Мінск 19:10

Палітвязням і іх сем’ям выплачана амаль 200 тыс. еўра, сабраных падчас марафону салідарнасці “Нам не ўсё адно!” — АПК

Ілюстрацыя: АПК

3 лістапада, Позірк. Палітвязням і іх сем’ям выплачана амаль 197.100 еўра, сабраных падчас марафону салідарнасці “Нам не ўсё адно!”, паведамляе прэс-служба Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК).

Пераводам грошай займаюцца грамадскія арганізацыі і дабрачынныя фонды, задаволена 232 заяўкі, удакладняецца ў рэлізе.

У арганізацыі і фонды накіравана 248.400 еўра.

“Беларуская Рада культуры” атрымала 9.500, “Анархічны Чорны крыж Беларусі” — 20.000, фонд дапамогі беларусам у Літве Razam — 20.000, дабрачынная арганізацыі Littouwin LIONS CLUB — 15.000, праваабарончая ініцыятыва Dissidentby — 14.000, дабрачынны фонд “Краіна для жыцця” — 18.000, ініцыятыва BY_help — 46.900, фонд беларускай салідарнасці BySol — 100.000, медыяпраект дапамогі беларускім палітвязням жанчынам “Палітвязынка” — 5.000.

Збор сродкаў праводзіўся 28–30 ліпеня, сам 12-гадзінны марафон прайшоў 29 ліпеня. У яго арганізацыі і правядзенні ўдзельнічала больш за 20 незалежных СМІ, мерапрыемства транслявалася на іх ютуб-пляцоўках. Позірк выступіў медыяпартнёрам акцыі.

Усяго за вылікам камісіі было сабрана 545.740,22 еўра і 12 тыс. еўра ў крыптавалюце.

Паступіла 14.135 ахвяраванняў ад 11.208 чалавек з 86 краін. Больш за ўсё сродкаў прыйшло з Польшчы (200.563 еўра), ЗША (89.740), Літвы (55.130), Германіі (39.131) і Вялікабрытаніі (25.790).

3 кастрычніка МУС і Следчы камітэт паведамілі пра ўзбуджэнне крымінальнай справы паводле ч. 2 арт. 3612 КК (фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці) у дачыненні да арганізатараў і ўдзельнікаў марафону, ініцыятарамі якога названыя прадстаўніца АПК па сацыяльнай палітыцы Вольга Гарбунова і беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская.

Было заяўлена аб ідэнтыфікацыі “каля 60 датычных з ліку арганізатараў марафону і іх памагатых”, а таксама аб тым, што цяпер “устанаўліваюцца асобы, якія маюць дачыненне да фінансавання экстрэмізму на тэрыторыі Беларусі і за яе межамі”.

Падзяліцца: