Мінск 19:36

Салідарнасць Беларусі і В’етнама стварае “цвёрдую аснову” для большай супрацы, лічыць Лукашэнка

Ілюстрацыйнае фота: Micah Camper / unsplash.com

2 верасня, Позірк. Для абароны і захавання “самабытнасці, нацыянальнага суверэнітэту і незалежнасці, эфектыўнага адказу на знешнія выклікі” сёння неабходныя “салідарнасць, падтрымка і давер паміж краінамі”, адзначыў Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 2 верасня генеральнага сакратара ЦК Кампартыі В’етнама, прэзідэнта краіны То Лама з Днём незалежнасці.

“Менавіта такі падыход да развіцця палітычнага дыялога дэманструюць Мінск і Ханой, што стварае цвёрдую, надзейную аснову для паспяховага пашырэння двухбаковай супрацы па ўсіх напрамках”, — прыводзіць тэкст паслання прэс-служба віншавальніка.

Дыпламатычныя стасункі паміж Беларуссю і В’етнамам усталяваныя 24 студзеня 1992 года. Беларускае гандлёвае прадстаўніцтва ў Ханоі было пераўтворана ў амбасаду ў снежні 1997 года, в’етнамская дыпмісія ў Мінску адкрылася напрыканцы 2003-га.

У снежні 2023 года ў Хашыміне адкрыта генеральнае консульства Беларусі.

Паводле даных МЗС, тавараабарот Беларусі і В’етнама ў 2021 годзе склаў 200,3 млн долараў (беларускі экспарт — 92,9 млн, в’етнамскія пастаўкі — 107,4 млн, адмоўнае сальда — 14,5 млн). Актуальных звестак у адкрытым доступе няма.

Падзяліцца: