СК распачаў крымінальную справу супраць забітага пры затрыманні Ліпскага

16 жніўня, Позірк. Следчы камітэт распачаў крымінальную справу ў дачыненні да Аляксандра Ліпскага, які, як сцвярджаюць сілавікі, пры затрыманні 13 жніўня аказаў супраціў супрацоўнікам МУС, быў паранены з агнястрэльнай зброі і памёр у бальніцы.
Справа заведзеная паводле ч. 1 арт. 14 і арт. 362 КК (замах на забойства супрацоўніка ўнутраных спраў), паведамляе прэс-служба ведамства.
Затрымлівалі Ліпскага па падазрэнні ў здзяйсненні забойства, нагадвае СК.
Адзначаецца, што Ліпскі Аляксандр Уладзіміравіч, які нарадзіўся 13 лістапада 1991 года, жыхар Мінска, “планаваў адпомсціць сваім даўнім знаёмым, праз якіх яго раней асудзілі”. 8 лістапада 2021 года ў доме па праспекце Ракасоўскага ён забіў мінчанку, якая адчыніла яму дзверы. Пасля гэтага Ліпскі паспрабаваў забіць яе мужа, які прачнуўся ад стрэлаў, аднак зброя дала асечку, у выніку чаго “пацярпелы скарыстаўся момантам і, ратуючыся, скокнуў у акно”, атрымаўшы ў выніку падзення “шматлікія цялесныя пашкоджанні”.
СК адзначае, што “на працягу некалькіх гадоў следчымі ва ўзаемадзеянні з супрацоўнікамі міліцыі вялася карпатлівая праца па раскрыцці рэзананснага злачынства. Праваахоўны блок краіны звярнуўся па дапамогу да калег з Расійскай Федэрацыі, бо былі падставы меркаваць, што фігурант можа хавацца за мяжой. Акрамя таго, у вышук была абвешчаная і маці нападніка, якая пасля таго, што адбылося, знікла разам з сынам”.
Адзначаецца, што сёлета ў жніўні супрацоўнікі міліцыі атрымалі інфармацыю пра месцазнаходжанне фігуранта, які пры затрыманні “адкрыў агонь з пісталета па супрацоўніках АМАП і крымінальнага вышуку ГУУС Мінгарвыканкама”. “Агнём у адказ праваахоўнікаў нападніку прычыненыя цялесныя пашкоджанні, ад якіх ён памёр у лякарні”, — гаворыцца ў паведамленні.
Пра тое, што супрацоўнікі міліцыі з ужываннем агнястрэльнай зброі затрымалі Ліпскага, які аказаў узброены супраціў, прэс-служба МУС паведаміла 13 жніўня. Пазней у той жа дзень стала вядома, што ён памёр ад атрыманых пры затрыманні раненняў.
Гэта як мінімум другая смерць пры затрыманні міліцыяй з лістапада мінулага года.
19 лістапада 2023 года пры званку ў Рэчыцкі РАУС (Гомельская вобласць) жыхар вёскі Ліскі заявіў, што ў бок яго дома стралялі знаёмыя. Міліцыянты затрымалі 36-гадовага мужчыну. Другога знайшлі з паляўнічай стрэльбай на адной з вуліц вёскі. “На неаднаразовыя патрабаванні пакласці зброю на зямлю вясковец не рэагаваў і рухаўся са стрэльбай, накіраванай у бок міліцыянтаў і грамадзянскіх асоб. Супрацоўнікі зрабілі папераджальныя стрэлы ў паветра, затым адзін на паразу”, — паведаміла тады прэс-служба МУС. Мужчына памёр у бальніцы.
Затрыманні са стральбой адбываюцца ў Беларусі рэгулярна.
Агнястрэльная зброя была ўжытая пры затрыманні мужчыны 12 ліпеня ў Мінску.
У канцы чэрвеня ў Буда-Кашалёве (Гомельская вобласць) супрацоўнікі МУС з ужываннем зброі затрымалі 62-гадовага мясцовага жыхара. Сцвярджалася, што мужчына “кідаўся з нажом на навакольных”. З раненнем у правую нагу затрыманага даставілі ў бальніцу.
У сярэдзіне красавіка міліцыянер страляў у 59-гадовага жыхара вёскі Малыя Бортнікі (Бабруйскі раён Магілёўскай вобласці), які пагражаў касой.
У студзені было два затрыманні са стральбой — у Клічаве (Магілёўская вобласць) і Гродне.


- Грамадства
- ГрамадстваЗа апошнія пяць дзён у Беларусі перапісана больш за 70 тэмпературных рэкордаў (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 13 сакавіка 2026 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- ЭканомікаУ студзені 2026 года адмоўнае сальда знешняга гандлю інвестыцыйнымі таварамі склала амаль 60 млн долараўМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства
- Эканоміка
- Палітыка, Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства
- Бяспека, Палітыка
- Эканоміка

