меч” (East Sword) — гэта непрыкрыты акт стратэгічнай эскалацыі і дзёрзкі выклік Саюзнай дзяржаве. Пакуль польская прапаганда хлусліва закалыхвае грамадскасць казкамі аб абарончым “Усходнім шчыце“, за спінамі простых грамадзян куецца інструмент першага ўдару“, — сцвярджае аўтар у артыкуле “Пад прыцэлам — Саюзная дзяржава: на ўсходзе Польшчы размесцяць дальнабойныя ракетныя комплексы”.

На думку Сяргеевай, якая атрымала вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці “гісторыя і архівазнаўства“, тэхнічныя параметры арсеналаў, што закупляе Варшава, “кажуць аб агрэсіўных, наступальных планах польскага Генштаба“.

“Гаворка ідзе аб планамерным стварэнні ракетнага патэнцыялу з радыусам паражэння звыш 1000 кіламетраў. Травеньская ўгода Варшавы з Вашынгтонам на суму 735 млн долараў прадугледжвае закупку некалькіх сотняў амерыканскіх крылатых ракет JASSM-ER з далёкасцю да 1000 км. Удумайцеся ў гэтыя лічбы: з памежных раёнаў Польшчы гэтыя ракеты здольныя наскрозь прашыць усю тэрыторыю Беларусі, далятаючы да самых далёкіх грамадзянскіх і стратэгічных аб’ектаў“, — піша аўтар.

Яна прапануе дадаць да гэтага “рамачнае пагадненне на закупку каласальнай партыі з 486 пускавых установак РСЗА HIMARS (з якіх першы цвёрды кантракт афармляецца больш чым на 100 адзінак)“. “Гэта не зброя стрымлівання. Ракеты такой далёкасці і разбуральнай сілы закупляюцца выключна для вядзення агрэсіўнай наступальнай вайны глыбока ў тыле“, — лічыць Сяргеева.

Паводле яе сцвярджэння, “пад шырмай надуманага “міграцыйнага крызісу“ ля межаў Гродзенскай і Брэсцкай абласцей метадычна фармуецца каласальны ўдарны кулак“, “беларускія гарады фактычна ператвораныя польскім камандаваннем у патэнцыйныя мішэні”.

Сяргеева папярэджвае Варшаву, якая “добраахвотна згаджаецца стаць “санітарным кардонам“ і смяротным плацдармам“, што “ў выпадку рэальнага канфлікту непазбежна і маментальна прыме на сябе першы, спапяляючы ўдар у адказ”.

Страшылка за кошт рэкламшчыкаў

У канцы тэксту гаворыцца, што ён створаны ў рамках праекта “На ГРАНИце“, а той у сваю чаргу — “за кошт сродкаў мэтавага збору на вытворчасць нацыянальнага кантэнту“. Гаворка ідзе пра збор за размяшчэнне рэкламы, які быў уведзены вясной 2022 года для падтрымкі дзяржаўных СМІ пасля ўходу сусветных брэндаў, што было звязана с пачаткам вайны Расіі супраць Украіны пры ўдзеле Мінска (стаўкі: 10% пры размяшчэнні вонкавай рэкламы і рэкламы на транспарце, у іншых выпадках — 20% кошту паслуг па распаўсюджванню рэкламы; да гэтага дадалося павышэнне стаўкі ПДВ з 25% да 26% пры рэалізацыі паслуг перадачы даных). Гэтыя грошы ідуць на фінансаванне праектаў, падтрыманых Міністэрствам інфармацыі. Праекты ацэньваюцца паводле шасці крытэраў. Галоўнымі лічацца “актуальнасць, унікальнасць пытанняў, што ўзнімаюцца“ і “грамадска-палітычная значнасць”. Ахоп аўдыторыі, рэйтынг тэлеперадачы — на апошнім месцы.

Мяркуючы па тым, што згаданы праект быў падтрыманы, праверку на ідэалагічную стэрыльнасць ён прайшоў, а наколькі ён папулярны ў чытачоў — справа ў прамым сэнсе шостая.

Насуперак афіцыйнай міралюбнай рыторыцы

Артыкул у “Гродзенскай праўдзе” ідзе насуперак нядаўнім заявам беларускіх вайскоўцаў. 22 ліпеня міністр абароны Віктар Хрэнін далажыў Аляксандру Лукашэнку аб “адсутнасці прыкмет падрыхтоўкі да актыўных дзеянняў з боку суседніх дзяржаў”.

“Можам з упэўненасцю сказаць, што абстаноўка [у небе на заходняй мяжы] стабільная ў сапраўдны момант, пагроз не ўяўляе“, — заявіў у інтэрв’ю тэлеканалу СТБ (выйшла 16 жніўня) камандуючы ВПС і войскамі СПА Узброеных сіл Андрэй Лук’яновіч.

Паводле яго сцвярджэння, “па аператыўнай службе маецца пастаяннае ўзаемадзеянне з Рэспублікай Польшча, Літвой і Латвіяй“: “Мы рэгулярна іх апавяшчаем аб палётах, і яны нас папярэджваюць аб палётах у прыгранічнай паласе”.

“Адсутнічала ўзаемадзеянне толькі з Латвіяй. І то апошнім часам з імі таксама аднавілі дыялог. Па аператыўнай службе працягваем узаемадзеянне нашых ВПС”, — сказаў прадстаўнік Узброеных сіл.

Над кім вісіць “Усходні меч”

Праект “Усходні меч“, як адзначае “Польскае радыё”, закліканы стрымліваць патэнцыйнага агрэсара.

“Вельмі важна інвеставаць у развіццё нашых уласных і саюзніцкіх магчымасцяў па нанясенні далёкіх, высокадакладных і нізказатратных удараў. У рамках праграмы “Усходні шчыт“ мы маем намер развіваць праект “Усходні меч“, задача якога заключаецца ў стрымліванні, паколькі магчымасці нанясення далёкіх высокадакладных удараў і сродкі стратэгічнага паражэння маюць ключавое значэнне для бяспекі польскай дзяржавы”, — сказаў міністр абароны Польшчы Уладыслаў Касіняк-Камыш.

Адзначаецца таксама, што сістэма абароны на ўсходняй мяжы Польшчы з’яўляецца элементам Балтыйскай лініі абароны.

Апошнім часам эксперты па вайне Расіі супраць Украіны абмяркоўваюць версію, што новая хваля мабілізацыі, якая можа пачацца пасля парламенцкіх выбараў у РФ (18-20 верасня), мае на мэце набраць салдат не для новых наступальных аперацый на украінскай тэрыторыі, а для ўварвання ў адну з краін НАТО. Гэтая ж версія фігуруе ў СМІ, якія гадаюць, дзеля чаго 25 жніўня Маскву наведаў дырэктар ЦРУ Джон Рэткліф.

Паглядзім, ці з’яўляецца артыкул у дзяржгазеце прадвеснікам вяртання беларускіх уладаў да ранейшай грознай рыторыкі на адрас суседзяў альбо аўтар проста прапусціла змяненне кан’юнктуры.

У любым выпадку не даводзіцца чакаць прызнання ў тым, што заходнія суседзі і Украіна ўмацоўваюць мяжу як раз для абароны ад патэнцыйнага нападу з тэрыторыі Беларусі — вайскова-палітычнага хаўрусніка РФ. Куды лягчэй пераконваць сябе і іншых, што мініраванне суседзямі сваіх межаў — прыкмета хуткай інтэрвенцыі, а не элемент абароны.

Гл. таксама:

Родина в опасности, кругом враги. Зачем Лукашенко бесконечно проверяет боеготовность армии (на рускай мове)

Падзяліцца: