Мінск 17:22

Колькасць першакласнікаў у Беларусі за апошнія тры гады скарацілася на 13 тыс.

Архіўнае фота: "Віртуальны Брэст"

2 верасня, Позірк. 2 верасня 2024 года ў 2.655 сярэдніх навучальных установах пачынаюць вучыцца 1 млн 70 тыс. чалавек, паведамляе Міністэрства адукацыі. Паводле звестак Белстата, год таму было 2.872 установы агульнай сярэдняй адукацыі і 1 млн 90 тыс. навучэнцаў.

Колькасць першакласнікаў на працягу апошніх трох гадоў зніжаецца, вынікае з праведзенага “Позіркам” аналізу афіцыйнай статыстыкі. Сёлета ў школу пойдуць каля 105 тыс. першакласнікаў, летась іх было 110 тыс., годам раней — 115 тыс., у 2021-м — 118 тыс.

У сярэдніх навучальных установах на пачатак мінулага навучальнага года (актуальныя звесткі пакуль не апублікаваныя) працавала 103,3 тыс. настаўнікаў, у сярэднім на аднаго настаўніка па краіне прыпадала 11 вучняў, у гарадскіх школах — 13, у сельскіх — 6.

На падставе рашэння Мінадукацыі, першы ўрок у новым навучальным годзе пройдзе на тэму “Мы маем чым ганарыцца, мы маем што берагчы!”. У размешчаных на Нацыянальным адукацыйным партале рэкамендацыях да ўрока адзначаецца, што ў якасці эпіграфа да яго трэба выкарыстоўваць цытату Аляксандра Лукашэнкі: “Мы маем галоўнае, што мы павінны захаваць і перадаць нашчадкам, — гэта наша любімая радзіма, наша Беларусь. Нам не трэба чужога, свой дабрабыт мы створым самі, сваёй працай і на сваёй зямлі”.

Змест першага ўрока рэкамендуецца звязаць “са знакавымі падзеямі 2024 года: 80 гадоў вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў; Год якасці; 30 гадоў інстытуту прэзідэнцтва ў Беларусі”. Першы ўрок прапануецца правесці ва ўрачыстай абстаноўцы, запрасіўшы ў якасці гасцей прадстаўнікоў дзяржорганаў, членаў праўладнага Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі ды інш.

Школьнікі будуць вучыцца па тых жа праграмах, што і ў летась. Аднак з’явяцца некаторыя факультатыўныя заняткі з акцэнтам на выхаванне патрыятызму, бо ў беларускай школе галоўнае “не навучанне, а выхаванне”, заявіў міністр адукацыі Андрэй Іванец на пашыраным педсавеце 27 жніўня з удзелам Лукашэнкі.

Напрыклад, уводзіцца факультатыў “Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму” для 8-х (9-х) класаў у рамках пагаднення паміж дзяржавай і Беларускім экзархатам Рускай праваслаўнай царквы. Дэ-факта гэта працяг факультатыву для навучэнцаў, якія пачалі яго наведваць пасля ўкаранення ў 2021 годзе, будучы ў 5-м (6-м) класе.

У новым навучальным годзе ва ўсіх класах школ штомесяц будзе праходзіць інфармацыйная гадзіна на тэму “Генацыд беларускага народа”.

Для такіх заняткаў у 2023 годзе выдадзеныя падручнікі “Генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны”. З 2023 года з’явіліся адпаведныя дапаможнікі асобна для 1-4-х, 5-9-х і 10-11-х класаў.

Выкарыстоўваць інфармацыйна-аналітычныя матэрыялы крымінальнага расследавання аб “генацыдзе беларускага народа”, прадстаўленыя Генеральнай пракуратурай, у школе пачалі ў 2022 годзе.

Пры вывучэнні згаданай тэмы ўлады праводзяць паралель паміж гітлераўцамі і ўдзельнікамі пратэстаў супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.

Паводле слоў Іванца, у 21 школе апрабуюць падручнік гісторыі найноўшага часу, у якім падзеі 2020 года ацэнены як спроба дзяржаўнага перавароту.

Педагагічная супольнасць не супраціўляецца падобнай падачы матэрыялу, паколькі гэта азначала б падвергнуць сябе рызыцы пераследу. Пяць службовых асоб у жніўні прыцягнута да дысцыплінарнай адказнасці ў Віцебскай вобласці за тое, што ў рэгіёне “праца па грамадзянскім і ваенна-патрыятычным выхаванні непаўналетніх арганізавана не ў дастатковай ступені”, паведамляла прэс-служба Генепракуратуры.

На гэтым фоне ўсё менш значным становіцца нацыянальны аспект адукацыі. Паводле даных Мінадукацыі, навучанне на беларускай мове праходзяць каля 10% школьнікаў, то бок каля 100 тыс., хаця каля 40% школ у краіне з’яўляюцца беларускамоўнымі. У асноўным гэта малакамплектныя школы, якія ў асноўным размешчаны ў сельскай мясцовасці.

У 2017 годзе адукацыю на беларускай мове атрымлівалі 128.600 дзяцей (каля 13%), а беларускамоўнымі лічыліся 49% школ.

Для параўнання: у 1994–1995 гадах на беларускай мове вучылася 29,4% вучняў, у 2007–2008 гадах — 20,9%.

У Беларусі па-ранейшаму няма ніводнага ўніверсітэта з беларускай мовай навучання.

ВНУ падчас уступнай кампаніі сёлета недабралі 870 студэнтаў, паведаміў Іванец на згаданым педсавеце з удзелам Лукашэнкі. Паводле слоў міністра, каля 500 студэнтаў недабралі на аграрныя спецыяльнасці, каля 120 — на спецыяльнасці інжынернага профілю.

Словы Іванца разыходзяцца са звесткамі, якія 7 жніўня на прэс-канферэнцыі прывёў яго першы намеснік Аляксандр Бахановіч. Ён сцвярджаў, што ВНУ выканалі план па наборы і звярнуў увагу, што ў сувязі з гэтым не абвешчаны дадатковы набор на бюджэтныя месцы.

У 42 ВНУ на бюджэтную форму навучання сёлета прынята каля 33 тыс. першакурснікаў, што на 2,5 тыс. больш, чым годам раней. Заявы на паступленне падало 40,5 тыс. чалавек.

У топ-5 запатрабаваных спецыяльнасцяў увайшлі “сусветная эканоміка” (Белдзяржуніверсітэт; прахадны бал — 395), “стаматалогія” (Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт; 395), “праграмная інжынерыя” (Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі; 395), “эканамічная інфарматыка ” (БДУ; 394), “прыкладная інфарматыка” (БДУ; 391).

Ключавая праблема айчыннай навукі і адукацыі заключаецца ў “жаданні дзяржавы ў ручным рэжыме ўмешвацца і кантраляваць дзейнасць навукоўцаў”, заявіў намеснік прадстаўніка па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага пераходнага кабінета Павел Баркоўскі, рэагуючы на планы ўладаў давесці сферу да сусветнага ўзроўню. “У Беларусі ў наступнай пяцігодцы створым адукацыйны хаб сусветнага ўзору, не горшы за Гарвард”, — сказаў на педсавеце Лукашэнка.

“Дрэнная палітыка вядзе да дрэннай адукацыі. І прыгожымі словамі гэта не змяніць. Трэба мяняць саму сістэму. Капітальна”, — перакананы Баркоўскі.

Адукацыйная сістэма Беларусі, “як і ўся краіна, патрабуе не гучных абяцанняў, а рэальных змен”, заявіла прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета па справах моладзі і студэнцтва Маргарыта Ворыхава.

Падзяліцца: