Мінск 17:23

Латушка заклікаў Вялікабрытанію не прызнаваць прэзідэнцкія выбары 2025 года ў Беларусі

Ілюстрацыйнае фота: pixabay.com

11 верасня, Позірк. Не прызнаваць прэзідэнцкія выбары 2025 года ў Беларусі заклікаў Вялікабрытанію намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету (АПК), кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка падчас сустрэчы з намесніцай амбасадара Злучанага Каралеўства ў Польшчы Джэніфер Макнотэн ды іншымі дыпламатамі.

Паводле інфармацыі прэс-службы АПК, пасля размовы Латушка зрабіў выснову, што “Вялікабрытанія працягне падтрымку дэмакратычных сіл Беларусі і супрацоўніцтва з імі”.

Палітык праінфармаваў замежных партнёраў пра “адсутнасць умоў для правядзення сумленных і канкурэнтных” выбараў у 2025 годзе, а таксама пра “дзейнасць палітычных інстытутаў дэмакратычных сіл Беларусі і рост палітычных рэпрэсій” у краіне.

З ініцыятывы Латушкі “было абмеркавана пытанне прыцягнення [Аляксандра] Лукашэнкі і яго саўдзельнікаў да адказнасці за злачынствы супраць чалавечнасці і ваенныя злачынствы”. Паведамляецца, што “была дасягнута дамоўленасць аб узаемадзеянні Вялікабрытаніі і беларускіх дэмакратычных сіл у пытанні міжнароднага правасуддзя”. Злучанае Каралеўства, наколькі зразумелі прадстаўнікі дэмсіл, гатовае да ўзаемадзеяння па гэтай тэматыцы ў двухбаковым фармаце і ў рамках АБСЕ.

Спікер Каардынацыйнай рады (КР) Анжаліка Мельнікава, якая таксама ўдзельнічала ў сустрэчы, паводле інфармацыі АПК, распавяла пра планы КР у галіне міжнароднага супрацоўніцтва. 

Асаблівая ўвага “была нададзеная магчымасці партнёрства паміж брытанскім парламентам і Каардынацыйнай радай, уключаючы арганізацыю азнаямленчых візітаў у парламент, навучальныя праграмы і ўзаемадзеянне профільных камісій”. Бакі абмеркавалі падтрымку Вялікабрытаніяй грамадзянскай супольнасці і незалежных медыя, а таксама спрашчэнне працэдуры выдачы віз грамадзянам Беларусі.

30 жніўня кіраўніца АПК Святлана Ціханоўская і Латушка на сустрэчы з еўрапейскімі партнёрамі заклікалі не прызнаваць вынікі будучых прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі праз адсутнасць умоў для іх свабоднага правядзення.

Сёмыя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі павінны адбыцца не пазней за 20 ліпеня 2025 года. 14 жніўня аб’яднанне былых сілавікоў BelPol са спасылкай на свае крыніцы паведаміла, што выбары запланаваны на 23 лютага 2025-га.

Падзяліцца: