Мінск 15:17

Атрады народнага апалчэння будуць фармаваць з улікам стаўлення кандыдатаў да дзяржпалітыкі

Фота: rodniva.by

3 лістапада, Позірк. Пры камплектаванні атрадаў народнага апалчэння будуць прымацца да ўвагі адносіны кандыдата да палітыкі, якая праводзіцца дзяржавай, гатоўнасць яго да ўдзелу ва ўзброенай абароне краіны, узровень яго ваеннай падрыхтоўкі, гаворыцца ў пастанове Савета міністраў Беларусі № 750 ад 1 лістапада 2023 года “Аб парадку фарміравання і забеспячэння народнага апалчэння”.

Дакумент вызначае парадак фармавання і расфармавання народнага апалчэння, камплектавання і вядзення ўліку добраахвотнікаў народнага апалчэння, залічэння добраахвотнікаў у народнае апалчэнне і выхаду з яго, а таксама парадак падрыхтоўкі і забеспячэння іх дзейнасці.

Фарміраванне атрадаў будзе ажыццяўляецца “на добраахвотнай аснове з ліку асоб, у тым ліку ваеннаабавязаных, здольных па стану здароўя прымаць удзел у выкананні задач па забеспячэнні ваеннага становішча на тэрыторыі асобнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай (тэрытарыяльнай) адзінкі”.

Адбор кандыдатаў у добраахвотнікі “ажыццяўляецца выканкамамі пярвічнага ўзроўню, мясцовымі адміністрацыямі, мясцовымі саветамі абароны па ўзгадненні з тэрытарыяльнымі органамі ўнутраных спраў, органамі дзяржаўнай бяспекі, мясцовымі органамі ваеннага кіравання і арганізацыямі аховы здароўя з улікам абмежаванняў, устаноўленых заканадаўствам”.

Абвестка аб пачатку фарміравання народнага апалчэння ажыццяўляецца выканкамамі, мясцовымі адміністрацыямі, мясцовымі саветамі абароны “з выкарыстаннем усіх наяўных у іх распараджэнні сродкаў масавай інфармацыі, каналаў сувязі, а таксама з дапамогай асабістых зносін”.

Пасля залічэння ў атрад народнага апалчэння кожнаму добраахвотніку выдаецца пасведчанне, зброя і боепрыпасы да яго.

Пры ўзгадненні ў тэрытарыяльным органе ўнутраных спраў асоб, якія плануюцца да назначэння камандзірамі атрадаў і іх намеснікамі, “падлягаюць вывучэнню наступныя акалічнасці: наяўнасць звестак аб правапарушэннях, якія захоўваюцца ў адзіным дзяржаўным банку даных аб правапарушэннях; здзяйсненне дзеянняў, якія ствараюць пагрозу нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь”.

Аптымальная колькасць атрада народнага апалчэння, як правіла, не павінна перавышаць 100 чалавек, групы народнага апалчэння — 20 чалавек. “Структура і колькасць атрадаў народнага апалчэння вызначаюцца з улікам аб’ёму, спецыфікі выкананых імі задач, а таксама перыядычнасці і спосабаў іх выканання”, — адзначаецца ў дакуменце.

Асноўнымі спосабамі выканання задач атрадамі народнага апалчэння з’яўляюцца “патруляванне і выстаўленне пастоў на вуліцах, участках мясцовасці і аб’ектах для прадухілення і спынення правапарушэнняў”.

Падзяліцца: