Мінск 14:52

“Народная амбасада” ў Швецыі сістэматызавала выпадкі адмоў беларусам у прытулку

Крыніца: pixabay.com

1 верасня, Позірк. “Народная амбасада Беларусі” ў Швецыі падрыхтавала збор “найбольш тыповых аргументаў, якія выкарыстоўваюцца для адмовы беларусам ⟨…⟩ у прытулку”, паведамляецца ў тэлеграм-канале ініцыятывы.

Ён уключае спасылкі на справаздачы міжнародных арганізацый і дакументы шведскага Міграцыйнага агенцтва.

Сцвярджаецца, што на дадзены момант мігранцыйнае ведамства часта выкарыстоўвае “чатыры асноўныя аргументы для адмовы ў прытулку”: “Пра тое, што калі чалавек змог легальна пакінуць Беларусь, гэта значыць, што ён не знаходзіцца ў небяспецы; пра “абмежаванае распаўсюджанне” крытычных запісаў у сацыяльных сетках, што быццам зніжае рызыку рэпрэсій; пра тое, што чалавек не меў значнай ролі ў апазіцыі, і таму не павінен быць у зоне рызыкі; што заяўка на прытулак не падавалася адразу пасля падзей 2020 года, што нібыта сведчыць пра адсутнасць тэрміновай патрэбы ў абароне”.

Дакумент зроблены на шведскай мове, “таму што ён у першую чаргу накіраваны на шведскіх юрыстаў”, але таксама мае машынны пераклад на беларускую.

28 жніўня шведскае Sveriges Radio паведаміла, што грамадзянін Беларусі, якому міграцыйная служба Швецыі адмовіла ў прадастаўленні прытулку, затрыманы паводле палітычных матываў па вяртанні на радзіму.

Адзначалася, што ён прыбыў у краіну з маці два гады таму. Прытулку папрасілі, бо “абодва ўдзельнічалі ў шырокамаштабных акцыях пратэсту пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года”.

Паводле інфармацыі СМІ, у заявах на атрыманне міграцыйнага статусу гаварылася, што ў Беларусі супраць маці і сына распачатая крымінальная справа, і “яны баяцца, што іх пасадзяць у турму”.

Іх просьбы былі адхіленыя.

Гэта адбылося яшчэ ў 2023 годзе, а на мінулым тыдні, як сцвярджалася, мужчыну і яго маці дэпартавалі са Швецыі ў Беларусь праз тэрыторыю Літвы.

Адзначалася, што беларуса “арыштавалі проста на мяжы”. Пра лёс жанчыны не паведамлялася.

Пазней у той жа дзень стала вядома, што ўвосень шведскае міграцыйнае агенцтва перагледзіць справы аб прадастаўленні прытулку грамадзянам Беларусі. Раней ведамства падвяргалася крытыцы за выкарыстанне састарэлай інфармацыі, якая не адлюстроўвае шырокамаштабных рэпрэсій у краіне, праз што грамадзянам адмаўлялі ў прытулак.

У Швецыі распачата ўнутранае расследаванне рашэння Міграцыйнай службы аб дэпартацыі двух грамадзян Беларусі, паведамлецца ў тэлеграм-канале кіраўніка Народнана антыкрызіснага ўпраўлення Паўла Латушкі па выніках яго сустрэчы з дзяржаўным сакратаром па справах ЕС Крысціянам Даніельсанам.

Падзяліцца: