Мінск 15:18

Германія перакідвае тэхніку да мяжы Літвы і Беларусі для ваенных вучэнняў

Крыніца: pixabay.com

19 жніўня, Позірк. Больш за 650 адзінак ваеннай тэхнікі будзе перакінута ў Літву па сушы і моры нямецкай брыгадай падвышанай пільнасці для правядзення вучэнняў Grand Eagle-2/24, якія працягнуцца да 8 верасня. Пра гэта паведаміла літоўская тэлерадыёкампанія LRT са спасылкай на інфармацыю войска Літвы.

У прыватнасці, адзначаецца, што з 19 па 22 жніўня па дарогах Літвы будзе рухацца ваенная тэхніка 21-й брыгады павышанай пільнасці Бундэсвера, накіроўваючыся ад польскай мяжы да палігона генерала Сільвестраса Жукаўскаса ў Пабрадэ. Палігон Пабрадэ знаходзіцца за 15 км ад мяжы з Беларуссю.

Заяўленая мэта вучэнняў — адпрацоўка аператыўнага перакідання нямецкіх падраздзяленняў у Літву для абароны ўсходняга флангу НАТО. Падчас вучэнняў будуць правярацца хуткасць і эфектыўнасць перадыслакацыі германскай арміі і яе ўзаемадзеянне з УС Літвы, што крытычна важна для забеспячэння тэрытарыяльнай цэласнасці краіны і падтрымання высокай боегатоўнасці войскаў, адзначае літоўская тэлерадыёкампанія.

Таксама ў матэрыяле нагадваецца, што з 2022 года нямецкая брыгада падвышанай пільнасці нясе дзяжурства ў Літве, а са снежня мінулага года камандаванне гэтай брыгадай колькасцю каля 4 тыс. чалавек было перададзена 21-й брыгадзе Бундэсвера, якая ўваходзіць у сілы хуткага рэагавання арміі Германіі.

18 жніўня камандуючы ВПС і войскамі СПА Беларусі Андрэй Лук’яновіч заявіў у інтэрв’ю тэлеканалу СТБ, што абстаноўка ў блізкім памежжы цяпер “няпростая”, таму неабходна загадзя рыхтавацца да “адкрытага супрацьстаяння Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі з блокам НАТО”. Ён таксама адзначыў, што ў Польшчы і краінах Балтыі мадэрнізавана пяць аэрадромаў, дзве ваенна-марскія базы і шэсць буйных палігонаў.

Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв’ю тэлеканалу “Расія” (запісана і часткова апублікавана 15 жніўня, новыя фрагменты з’явіліся 18 жніўня) прыгразіў наступам на захад.

“Не першы год мы з Пуціным плануем абарону заходняга напрамку. Не першы год у нас абарончыя планы існуюць, а калі трэба, мы іх перавядзем і ў наступальныя”, — сказаў Лукашэнка.

“Таму хай яны там не шалеюць і не радуюцца, што яны тут, ведаеце, мы валяемся з Пуціным на падлозе, яны каленам сталі нам на грудзі і ціснуць нас. Нічога падобнага. Мы бачым, адкуль можа быць нанесены самы сур’ёзны ўдар па нашым Саюзе і па нашай сумеснай групоўцы, таму на Захадзе мы нічога не аслабляем”, — заявіў ён.

Паводле слоў Лукашэнкі, беларускія ўлады “войска сваё ўзмацнілі — нарэшце ўзмацнілі — сур’ёзнай зброяй, вы ведаеце яго, расійскай, і звычайнай, і тактычнай ядзернай”.

Падзяліцца: