Мінск 10:19

Папулярны распрацоўшчык мабільных гульняў SayGames сыходзіць з беларускага рынку

Крыніца: say.games

28 жніўня, Позірк. З 19 чэрвеня ў стадыі ліквідацыі знаходзіцца кампанія “Кажыгульні” — беларуская юрыдычная асоба папулярнага распрацоўшчыка мабільных гульняў SayGames, вынікае з інфармацыі на партале kartoteka.by.

Кампанія SayGames заснаваная ў 2017 годзе. Сузаснавальнік і гендырэктар — выпускнік БДУ Ягор Вайханскі.

SayGames з’яўляецца адным з самых паспяховых праектаў з беларускімі каранямі па стварэнні мабільных гульняў. На сайце выдаўца паведамляецца, што ён запусціў 105 гульняў, а колькасць іх загрузак па ўсім свеце ў лютым 2023 года перавысіла 4 млрд. Найбольш вядомыя з гульняў — My Little Universe і My Perfect Hotel, якая стала ў 2023 годзе самай загружанай мабільнай гульнёй у свеце.

Кампанія мае два офісы на Кіпры (Лімасол і Пафас) і адзін — у Польшчы (Варшава).

У 2022 годзе правяла рэструктурызацыю, у выніку якой ліквідавала беларускую юрыдычную асобу “СейГеймс”. У Беларусі засталася працаваць “Кажыгульні”, якая ў 2021 годзе ўвайшла ў Парк высокіх тэхналогій. Яе аперацыйны дырэктар Дзяніс Вайханскі ў студзені 2022 года заяўляў парталу dev.by, што кампанія не збіраецца сыходзіць з ПВТ. На той момант распрацоўшчык мабільных гульняў працягваў наймаць супрацоўнікаў у Мінску.

У жніўні 2020 года Ягор і Дзяніс Вайханскія падпісалі ліст з заклікам “спыніць любы гвалт у дачыненні да мірных пратэстаў, спыніць здзекі над затрыманымі, спыніць масавае выштурхоўванне людзей з краіны”.

Dev.by адзначае, што акрамя SayGames ў 2024 годзе спынілі або спыняюць бізнес у Беларусі такія распрацоўшчыкі мабільных гульняў як Playtika (Ізраіль), Belka Games і Apolon (абодва — з беларускімі каранямі).

У ліпені 2022 года заснаваны ў 1998-м у Мінску сусветны распрацоўшчык камп’ютарных гульняў Wargaming прадаў кампаніі, якія належалі яму у Беларусі і РФ, расійскаму бізнесмену Маліку Хатажаеву.

Кампанія сярод іншага распрацавала танкавы сімулятар World Of Tanks — адну з самых паспяховых кампутарных гульняў у свеце.

Падзяліцца: