Мінск 21:47

Зоаабаронцы і чыноўнікі паспрачаліся аб падатках на сабак і катоў

Аглядальнік "Позірку"
Ілюстрацыя: "Позірк"

За ператрымку катоў і сабак у валанцёраў патрабуюць заплаціць падатак, заявіла старшыня праўлення Міжнароднага дабрачыннага грамадскага аб’яднання дапамогі жывёлам “ЗООшанс“ Вольга Карпава 26 жніўня на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Валанцёрства: не падзяка, а пакаранне?

Паводле яе слоў, валанцёры супрацоўнічаюць з рознымі зоаабарончымі арганізацыямі і часам маюць на ператрымцы ад 10 да 80 сабак. Жывёлы ў іх знаходзяцца часова, але закон “Аб адказным абыходжанні з жывёламі”, які дзейнічае з 1 студзеня 2025 года, не дыферэнцыруе пастаяннае ўтрыманне жывёлы уладальнікам і часовае ўтрыманне валанцёрам.

Валанцёры, якія, паводле слоў Карпавай, “займаюцца высакароднай справай, марнуюць на гэта ўсе свае рэсурсы, атрымліваюць ад дзяржавы не падзяку, а пакаранне фактычна“.

“Яны сутыкнуліся з тым, што да іх прыходзяць мясцовыя ўлады разам з сілавымі структурамі і патрабуюць выплаты падатку за кожнага сабаку. А адкуль ім узяць гэтыя грошы? — паставила пытанне Карпава. — Чаму іх абкладаюць падаткам? Дзяржаўныя пункты часовага ўтрымання жывёл <…> падаткам не абкладаюцца. Чаму патрабуюць ад валанцёраў гэты падатак?“

Вольга Карпава
Відэатрансляцыя: Дом прэсы / стоп-кадр: "Позірк"

Вольга Карпава

Відэатрансляцыя: Дом прэсы / стоп-кадр: “Позірк”

Таксама Карпава адзначыла, што, згодна з арт. 13 згаданага закона, на даму прыватнай асобе ажыццяўляць валанцёрскую дапамогу “наогул нельга, нават падабраць, адлавіць на вуліцы жывёлу прыватнай асобе таксама не дазволена“.

“А найбольш масавая стэрылізацыя і скарачэнне колькасці бяздомных жывёл ідзе менавіта дзякуючы валанцёрам. Адзін толькі “ЗООшанс” стэрылізуе больш за 2 тыс. жывёл у год“, — сказала кіраўнік аб’яднання.

Яна адзначыла, што праца валанцёраў важная яшчэ і таму, што жывёлы ў іх дома больш сацыялізаваныя, іх прасцей лячыць, яны хутчэй ачуньваюць. У сям’і жывёле агулам лепей, сказала зоаабаронца.

Прытулкі надта затратныя

Разам з тым, паводле яе слоў, кінутых жывёл у Беларусі шмат, таму прытулкі патрэбныя. Закон дапускае іх стварэнне, але “гэта надта затратна нават для буйной арганізацыі“: “Да прытулкаў прад’яўляюцца вельмі высокія і санітарныя патрабаванні, і тэрытарыяльныя, і юрыдычныя. То бок, гэта вельмі складана, далёка не кожны чалавек можа гэта зрабіць. Мала таго, мы як арганізацыя не імкнемся да стварэння прытулку”.

Такім чынам, Карпава прапанавала ў праекце новай пастановы аб утрыманні жывёл, якую распрацоўвае ўрад (цяперашняя была прынятая ў 2001 годзе), “вызваліць валанцёрскіх сабак ад падатку“, больш канкрэтна “вызначыць статус жывёл на часовай ператрымцы не толькі ў дзяржаўных пунктах часовага ўтрымання, але і ў прыватных асоб, якія займаюцца валанцёрскай дзейнасцю“.

Яна прызнала, што існуюць стыхійныя прытулкі для жывёл, дзе за імі не ажыццяўляецца належны догляд, што недапушчальна.

“Гэтыя стыхійныя прытулкі перашкаджаюць жыць людзям, навакольным. Таму асноўным крытэрам, які адрознівае стыхійныя прытулкі ад валанцёрскіх, можа з’явіцца абавязковая стэрылізацыя, вакцынацыя жывёлы і, напрыклад, ўвядзенне пашпартоў для іх. Калі пакінуць абкладанне падаткам, напрыклад, толькі нестэрылізаваных сук, гэта матывуе часовых уладальнікаў стэрылізаваць іх і ў далейшым прывядзе да скарачэння папуляцыі. Таму што толькі нестэрылізаваныя жывёлы ўяўляюць фінансавую пагрозу дзяржаве ў частцы адлову, знішчэння, утрымання ці нешта яшчэ“, — сказала Карпава.

Таксама яна канстатавала, што ўладальнікі пародзістых жывёл атрымліваюць ад іх прыбытак, але не плацяць падаткі, што, на яе думку, няправільна.

Вылечы за месяц — ці плаці

Дзяніс Церашкоў і Надзея Сяўрук
Відэатрансляцыя: Дом прэсы / стоп-кадр: "Позірк"

З некаторымі тэзісамі зоаабаронцы не пагадзіўся намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення падаткаабкладання фізічных асоб — начальнік упраўлення падаткаабкладання маёмасці і прадпрымальніцкай дзейнасці фізічных асоб Міністэрства па падатках і зборах Дзяніс Церашкоў. Паводле яго слоў, прадугледжана падаткаабкладанне даходаў, атрыманых ад гадоўлі і ад рэалізацыі шчанюкоў. Падатак можа быць выплачаны як адзіны альбо падатак на персанальны даход у памеры 10% усяго атрыманага даходу.

Ён таксама адзначыў, што ў міністэрстве былі разгледжаныя звароты грамадзян ад валанцёраў. У выніку сфармаваная такая пазіцыя МПЗ: “Валанцёр не прызнаецца плацельшчыкам падатку за валоданне сабакам, паколькі падчас ператрымкі гаворка не ідзе пра валоданне жывёлай. Падатак трэба плаціць тады, калі выяўленыя ўсе істотныя ўмовы для таго, каб яго абвясціць”.

Аднак у грамадзянскім заканадаўстве ёсць свае нормы, якія тычацца ўтрымання жывёл, заявіла намеснік начальніка ўпраўлення жыллёвай гаспадаркі Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Надзея Сяўрук.

Паводле яе слоў, згодна з Жыллёвым кодэксам, чалавек мае права ўзяць жывёлу на часовае ўтрыманне, праінфармаваўшы аб гэтым мясцовы распарадчы орган. “Заканадаўства кажа пра тое, што на працягу месяца гэта жывёла павінна быць перададзена камусьці ў валоданне, <…> альбо яна пераходзіць на права ўласнасці“.

На гэта Карпава адказала, што большасць жывёл з-за здароўя і іншых прычын знаходзяцца на ператрымцы больш за месяц.

Падзяліцца: