Мінск 13:05

“Каб палітычна пысу намылілі”. За чым паехалі на Алімпіяду ў Парыж гасударавы спартсмены

Дзмітрый Мікалаевіч
Фота: olympics.org

У Парыжы адкрыліся XXXIII летнія Алімпійскія гульні. Як прынята казаць у спорце — галоўныя старты чатырохгоддзя.

У спаборніцтвах чакаецца ўдзел 10,5 тыс. атлетаў, якія будуць змагацца за 329 камплектаў узнагарод у 32 відах праграмы.

На фоне няпростай геапалітычнай сітуацыі ў свеце ў 2023 годзе гучалі заклікі да Міжнароднага алімпійскага камітэта аб пераносе Гульняў, аднак кіраўнік МАК Томас Бах назваў падобныя ідэі “цалкам няслушным падыходам”.

Алімпіяды адмяняліся толькі тройчы — з-за сусветных войнаў (у 1916, 1940 і 1944 гадах). Адзін раз Гульні перанеслі на год — з-за пандэміі каранавіруса (з 2020-га на 2021-ы).

Досыць шмат краін-удзельніц з’яжджае з Алімпійскіх гульняў хаця б з адной узнагародай:

Атланта-1996 — медалі заваявалі прадстаўнікі 79 краін са 197;

Сіднэй-2000 — 81 з 199;

Афіны-2004 — 74 з 202;

Пекін-2008 — 87 з 205;

Лондан-2012 — 85 з 204;

Рыа-дэ-Жанейра-2016 — 83 з 206;

Токіа-2021 — 93 з 205.

Ад Атланты да Токіа

У сваёй суверэннай гісторыі Беларусь удзельнічала ў летніх АГ сем разоў. Больш за ўсё атлетаў — 181 — было прадстаўлена ў Пекіне ў 2008 годзе, а самым ураджайным стаў Сіднэй-2000, калі было заваявана 17 медалёў (золата і срэбра — па 3, бронза — 11). Найлепшае месца ў агульнакамандным медальным заліку 23-е (Сіднэй і Пекін).

Інфаграфіка: "Позірк"

Гэтым разам сярод удзельнікаў дэсант з Беларусі невялікі — усяго 17 спартсменаў. 16 ліпеня Нацыянальны алімпійскі камітэт, які ўзначальвае старэйшы сын Аляксандра Лукашэнкі Віктар, зацвердзіў “спісачны склад спартсменаў і суправаджаючых асоб на XXXIII летнія Алімпійскія гульні ў Парыжы”. У ім фігуруе 16 індывідуальных нейтральных спартсменаў: Абубакар Хаслаханаў (грэка-рымская барацьба), Ганна Церах (веласпорт), Яўген Залаты, Таццяна Клімовіч (абодва — акадэмічнае веславанне), Уладзіслаў Кравец, Юлія Трушкіна (абодва — веславанне на байдарках і каноэ), Ілля Шымановіч, Анастасія Шкурдай, Аліна Змушко (усе — плаванне), Віялета Бардзілоўская, Іван Літвіновіч (абодва — скачкі на батуце), Дар’я Чупрыс, Аляксандра Пятрова (абодва — кулявая стральба), Георгій Гурцыеў (тхэквандо), Сюзана Валадзько і Яўген Ціханцоў (абодва — цяжкая атлетыка).

Пазней запрашэнне ад МАК атрымаў змагар-“вольнік” Магамедхабіб Кадзімагамедаў.

Ілюстрацыйнае фота: pixabay.com / diema

Без сцяга і гімна

Такі бедны склад ды яшчэ і нейтральны статус (без сцяга і гімна краіны) — адно са шматлікіх наступстваў саўдзелу афіцыйнага Мінска ў расійскай агрэсіі супраць Украіны.

Храналогія асноўных падзей:

2022 год

28 лютага, праз некалькі дзён пасля пачатку вайны, МАК забараніў праводзіць міжнародныя спаборніцтвы ў Беларусі і заклікаў спартыўныя федэрацыі не дапускаць да спаборніцтваў пад сваёй эгідай беларускіх атлетаў (гэтак жа як і расійскіх). Гэтая рэкамендацыя была неадкладна і масава прынята да выканання, у выніку чаго расійскі і беларускі спорт апынуўся амаль у поўнай ізаляцыі.

1 сакавіка Нацыянальны алімпійскі камітэт (НАК) выказаў “катэгарычную нязгоду” з названымі рашэннямі, назваўшы іх “нелегітымнымі і супярэчнымі міжнароднаму праву”.

16 кастрычніка прэзідэнт аб’яднання Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў Спірас Капралас паведаміў, што беларусы і расіяне не змогуць удзельнічаць у Еўрапейскіх гульнях 2023 года ў Польшчы.

9 снежня пераважная большасць удзельнікаў 11-га Алімпійскага саміту пагадзілася з тым, што “санкцыі ў дачыненні да беларускай і расійскай дзяржавы і іх урадаў <…> павінны заставацца ў сіле”.

2023 год

25 студзеня выканкам МАК пацвердзіў санкцыі, уведзеныя ў дачыненні да Беларусі і РФ з-за вайны супраць Украіны, аднак зазначыў, што ніводнаму спартсмену нельга забараняць удзельнічаць у спаборніцтвах “толькі з-за яго пашпарта”.

26 студзеня НАК Беларусі, вітаючы “імкненне МАК вырашыць сітуацыю з допускам беларускіх атлетаў да ўдзелу ў міжнародных спаборніцтвах”, назваў заяву Выканкама МАК “спосабам знайсці кампраміс”. НАК выступіў за скасаванне ўсіх абмежаванняў.

22 чэрвеня Парламенцкая асамблея Савета Еўропы рэкамендавала МАК забараніць удзел расійскіх і беларускіх спартсменаў у АГ-2024.

26 ліпеня МАК накіраваў 203 нацыянальным алімпійскім камітэтам афіцыйнае запрашэнне прыняць удзел у парыжскай Алімпіядзе — усім, акрамя Беларусі, Гватэмалы і Расіі. Было таксама адзначана, што рашэнне аб індывідуальным удзеле беларускіх і расійскіх спартсменаў у нейтральным статуце будзе прынята пазней.

14 верасня прэзідэнт НАК Віктар Лукашэнка на сумесным пасяджэнні камісій спартсменаў Беларусі і РФ у Маскве паведаміў, што Беларусь пакуль не атрымала запрашэнне на летнія Алімпійскія гульні 2024 года ў Парыжы.

8 снежня МАК дапусціў індывідуальных спартсменаў з Беларусі і Расіі да ўдзелу ў Алімпіядзе ў нейтральным статусе (акрамя каманд). Пад забаронай засталіся гімн, сцяг, адпаведная каляровая гама і якія-небудзь іншыя сімвалы гэтых краін. Пры гэтым МАК падкрэсліў, што да ўдзелу ў АГ-2024 не будуць дапушчаныя “спартсмены і дапаможны персанал”, якія “актыўна падтрымліваюць” вайну супраць Украіны, маюць кантракт з расійскімі ці беларускімі ваеннымі арганізацыямі або органамі нацыянальнай бяспекі.

11 снежня НАК заявіў, што чакае тлумачэнняў, на якіх умовах беларускія спартсмены могуць удзельнічаць у астатніх кваліфікацыйных спаборніцтвах і АГ-2024 не толькі з боку МАК, але і з боку “міжнародных федэрацый як асноўных арганізатараў спаборніцтваў у сваіх відах спорту”.

2024 год

28 сакавіка МАК выпусціў заяву, у якой рэкамендаваў міжнародным федэрацыям па відах спорту дазволіць беларусам і расіянам удзельнічаць у спаборніцтвах пад іх эгідай. Пры гэтым павінен быць выкананы шэраг раней агучаных умоў.

29 сакавіка НАК выказаў нязгоду з рэкамендацыямі МАК і назваў іх “адкрыта дыскрымінацыйнымі”.

“Прыніжэнне беларускіх спартсменаў… Патыхае нацыяналізмам або расізмам”

Некаторыя прадстаўнікі айчыннай спартовай супольнасці, спрабуючы адгадаць настроі кіраўніка, які рэгулярна рэзка выказваўся супраць санкцый, на хвалі “патрыятызму” паспяшаліся ў эфіры спартовага тэлеканала выказаць сваё “фе” рэкамендацыям МАК. Маўляў, гэта зневажальна і абразліва для нацыі выступаць без сцяга і гімна.

Кіраўнік Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі Іван Ціхан заявіў, што “нават тыя ўмовы, якія маюць на ўвазе выступленне ў нейтральным статусе — непрымальныя для спартсменаў”.

“Чалавек мае род, прыналежнасць да рэгіёна… Кажуць, што беларускі бок нібыта парушыў пункты статута Міжнароднай федэрацыі лёгкай атлетыкі (World Athletics) тым, што падтрымлівае агрэсара на тэрыторыі Украіны. Хаця пры гэтым ніякіх доказаў не прад’яўляюць… Цяперашні алімпійскі рух сябе дыскрэдытаваў”, — зрабіў выснову Ціхан.

Скакуха з шастом Ірына Жук заявіла, што ў яе “ўжо даўно няма веры ў МАК”. “Прыніжэнне беларускіх спартоўцаў, незразумела з якой прычыны. Не ведаю, хто за гэтым стаіць, чым яны кіруюцца, але гэта разбурэнне спорту ва ўсім свеце. Прэзідэнт World Athletics Себасцьян Коў — наш сапернік. “На маім стадыёне вы не ўбачыце расіян і беларусаў” — вось яго словы. Прынцыповая пазіцыя… Гэта патыхае нацыяналізмам або расізмам”, — папракнула спартсменка сусветную закулісу.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў, скакуха ў даўжыню Анастасія Мірончык-Іванава, якая ў 2020-м выступіла ў падтрымку Лукашэнкі, заявіла, што Алімпійскія гульні без “нашых наймацнейшых спартсменаў і спартсменаў брацкай Расіі” — гэта “не Алімпіяда, гэта матчавая сустрэча”.

Анастасія Мірончык-Іванова
Фота: Рыгор Сысоеў / sputnik.by

…А Лукашэнка не супраць

Аляксандр Лукашэнка, які раней ладзіў шоу з адпраўкі беларускай дэлегацыі на Алімпійскія гульні, гэтым разам вырашыў парады на дарогу не даваць.

Сваё стаўленне да ўдзелу суайчыннікаў у АГ-2024 ён выказаў 30 красавіка падчас паездкі ў Касцюковічы (Магілёўская вобласць).

Назваўшы функцыянераў алімпійскага руху “мярзотнікамі”, ён падкрэсліў, што ўдзел — “гэта справа спартсменаў”. “Вядома, хацелася, каб, як гэта належыць, гімн, сцяг ды іншае. Але я разумею спартоўцаў: гэта іх жыццё. Разумеючы гэта, я не настойваю ні на адным з варыянтаў. Калі ён вырашыць удзельнічаць у Алімпіядзе, яшчэ злейшым будзе”, — патлумачыў Лукашэнка сваю пазіцыю. І даў зразумець, што ў плане палітпіяра перамога, якую можна памацаць, для яго важнейшая за размахванне сцягам: “Калі ўжо ты адабраўся і едзеш туды ў нейтральным статусе, набі ім пысу, пакажы ім, што ты сапраўдны беларус. І калі ты выйдзеш пераможцам — гэта для нас добрая тэма для таго, каб мы ім яшчэ і палітычна пысу намылілі”.

Эксперт: Сам факт удзелу беларусаў у Алімпіядзе — станоўчы момант

Допуск некаторых беларускіх спартсменаў, няхай і ў нейтральным статусе, да Гульняў “з’яўляецца правільным”, заявіў у каментары “Позірку” выканаўчы дырэктар Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці (БФСС) Аляксандр Апейкін.

“Абмежаванні могуць тычыцца непасрэдна людзей, якія маюць дачыненне да парушэнняў правоў спартсменаў ці да прамой падтрымкі ваеннай агрэсіі супраць Украіны. Усе астатнія спартсмены, якія прытрымліваюцца прынцыпаў нейтральнасці, якія зацвердзіў МАК, маюць поўнае права на ўдзел. Пагатоў, такі ўдзел адпавядае нашым нацыянальным інтарэсам”, — лічыць Апейкін.

“Чаму адпавядае? Я нядаўна казаў пра такое паняцце, як “спартыўны суверэнітэт”. Гэта магчымасць народаў быць раўнапраўна прадстаўленымі на міжнародных спартовых падзеях. Сюды ўваходзіць і ўласная спартовая дыпламатыя, і дэманстрацыя атрыбутаў нацыянальнай незалежнасці. Удзел беларусаў у Алімпіядзе і любой іншай міжнароднай спартыўнай падзеі — магчымасць падкрэсліць, што яны самастойная нацыя, а Беларусь як дзяржава не страціла свой суверэнітэт. У бягучых няпростых геапалітычных абставінах гэта вельмі важна”, — патлумачыў Апейкін сваю пазіцыю.

Паводле яго слоў, фонд не меў прамога ўзаемадзеяння з МАК па пытанні верыфікацыі атлетаў на нейтралітэт. “Мы накіравалі свае рэкамендацыі па некаторых атлетах. Дарэчы, нашы пазіцыі з МАК па асобных спартсменах усё ж разыходзяцца. Але ўвогуле карціна па нейтральным допуску плюс-мінус аднолькавая і ў нас, і ў МАК”, — сказаў суразмоўца.

Гаворачы аб перспектывах беларусаў у Парыжы, Апейкін зазначыў, што, “натуральна, не варта чакаць высокіх вынікаў”, але сам факт удзелу — “станоўчы момант”.

Аляксандр Апейкін
Фота: "Еўрарадыё"

“Спорт з поспехам замяніла ваеншчына”

У перыяд паміж Алімпіядамі беларускі спорт не стаў мацнейшым. Наўздагон рэпрэсіям і ганенням па спартсменах, якія падпісалі ў 2020 годзе ліст супраць гвалту ў Беларусі (больш за 2 тыс.), ударылі санкцыі.

Няма нічога дзіўнага ў тым, што прапаганда стала менш дэклараваць спартовыя поспехі. Проста іх няма. Аднак, кажа Апейкін, “не варта радавацца таму, што спорт ужо не з’яўляецца апорнай калонай дзяржаўнай прапаганды”, бо “яго з поспехам замяніла ваеншчына”.

Паводле яго слоў, цяпер узровень рэпрэсій у беларускім спорце “прыкладна нулявы”, “але ні пра якую свабоду слова або свабоду выказвання, зразумела, гаворкі не ідзе, спартсменаў не чапаюць, калі яны маўчаць”.

Закрыццё спартыўных арганізацый, якое стала ў апошні час сапраўдным мэйнстрымам, Апейкін тлумачыць рознымі прычынамі: “Кагосьці ў пакаранне за падтрымку пратэстаў у жніўні 2020 года, хтосьці проста страціў актуальнасць”. Гэты працэс “наўрад ці неяк адаб’ецца” на спартыўнай сферы, паколькі яна і так “імкліва стагнуе”.

Кажучы аб падпісантах ліста супраць гвалту, суразмоўца адзначыў, што ва ўсіх свой лёс — хтосьці з’ехаў, хтосьці працягвае працаваць у Беларусі.

Некаторыя, як Крысціна Ціманоўская, Вольга Сафронава і Марыя Жодзік, змянілі грамадзянства і будуць прадстаўляць на Алімпіядзе Польшчу. Многія завяршылі прафесійную кар’еру і перакваліфікаваліся ў трэнеры.

“На жаль, мы не змаглі дамагчыся допуску на Алімпіяду нашых лёгкаатлетаў Святланы Кудзеліч, Вольгі Мазуронак, Яны Максімавай і іншых”, — паскардзіўся выканаўчы дырэктар БФСС. Прычынай ён лічыць “асабістую пазіцыю” прэзідэнта World Athletics Себасцьяна Коў, таму “тут можна смела гаварыць аб дыскрымінацыйным падыходзе да беларускіх спартсменаў”.

“Наш спорт зараз у крытычным стане, — перакананы Апейкін. — Адсутнасць паўнавартаснай міжнароднай спаборніцкай практыкі вельмі моцна адбіваецца на ўсёй спартыўнай сістэме. Натуральна, гульні БРІКС, іншыя лакальныя спаборніцтвы не могуць у поўнай меры замяніць міжнародныя старты”.

Калі такая ізаляцыя працягнецца яшчэ некалькі гадоў, Беларусь “адкаціцца на далёкія пазіцыі ў сусветным спорце”, а “вяртанне на папярэдні ўзровень запатрабуе сур’ёзных намаганняў спецыялістаў і высокіх затрат беларускіх падаткаплацельшчыкаў”, мяркуе суразмоўца.

***

У многіх краінах ёсць традыцыя: падчас буйных спартыўных спаборніцтваў (Алімпіяда, чэмпіянаты свету) вадзіцелі вешаюць на свае аўтамабілі дзяржаўныя флагі. Гэта выглядае вельмі прывабна і сімвалізуе згуртаванне нацыі.

У Беларусі з-за засілля чырвона-зялёных сцягоў, развешаных па разнарадцы дзе толькі магчыма, такое згуртаванне, нават проста збліжэнне, немагчымае. А аўтамабілі характэрных марак і колеру з чырвона-зялёнымі сцягамі яшчэ з пратэстаў 2020 года асацыююцца выключна з прыгнечаннем свабоды і любога іншадумства.

Падзяліцца: