Мінск 06:07

На беларуска-польскай мяжы выяўленыя збітыя мігранты і цяжарная — ДПК

Скрыншот відэазапісу ДПК

23 жніўня, Позірк. На беларуска-польскай мяжы ў Бераставіцкім раёне (Гродзенская вобласць) выяўленая цяжарная мігрантка і чатыры збітыя замежнікі, паведамляе Дзяржаўны пагранічны камітэт (ДПК).

Паводле сцвярджэння ведамства, яны распавялі, што былі затрыманыя на сумежнай тэрыторыі і жорстка збітыя: “Перад тым як выпхнуць на беларускі бок, польскія вайскоўцы білі іх прыкладамі зброі і дубінкамі, наносілі ўдары па галаве і канечнасцях, запалохвалі службовымі сабакамі. Жанчына, якая была ў групе, яшчэ на польскім баку адчула сябе дрэнна і прасіла аб дапамозе. Паводле слоў бежанкі, яна цяжарная”.

Беларускія памежнікі “аператыўна выклікалі брыгаду медыкаў”. Папярэдне, у замежнікаў дыягнаставаны пералом нагі, моцныя ўдары верхніх і ніжніх канечнасцяў, шматлікія гематомы, прыкметы пнеўманіі, агульнае пераахаладжэнне і знямогу, гаворыцца ў рэлізе.

Трое мужчын і жанчына шпіталізаваныя ў Бераставіцкую цэнтральную раённую бальніцу. На месцы працавала следча-аператыўная група.

“Увядзенне буфернай зоны на мяжы з Беларуссю, забарона на дапамогу ўцекачам і працу СМІ ў памежжы дазваляюць польскім уладам хаваць злачынствы ў дачыненні да замежнікаў”, — сцвярджае ДПК.

З пачатку года “дзеянні польскіх вайскоўцаў на мяжы з Беларуссю прывялі да гібелі чатырох уцекачоў”, заяўляе ведамства.

За 70 дзён працы буфернай зоны на мяжы з Беларуссю колькасць спробаў нелегальнага пранікнення на тэрыторыю Польшчы скарацілася амаль на 70%, паведамляла напярэдадні прэс-служба ўрада гэтай дзяржавы. З 13 чэрвеня гэтага года зафіксавана 4.276 такіх спробаў, а з 5 красавіка да 12 чэрвеня — больш за 13.675, гаворыцца ў паведамленні. З пачатку дзеяння буфернай зоны затрымана 230 кур’ераў, якія незаконна перапраўлялі мігрантаў.

Не менш за 116 нелегальных мігрантаў, у тым ліку 15 жанчын, памерла на мяжы Беларусі з краінамі ЕС за тры гады — з вясны 2021-га па канец сакавіка 2024-га, вынікае з дакладу “Бяспечнага шляху няма. Смерці мігрант_ак на мяжы Еўрапейскага саюза і Беларусі” праваабарончай арганізацыі Human Constanta. Непасрэдна на тэрыторыі Беларусі на канец сакавіка 2024 года памерла не менш 47 чалавек.

Human Constanta адзначае, што з лета 2021 года Польшча, Літва і Латвія ў дачыненні да нелегальных мігрантаў выкарыстоўваюць практыку “выштурхоўвання” назад на беларускую тэрыторыю, што супярэчыць “праву ЕС і міжнароднаму праву”.

Для развязання міграцыйнага крызісу і зніжэння смяротнасці на мяжы праваабаронцы рэкамендуюць краінам ЕС аднавіць адпаведнасць “законаў і пастаноў міжнароднаму праву і канстытуцыям дзяржаў шляхам ліквідацыі выштурхоўванняў з прававых сістэм Польшчы, Літвы і Латвіі”.

Больш за 80 спробаў незаконнага пранікнення з беларускай тэрыторыі спынілі 21 жніўня суседнія краіны Еўрасаюза, сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз даных іх пагранічных службаў.

Латвія прадухіліла 36 спробаў, Польшча — “амаль 50” (больш дакладныя звесткі цяпер з’яўляюцца на дзень пазней), на літоўскім кірунку нелегалы не выяўленыя (напярэдадні там быў зафіксаваны рэкорд апошняга месяца — 25 спробаў перасячэння мяжы).

Падзяліцца: