Мінск 19:38

У Беларусі затрыманыя чатыры замежнікі, якія арганізавалі пастаўкі гераіну з Ірана ў ЕС і Вялікабрытанію — СК

Фота: "Позірк"

16 жніўня, Позірк. Затрыманыя чатыры замежнікі, якія з лістапада 2022 года па верасень 2023-га ажыццяўлялі дастаўку гераіну з тэрыторыі Ірана ў краіны Еўрасаюза і Вялікабрытанію, паведамляе Следчы камітэт.

Сцвярджаецца, што наркотык увозіўся ў Беларусь транзітам праз Расію пад выглядам сокаў і газаваных напояў, пасля гэтага ён трапляў на склад у Мінску.

“Злачынная дзейнасць была выяўленая супрацоўнікамі Дзяржаўнага памежнага камітэта пры правядзенні аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў”, — гаворыцца ў паведамленні.

Канфіскавана больш за 320 кг гераіну.

Удзельнікам злачыннай групы прад’яўленыя абвінавачванні паводле ч. 1 арт. 285 (кіраўніцтва структурным падраздзяленнем, якое ўваходзіць у злачынную арганізацыю), ч. 3 арт. 3281 (незаконнае перамяшчэнне праз мытную мяжу Еўразійскага эканамічнага саюза і дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь асабліва небяспечных наркатычных сродкаў у буйным памеры, здзейсненае арганізаванай групай), ч. 4 арт. 328 (незаконныя з мэтай збыту набыццё, захоўванне і перавозка асабліва небяспечных наркатычных сродкаў у буйным памеры, учыненыя арганізаванай групай) Крымінальнага кодэкса.

Затрыманыя ўзятыя пад варту.

17 ліпеня прэс-служба Дзяржаўнага мытнага камітэта паведаміла аб спыненні арганізаванага канала ўвозу забароненых рэчываў і канфіскацыі найбуйнейшай у гісторыі краіны партыі наркотыкаў і псіхатропаў — 1.077 кг. Паводле ацэнкі МУС, раздробны кошт партыі склаў 28 млн долараў.

У МУС таксама паведамлялі, што ў 2023–2024 гадах ва ўзаемадзеянні з Гродзенскай мытняй быў перакрыты аналагічны канал пастаўкі асабліва небяспечных псіхатропных рэчываў з Літвы. Было затрымана 18 удзельнікаў арганізаванай злачыннай групы, якая складаецца з грамадзян Беларусі, Літвы і Расіі, канфіскавана больш за 600 кг асабліва небяспечных псіхатропных рэчываў коштам больш за 20 млн долараў.

Падзяліцца: