Мінск 01:46

Кавалеўскі: Стратдыялог замацоўвае нашае высокае месца ў амерыканскім знешнепалітычным парадку дня

Валер Кавалеўскі
Фота: АПК

Супрацоўніцтва дэмакратычнага руху Беларусі са Злучанымі Штатамі Амерыкі выйшла на новы ўзровень: паўгода таму распачаўся стратэгічны дыялог, першыя сустрэчы ў межах якога адбыліся ў Вашынгтоне (6-8 снежня 2023 года). 

Было таксама заяўлена аб хуткім прызначэнні спецпасланніка па Беларусі і прыняцці Акта аб дэмакратыі. 

У чым важнасць гэтых працэсаў, якія ў дэмакратычных сілаў ёсць праблемы і ці трэба баяцца беларусам прыходу да ўлады Дональда Трампа — пра гэта “Позірк” пагутарыў з намеснікам кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК), прадстаўніком па замежных справах Валерам Кавалеўскім.

“Узаемадзеянне са Злучанымі Штатамі не абмяжоўваецца фарматам стратдыялогу”

— З пачатку стратэгічнага дыялогу паміж дэмакратычнымі сіламі Беларусі і Злучанымі Штатамі Амерыкі мінула паўгода. На якой стадыі ён цяпер знаходзіцца?

— На пачатку гэтага года мы пачалі абмяркоўваць з амерыканскім бокам, якім чынам будзем далей напаўняць зместам і дзеяннем стратэгічны дыялог, бо спачатку была ідэя, што ён стане пастаянна дзейным механізмам. Трэба сустракацца не адзін раз на год для абмену навінамі, а каб мы маглі ўвесь час быць на сувязі для абмеркавання таго, што адбываецца, па ўсіх шасці кірунках.

Тэмы, якія ад пачатку ўвайшлі ў канцэпцыю стратдыялогу: пытанні дэмакратыі і палітычных адносінаў, правы чалавека і палітычных зняволеных, адказнасць рэжыма за злачынствы, якія ён здзяйсняе ў Беларусі і па-за яе межамі, развіццё прыватнага сектара і прадпрымальніцтва, пытанні сродкаў масавай інфармацыі і супрацьдзеяння прапагандзе, нацыянальная ідэнтычнасць, культура, пытанні адукацыі, спорту і супрацоўніцтва з дыяспарамі.

Літаральна ў красавіку і траўні адбываліся сустрэчы працоўных груп, якія абмяркоўвалі на сваім узроўні паглыблена і мэтанакіравана, як выглядае сітуацыя і якімі могуць быць рашэнні, каб дапамагчы беларускаму боку вырашыць праблемы, што стаяць.

Адзначу, што нашае ўзаемадзеянне са Злучанымі Штатамі не абмяжоўваецца фарматам стратдыялогу, ёсць і іншыя кантакты, якія адбываюцца і ў Вільні, і ў Варшаве. Я толькі што прыехаў з Вашынгтона, дзе ў мяне былі кансультацыі ў Белым доме, Кангрэсе, Палаце прадстаўнікоў, Сенаце. Карціна супрацоўніцтва яшчэ больш аб’ёмная, чым тое, што мы бачым на стратдыялозе.

— Распавядзіце, калі ласка, падрабязней аб працоўных групах у межах стратдыялогу.

— Беларускі дэмакратычны рух — гэта не толькі палітычныя структуры, не толькі Офіс Ціханоўскай, АПК, Каардынацыйная рада. Гэта і вельмі шырокая грамадзянская супольнасць, якая ўключае ў сябе праваабаронцаў, СМІ, арганізацыі, якія працуюць па пытаннях моладзі, дыяспары. 

Грамадзянская супольнасць вельмі разнастайная. Стратдыялог дапамагае ўключыць як мага больш удзельнікаў, людзей, якія займаюцца практычнымі справамі. У гэтым адметнасць працоўных груп, бо калі на стратдыялог мы маглі далучыць у пэўным сэнсе абмежаваную колькасць людзей, то ўжо працоўныя групы пашыраюць гэты дыяпазон.

— Ці ёсць інфармацыя аб спецпасланніку па Беларусі? Галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка, падсумоўваючы вынікі першага дня першай сесіі стратэгічнага дыялогу ў снежні, казаў аб хуткім яго прызначэнні.

На сённяшні дзень гэтае пытанне вызначаецца ў законе, які быў летась прыняты Кангрэсам ЗША і ў якім Сенат выказаў пазіцыю, што спецпасланнікам можа быць толькі асобная адзінка, дыпламат, які мог бы весці гэтую працу на пастаяннай аснове. Гэта стварыла новыя акалічнасці, якія цяпер вывучае Дзярждэпартамент ЗША. 

Справа ў тым, што прызначэнне спецпасланнікаў патрабуе ўхвалення Сената, а гэта часта вельмі зацягнутая працэдура, якая можа заняць і паўгода, і год. Ёсць варыянт, што напрыканцы года будзе прыняты новы закон, які ўлічыць гэтыя абставіны. 

Разам з тым у Дзярждэпартаменце ёсць адказны за фармаванне палітыкі па Беларусі — Крыстафер Сміт (намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША па Усходняй Еўропе. — Позірк”.).

Пакуль пытанне з прызначэннем спецпасланніка па Беларусі вырашаецца, мы адзначаем, што Крыстафер Сміт вядзе вельмі актыўную працу і кампенсуе адсутнасць прызначанага на гэты пост чалавека.

— Што зараз адбываецца з Актам аб дэмакратыі ў Беларусі? У траўні была інфармацыя, што ён ўнесены на разгляд у Кангрэс ЗША.

Законапраект праходзіць свае працэдуры, гэта досыць працяглы працэс, і ён шмат у чым залежыць ад таго, што адбываецца ў самім Кангрэсе. Мы памятаем, што да апошняга часу там былі даволі вострыя баталіі наконт прыняцця пакета дапамогі для Украіны, Ізраіля і Тайваня. Кангрэс у пэўным сэнсе быў абсалютна сфакусаваны на гэтай задачы. У рэшце рэшт гэтая тэма была знятая, пакет зацверджаны. 

Летась у снежні ў Сенаце быў унесены праект Акта аб дэмакратыі ў Беларусі, цяпер стаіць задача правесці яго праз профільны камітэт. Літаральна калі я быў у Вашынгтоне (Кавалеўскі знаходзіўся там з рабочым візітам  9–17 траўня. — Позірк”.), у Палаце прадстаўнікоў унеслі паралельны законапраект Акта аб дэмакратыі ў Беларусі, які фактычна паўтарае тыя самыя ідэі. Трэба адзначыць асаблівасць парламенцкай сістэмы Штатаў: Сенат кантралюецца дэмакратамі, таму там законапраект унесены імі, Палата прадстаўнікоў за рэспубліканцамі, і ў іх свой законапраект. Яны прынцыпова не адрозніваюцца і будуць разглядацца па сваіх паралельных трэках. Калі яны будуць прынятыя ў профільных камітэтах, а пасля Сенатам і Палатай прадстаўнікоў, спецыяльная камісія з двух тэкстаў зробіць адзін.

Ёсць прагноз, што да канца года гэты законапраэкт будзе прыняты Кангрэсам і накіраваны на подпіс прэзідэнту ЗША, пасля чаго ён стане законам. Тут вельмі важнай можа стаць падтрымка дыяспары, якая можа заклікаць заканадаўцаў далучацца да законапраекта ў якасці спонсараў.

“У ЗША мы маем вельмі каштоўную перавагу перад многімі іншымі краінамі”

— Ці ёсць у АПК “план Б” на выпадак, калі па выніках прэзідэнцкіх выбараў у ЗША зменіцца ўлада, а разам з гэтым, магчыма, і стаўленне да Беларусі?

— За амаль чатыры гады, што дзейнічае дэмакратычны рух, нам прыйшлося бачыць не адну змену кіраўніцтва. Мы працуем з дэмакратычнымі краінамі, дзе змена ўлады — гэта норма: мяняюцца міністры, прэзідэнты, парламенты. Зараз адбываюцца выбары ў Еўрапейскі парламент, пасля чаго, паводле некоторых ацэнак, у ім будзе да 70% новых дэпутатаў. Будзе сфармаваны новы ўрад — Еўрапейская камісія, і нам трэба будзе выбудоўваць з ёю новыя адносіны. Для нас гэта нармальная сітуацыя — змена ўлады. Мы не бачым у гэтым перашкодаў, трэба будзе працаваць, будаваць новыя адносіны, інфармаваць людзей, уцягваць іх у размову пра Беларусь. І часта гэта азначае новую энергію дапамагаць Беларусі і новыя формы супрацы.

Калі казаць пра ЗША, то ў 2020 годзе, калі толькі пачынаўся беларускі пратэстны рух, Дональд Трамп і быў прэзідэнтам. За тыя некалькі месяцаў, што прайшлі паміж 9 жніўня і канцом года (афіцыйна Трамп займаў пасаду прэзідэнта да 20 студзеня 2021 года. — “Позірк”.), рэспубліканская адміністрацыя зрабіла немала дзеля таго, каб дапамагчы беларускаму дэмакратычнаму руху. Ніколі нельга сказаць, што ўсё было зроблена на 100%, правільна і своечасова, але тым не менш мы можам абсалютна ўпэўнена сказаць, што не бачым розніцы ў стаўленні да беларускага дэмакратычнага руху з боку дэмакратаў і рэспубліканцаў.

У Вашынгтоне заўсёды існаваў двухпартыйны кансэнсус па Беларусі. У свой час ЗША заявілі сваю прыхільнасць да Беларусі дэмакратычнай, суверэннай і незалежнай, і яны прытрымліваюцца гэтай пазіцыі. Мы маем вельмі каштоўную перавагу перад многімі іншымі краінамі, што маем такі кансэнсус.

Беларусь успрымаюць абсалютна аднолькава і рэспубліканцы, і дэмакраты, і яны гатовыя з намі супрацоўнічаць.

Гэта выяўляецца і ў сённяшніх механізмах, калі і ў Палаце прадстаўнікоў, і ў Сенаце створаныя двухпартыйныя групы па сяброўстве з Беларуссю “За свабодную Беларусь”, куды ўваходзяць і рэспубліканцы, і дэмакраты, якія актыўна падтрымліваюць нашую справу. Мы гэта шануем. У Вашынгтоне Ціханоўская можа сабраць за адным сталом і рэспубліканцаў, і дэмакратаў, якія ў іншых абставінах могуць супрацьстаяць адно аднаму. Таму мы нават вывелі для сябе формулу “Беларусь аб’ядноўвае” — у тым ліку палітычных апанентаў.

Я не думаю, што нам трэба да чагосьці спецыяльна рыхтавацца — дзякуючы таму, што пра Беларусь ведаюць, разумеюць, успрымаюць дэмакратычны рух і прызнаюць Святлану Ціханоўскую. 

Няхай амерыканскі народ вырашае, каго хоча бачыць сваім прэзідэнтам. Нашая задача — падтрымліваць той самы ўзровень адносінаў, працаваць з нашымі партнёрамі ў ЗША. У гэтым сэнсе стратдыялог з’яўляецца механізмам, які замацоўвае нашае месца ў знешнепалітычным парадку дня ЗША і дазваляе быць досыць высока ў гэтым парадку.

“Мы бачым мэтанакіраванае, адмысловае разбурэнне рэжымам з дапамогай Расіі нашай нацыянальнай ідэнтычнасці”

— У бок Святланы Ціханоўскай, яе офіса і АПК пастаянна накіраваная плынь крытыкі. Адна з прэтэнзій — нібыта бессэнсоўнасць шматлікіх візітаў. Што б вы сказалі наконт важнасці падтрымкі тэмы Беларусі ў міжнародным парадку дня?

— Тэмы, якія мы ўздымаем падчас сустрэч і выносім на разгляд нашых партнёраў, крытычна важныя, каб захаваць нашую дзяржаву, нацыю, грамадства, каб аднавіць дэмакратыю і канстытуцыйны лад у Беларусі. Так, нельга сказаць, што мы дасягнулі па ўсіх гэтых пытаннях таго выніку, які быў бы для нас аптымальным. Мы працягваем працаваць над тым, каб нашыя партнёры у нацыянальных урадах ці міжнародных арганізацыях прымалі рашэнні, якія будуць нас прасоўваць у напрамку вырашэння нашых праблем.

У Беларусі ствараецца таталітарная мадэль дзяржавы, існуе як ніколі рэальная пагроза незалежнасці, суверэнітэту. Мы бачым мэтанакіраванае, адмысловае разбурэнне рэжымам з дапамогай Расіі нашай нацыянальнай ідэнтычнасці. Мэта — знішчыць здольнасць нацыі да супраціву, падпарадкаваць беларусаў волі і інтарэсам Крамля. Расія працягвае пашыраць ваенную прысутнасць у Беларусі, на тэрыторыю краіны нібыта завозяць ядзерную зброю, Расія працягвае падпарадкаванне беларускай дзяржаўнай сістэмы сваім інтарэсам і выкарыстанне Беларусі для сваіх злачынных авантур, у тым ліку пабудовы імперыі за кошт Беларусі.

То бок перад намі стаяць суперсур’ёзныя задачы. І ў гэтым сэнсе вельмі важная праца з міжнароднай супольнасцю.

Але нам трэба дамагацца яшчэ і таго, каб гэтая міжнародная праца вяла не толькі да нашага ўпэўненага месца на парадку дня, а каб за гэтым стаялі сур’ёзныя рашэнні. Каб нам дапамагалі так, як дапамагаюць тым самым украінцам, якія супрацьстаяць расійскай агрэсіі.

Мы таксама супрацьстаім расійскай агрэсіі, але яна выяўляецца ў іншых формах з выкарыстаннем карумпаванага, нелегітымнага, абсалюна залежнага ад Крамля Лукашэнкі. Пры гэтым ідзе рух у тым самым кірунку — знішчэння нашай дзяржавы, грамадства, нацыянальнай ідэнтычнасці. Калі пачалася вайна, сотні тысячаў беларусаў сутыкнуліся з праблемамі легалізацыі, таму што замежнікі пачалі на нас глядзець іначай.

Гэтыя задачы патрабуюць шчыльнай супрацы з міграцыйнымі ведамствамі замежных краін, бо, як правіла, міграцыйная тэматыка адносіцца да нацыянальнай юрысдыкцыі.

Нельга забываць, што паездкі Святланы Ціханоўскай — адна з форм падтрымкі ўвагі да Беларусі. Але самае галоўнае тое, што робіцца рукамі саміх беларусаў. Трэба паказваць, што мы застаемся вернымі свайму выбару і хочам, каб Беларусь была дэмакратычнай і вольнай.

Таму нам трэба працягваць працу, аптымізаваць яе, крытычна ставіцца да колькасці і прыярытэтнасці паездак. Мы робім вельмі шмат, але павінны рабіць не толькі больш, але і лепш, дамагацца палітычных, практычных рашэнняў ад замежных партнёраў. І вельмі важна не губляць фокус на ўнутранай працы, на працы з беларускім грамадствам, у тым ліку ў самой Беларусі. Менавіта беларускі народ — крыніца легітымнасці ўлады і суверэнітэту, тут моц і будучыня дэмакратычнага руху і незалежнай Беларусі.  

Падзяліцца: