Мінск 23:44

Офіс Ціханоўскай праводзіць кансультацыі з МЗС Швецыі ў сувязі з дэпартацыяй з краіны грамадзян Беларусі

Крыніца: тэлеграм-канал Святланы Ціханоўскай

30 жніўня, Позірк. Офіс Святланы Ціханоўскай праводзіць кансультацыі з Міністэрствам замежных спраў і міграцыйным агенцтвам Швецыі ў сувязі з дэпартацыяй з гэтай краіны двух грамадзян Беларусі, паведаміў галоўны дарадца дэмлідара Франак Вячорка.

Паводле яго слоў, якія перадае прэс-служба Ціханоўскай, кансультацыі таксама праходзяць з урадам Літвы і амбасадай гэтай балтыйскай краіны ў Швецыі.

Вячорка адзначыў, што сумесная праца офіса са шведскім бокам дазволіла “пераацаніць сітуацыю” ў Беларусі, якая “больш не лічыцца бяспечнай краінай для вяртання”.

Цяпер важна, каб “міграцыйная служба [Швецыі] дзейнічала ў адпаведнасці з новымі інструкцыямі — яна прымае рашэнні незалежна ад урада”, сказаў Вячорка. “Агенцтва па міграцыі абяцае супрацоўнічаць і садзейнічаць у гэтым пытанні”, — дадаў ён.

Офіс, падкрэсліў дарадца, прапанаваў увесці мараторый на дэпартацыю беларускіх грамадзян са Швецыі.

“Міграцыйная служба на працягу месяцаў абяцае перагледзець апошнія рашэнні па беларусах, і мы дамаўляемся, каб да завяршэння праверак дэпартацыі былі прыпыненыя”, — заявіў Вячорка.

Акрамя гэтага, паводле яго слоў, Офіс Ціханоўскай прыступіў да “распрацоўкі для беларусаў інструкцый і парадаў, якія дапамогуць прадухіліць падобныя сітуацыі”.

28 жніўня шведскае Sveriges Radio паведаміла, што грамадзянін Беларусі, якому міграцыйная служба Швецыі адмовіла ў прадастаўленні прытулку, затрыманы паводле палітычных матываў па вяртанні на радзіму.

Адзначалася, што ён прыбыў у краіну з маці два гады таму. Прытулку папрасілі, бо “абодва ўдзельнічалі ў шырокамаштабных акцыях пратэсту пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года”.

Паводле інфармацыі СМІ, у заявах на атрыманне міграцыйнага статусу гаварылася, што ў Беларусі супраць маці і сына распачатая крымінальная справа, і “яны баяцца, што іх пасадзяць у турму”.

Іх просьбы былі адхіленыя.

Гэта адбылося яшчэ ў 2023 годзе, а на мінулым тыдні, як сцвярджалася, мужчыну і яго маці дэпартавалі са Швецыі ў Беларусь праз тэрыторыю Літвы.

Адзначалася, што беларуса “арыштавалі проста на мяжы”. Пра лёс жанчыны не паведамлялася.

Пазней у той жа дзень стала вядома, што ўвосень шведскае міграцыйнае агенцтва перагледзіць справы аб прадастаўленні прытулку грамадзянам Беларусі. Раней ведамства падвяргалася крытыцы за выкарыстанне састарэлай інфармацыі, якая не адлюстроўвае шырокамаштабных рэпрэсій у краіне, праз што грамадзянам адмаўлялі ў прытулак.

Падзяліцца: