Мінск 18:31

Кіраўнік армянскай партыі: Беларусь уяўляе пагрозу нацыянальнай бяспецы

Арман Бабаджанян
Фота: фэйсбук-старонка Армана Бабаджаняна

21 жніўня, Позірк. Арменія не можа мець дыпламатычных стасункаў з Беларуссю, краінай, якая “ўяўляе пагрозу нацыянальнай бяспецы”, заявіў старшыня армянскай партыі “У імя Рэспублікі” Арман Бабаджанян на акцыі, якая прайшла 21 жніўня перад амбасадай Беларусі, піша партал “Аравот”.

На думку палітыка, “дастатковай падставай” спыніць дыпламатычныя стасункі “з гэтым дыктатарскім рэжымам” з’яўляецца тое, што “Лукашэнка пацвердзіў: ён быў у курсе, што Азербайджан рыхтуецца да вайсковага нападу на Арменію і Арцах”.

“Лічу, што ў найбліжэйшай будучыні мы павінны прыступіць да таго, каб сапраўдны лідар, які атрымаў голас народа Беларусі, Святлана Ціханоўская, атрымала афіцыйнае запрашэнне і наведала дэмакратычную Арменію, сустрэлася з грамадзянскай супольнасцю і ўладамі Арменіі. Менавіта яна сёння прадстаўляе народ Беларусі і беларускую дзяржаву перад сусветнымі лідарамі”, — заявіў Бабаджанян.

З патрабаваннем “неадкладна разарваць дыпламатычныя стасункі з Беларуссю да зрынання дыктатара Лукашэнкі з пасады” прадстаўнікі дэмсіл Арменіі выйшлі 21 жніўня да амбасады Беларусі ў гэтай краіне. Прадстаўнікі партыі “У імя Рэспублікі” закідалі будынак дыпмісіі яйкамі, памідорамі і бульбай.

Патрабаванне аб разрыве дыпадносін згадваецца ў заяве Кансультатыўнай платформы дэмакратычных сіл Арменіі, тэкстам якой падзяліўся з “Позіркам” палітолаг, эксперт Армянскага цэнтра палітычных і міжнародных даследаванняў Рубен Меграбян, які з’яўляецца адным з арганізатараў акцыі.

Дзеянні дэмсілаў Арменіі сталі рэакцыяй на інтэрв’ю Лукашэнкі дзяржаўнаму тэлеканалу РФ “Россия”, у якім ён раскрытыкаваў курс армянскіх уладаў на збліжэнне з Захадам.

“Вы бачыце палітыку. Я нават не звяртаў увагі і казаць не хачу пра Арменію. Ну што гэта за палітыка? Ну каму армяне патрэбныя, акрамя нас? Нікому яны не патрэбныя. Хай развіваюць сваю эканоміку і арыентуюцца на тое, што ў іх ёсьць. Якая Францыя, які [прэзідэнт] Макрон? Заўтра не будзе Макрона, і ўсе забудуць пра гэтую Арменію”, — сказаў Лукашэнка.

Ціханоўская выступіла з “катэгарычным асуджэннем” абразлівых выказванняў Лукашэнкі пра Арменію.

21 жніўня ў беларускае МЗС быў выкліканы часовы павераны ў справах Арменіі ў Мінску Нарэк Тыратуран.

“Армянскі дыпламат быў падрабязна праінфармаваны аб учыненым групай асоб акце вандалізму ў дачыненні да будынка амбасады Беларусі ў Ерэване, нанесенай беларускай дыпмісіі шкодзе і відавочна недастатковых мерах армянскіх праваахоўных органаў па яго прадухіленні”, — гаворыцца ў паведамленні знешнепалітычнага ведамства.

22 траўня армянскі прэм’ер-мірністр Нікол Пашынян заявіў у парламенце: “У падрыхтоўцы 44-дзённай вайны 2020 года ўдзельнічалі не з нашага боку нашы саюзнікі. Я ведаю як мінімум дзве краіны — члена АДКБ, якія ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы вайны супраць нас. Гэтыя краіны, магчыма, стваралі імітацыю дапамогі нам”. З ягоных слоў, вайна з Азербайджанам была “не праз Нагорны Карабах”, а “пра тое, каб Арменія нічога з сябе не ўяўляла”, яе мэтай было “спыненне існавання Арменіі”.

Кіраўнік армянскага ўрада не ўдакладніў, якія краіны мае на ўвазе, але мімаходзь згадаў у сваёй прамове Лукашэнку.

У чэрвені Пашынян заявіў, што Арменія выйдзе з АДКБ.

44-дзённай вайной Ерэван называе ваенныя дзеянні Азербайджана супраць Арменіі і самаабвешчанай Нагорна-Карабахскай Рэспублікі (НКР) восенню 2020 года. Тады канфлікт быў спынены пры пасярэдніцтве Расіі. Праз тры гады Баку правёў у Нагорным Карабаху “антытэрарыстычныя мерапрыемствы лакальнага характару”, у выніку якіх рэгіён цалкам перайшоў пад яго кантроль, а НКР спыніла існаванне.

Падзяліцца: