Мінск 17:50

Новы канал у структуры Белтэлерадыёкампаніі атрымае назву “Першы інфармацыйны”

Крыніца: ixbt.com

28 жніўня, Позірк. “Шматгадзіннае вяшчанне навін у цалкам новых студыях” з “унікальнай графічнай упакоўкай” анансавала Агенцтва тэленавін (АТН), якое ўваходзіць у структуру Белтэлерадыёкампаніі, на новым “інфармацыйным тэлеканале”.

Ён будзе называцца “Першы інфармацыйны”. На ім, паводле рэлізу, апрабуюць “новыя фарматы праектаў і спецрэпартажаў”, плануецца “шмат эксклюзіву”, “аўтарскія рубрыкі”, дакументалістыка, прамыя трансляцыі і тэлеверсіі “самых значных падзей у краіне”.

“Паралельна з запускам тэлеканала будзе запушчаны абноўлены сайт Белтэлерадыёкампаніі “NEWS.BY”, — паведамляе АТН.

У вяшчальнай сетцы Белтэлерадыёкампаніі цяпер восем тэлеканалаў.

Стварэнне “інфармацыйнага канала” на базе Белтэлерадыёкампаніі анансавала 28 чэрвеня прэс-сакратар Аляксандра Лукашэнкі Наталля Эйсмант.

Яна паведаміла, што займаецца праектам разам з намеснікам кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта, экс-міністрам інфармацыі Уладзімірам Пярцовым, старшынёй Белтэлерадыёкампаніі Іванам Эйсмантам (муж) і “пулам кіраўнікоў”.

У сакавіку 2022 года Лукашэнка ўвёў абавязковы збор з рэкламадаўцаў на падтрымку дзяржаўных СМІ. Яны атрымліваюць 10% кошту рэкламных паслуг за размяшчэнне вонкавай рэкламы і рэкламы на транспарце, у астатніх выпадках — 20%. Таксама на фінансаванне “вытворчасці беларускага (нацыянальнага) кантэнту ў дзяржаўных сродках масавай інфармацыі” накіроўваецца 1/26 частка ПДВ, які паступіў у бюджэт пры рэалізацыі паслуг перадачы даных.

Тым часам у Беларусі не спыняецца пераслед незалежных журналістаў і блогераў. Па стане на 28 жніўня у турмах утрымліваецца 35 супрацоўнікаў СМІ. Пераважная большасць незалежных СМІ пазбаўленая магчымасці працаваць у краіне, іх дзейнасць, а таксама любое супрацоўніцтва з імі дэ-факта крыміналізаваныя пад выглядам барацьбы з экстрэмізмам. Многія рэдакцыі за мяжой акрамя маральнага ціску з-за неадэкватных умоў працы маюць матэрыяльныя цяжкасці.

Падзяліцца: