Мінск 06:16

Лябедзька: Барацьба за павелічэнне тэрміну дзеяння літоўскага ВНЖ не прайграна

Анатоль Лябедзька
Фота: "Позірк"

Дарадца Святланы Ціханоўскай па канстытуцыйнай рэформе і парламенцкім супрацоўніцтве Анатоль Лябедзька пракаментаваў для “Позірку” адмову камітэта па нацыянальнай бяспецы і абароне (КНБА) сейма Літвы падтрымаць папраўку міністра ўнутраных спраў Агне Білатайце ў закон “Аб прававым статусе замежнікаў”, якая павялічвала б тэрмін дзеяння гуманітарнага віду на жыхарства для беларусаў з аднаго да трох гадоў.

“Літва напярэдадні трох выбарчых кампаній”

— З чым можа быць звязанае такое рашэнне КНБА?

— Мы павінны ўзяць да ўвагі, што Літва напярэдадні трох выбарчых кампаній: налета краіну чакаюць выбары ў нацыянальны парламент (сейм), у Еўрапейскі парламент і прэзідэнцкія. З гэтага вынікае, што сітуацыя будзе мяняцца і мы будзем сведкамі вялікай колькасці рэзанансных заяў і дзеянняў.

Літва — гэта не Беларусь, дзе выбаршчык выкраслены з усялякага палітычнага выбарчага працэсу. Тут трывае барацьба за кожны голас. Гэта аб’ектыўны працэс, часткай якога з’яўляецца і нядаўняе галасаванне ў камітэце па нацыянальнай бяспецы. Але запэўніваю: гэта не апошняя дыскусія і не канчатковае галасаванне.

— Што будзе рабіць Офіс Святланы Ціханоўскай у гэтай сітуацыі?

— Ёсць устойлівыя, сістэмныя камунікацыі з сеймам Літвы. Наш рэсурс — міжфракцыйная дэпутацкая група “За дэмакратычную Беларусь”. І гэта эфектыўны рэсурс, ён працуе. Нагадаю, што, калі было галасаванне па пераадоленні вета Гітанаса Наўседы (прэзідэнт Літвы раней прапаноўваў парламенту зраўнаваць санкцыі для беларусаў і расіян, сейм у выніку зацвердзіў дакумент без прапаноў кіраўніка дзяржавы. — “Позірк”.), мы атрымалі 101 голас. Гэта вялізная падтрымка, атрымаўшы якую, мы хацелі б ісці далей, пашыраць прававыя магчымасці для беларусаў, якія знаходзяцца ў Літве.

Пункт падняць планку ВНЖ з аднаго да трох гадоў здаецца нам абсалютна слушным і рацыянальным: калі чалавек ужо прайшоў праз сіта праверак, то які сэнс рабіць гэта кожны год? У гэтым няма ніякай неабходнасці. Плюс нашая прапанова зніжае ціск на міграцыйную службу Літвы.

Святлана Ціханоўская ўжо сустракалася з прэзідэнтам Наўседам, з прэм’ер-міністрам Інгрыдай Шыманітэ, з прадстаўнікамі парламенцкіх фракцый. Вынікам гэтых камунікацый і стала заканадаўчая ініцыятыва Міністэрства унутраных спраў.

Што да галасавання. Мы разумеем, што камітэт па нацыянальнай бяспецы — гэта профільны камітэт. Звычайна галасаванне ў галоўным камітэце — сканер будучага галасавання на пленарным пасяджэнні сейма. Але ёсць і выключэнні, і я працягваю думаць, што ў нас ёсць шанец пераканаць дэпутатаў: прапанова МУС — прадуманая, рацыянальная і разумная.

Таму я б не сказаў, што галасаванне, якое адбылося, — гэта ўжо кропка. Гэта хутчэй коска. Мы дакладна не прайграем, бо выдача ВНЖ на год застанецца ў любым выпадку, але мы пастараемся выйграць, падняўшы планку яго дзеяння да трох гадоў.

“Прывязка літвінізму выглядае штучна”

— КНБА, аргументуючы адмову разглядаць пытанне аб павелічэнні тэрміну ВНЖ, адзначае, што “ва ўмовах дынамічнага росту колькасці беларускіх грамадзян у Літве і паралельнага абмеркавання ў грамадстве і парламенце пытання аб узмацненні жорсткасці для іх нацыянальных абмежавальных мер (…) дадзеную прапанову неабходна разглядаць у сістэмным ключы (у кантэксце новага беларускага пашпарта, праяваў літвінізму і г.д.)”. Ці ўзнікае тэма літвінізму падчас вашых кантактаў з літоўскім бокам?

— Прывязка пытання літвінізму да галасавання выглядае дастаткова штучна. Калі казаць, што з’яўляецца праблемай сёння: літвінізм ці лукашызм і пуцінізм, то для нас адказ зусім відавочны. І такую ж пазіцыю падтрымлівае большасць дэпутатаў сейма.

— Ці абмяркоўваецца з літоўцамі пытанне “пашпарта новай Беларусі”? Як яны ацэньваюць яго перспектывы?

— У мяне толькі агульная інфармацыя, якая тычыцца “пашпарта новай Беларусі”. Ёсць некалькі еўрапейскіх дзяржаў, якія гатовы для новага пашпарта даваць свае коды. Гэтага дастаткова, каб пачынаць працэдуру.

Я чую аптымістычныя заявы, што налета пашпарт стане рэальнасцю. Ёсць вялікі запыт з боку беларусаў, больш за 60 тыс. ужо заявілі, што хацелі б стаць уладальнікамі пашпарта. І гэта матывуе выводзіць ідэю на стадыю практычнай рэалізацыі.

Падзяліцца: