Мінск 16:02

Пастаянны прадстаўнік Беларусі ў ААН заявіла аб магчымай адмене забароны на падаўжэнне пашпартоў у дыпмісіях за мяжой

Фота: "Позірк"

27 жніўня, Позірк. Забарона падаўжэння тэрміну дзеянняў пашпартоў у дыпмісіях Беларусі за мяжой можа аказацца “часовай мерай”, якая, “магчыма, з цягам часу будзе скасаваная”.

Такую заяву зрабіла пастаянны прадстаўнік краіны пры аддзяленні ААН у Жэневе Ларыса Бельская 27 жніўня на пасяджэнні Камітэта ААН па правах людзей з інваліднасцю, паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Паводле слоў Бельскай, дыпламатычныя місіі не падаўжаюць пашпарты для беларусаў, у тым ліку для людзей з інваліднасцю, бо ў краіне “было змененае заканадаўства ў дачыненні да пацверджання дакументаў за мяжой”.

“Звязана гэта ў тым ліку з такімі палітычнымі праблемамі, як увядзенне санкцый супраць Беларусі”, — сказала дыпламат.

Паводле яе слоў, часам “пашпарты і дакументы, якія пацвярджаюць асобу для людзей, у сілу санкцый ЕС і іншых заходніх краін проста немагчыма даставіць своечасова і ў тэрмін у нашы замежныя ўстановы за мяжой”.

У сувязі з гэтым, сцвярджае Бельская, была прынятая пастанова, згодна з якой “людзі, якія хацелі б падоўжыць свае дакументы, маюць магчымасць вярнуцца з-за мяжы ў Рэспубліку Беларусь і зрабіць гэта ў Рэспубліцы Беларусь”.

Пры гэтым, падкрэсліла яна, “цяпер сітуацыя такая”, і ўлады Беларусі дзейнічаюць “у рамках закона”.

“У дачыненні да вялікай колькасці інвалідаў, якія выехалі з Рэспублікі Беларусь і маюць патрэбу ў змене і пацверджанні сваіх дакументаў, нам такія звесткі невядомыя”, — заявіла пастаянны прадстаўнік.

4 верасня 2023 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ № 278 “Аб парадку выдачы дакументаў і здзяйснення дзеянняў”, які пазбавіў замежныя ўстановы Беларусі магчымасці падаўжаць тэрмін дзеяння пашпарта беларускага грамадзяніна і выдаваць новыя дакументы. Гэта стварыла сур’ёзную праблему для беларусаў, якія не маюць магчымасці выехаць у Беларусь для абмену дакументаў.

“Пашпартны ўказ” № 278 з’яўляецца часткай “мэтанакіраванай палітыкі пакарання беларусаў, якія з’ехалі”, уключаючы праваабаронцаў, журналістаў і прадстаўнікоў апазіцыі “за іх палітычную нелаяльнасць”, гаворыцца ў заяве экспертаў ААН, апублікаванай 20 верасня мінулага года на сайце Упраўлення вярхоўнага камісара па правах чалавека.

Гэты ўказ, лічаць аўтары дакумента, уяўляе сабой прыклад “злоўжывання мерамі бяспекі”. “Асабліва моцна” ён паўплывае на “тых, хто быў вымушаны пакінуць краіну ў сувязі з масавымі рэпрэсіямі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года”, яны “не змогуць спакойна вярнуцца ў Беларусь”.

18 чэрвеня спецыяльны дакладчык Савета ААН па правах чалавека (СПЧ) у Беларусі Анаіс Марэн у сваім дакладзе рэкамендавала дзяржавам — членам ААН і іншым членам міжнароднай супольнасці “прыняць захады ў адпаведнасці з унутраным заканадаўствам дзяржаў — членаў ААН для ліквідацыі рызыкі масавай страты беларускімі грамадзянамі за мяжой пасведчанняў асобы і праязных дакументаў”.

Пасля ўступлення ў сілу ўказа № 278 шэраг заходніх краін спрасцілі працэдуры легалізацыі на сваёй тэрыторыі грамадзян Беларусі, якія асцерагаюцца вяртацца на радзіме пад пагрозай палітычнага пераследу.

Падзяліцца: