Мінск 04:18

“Расатам” прапануе на разгляд тры пляцоўкі для захоўвання радыеактыўных адкідаў БелАЭС

Фота: Мінэнерга

11 верасня, Позірк. Расійскі нацыянальны аператар па абыходжанні з радыеактыўнымі адходамі (ФДУП “НО РАО”, уваходзіць у склад дзяржаўнай карпарацыі “Расатам”) у 2025 годзе прапануе Беларусі на разгляд тры пляцоўкі для ўзвядзення пункта пахавання радыеактыўных адходаў з беларускай АЭС.

Пра гэта, паводле інфармацыі ТАСС, паведаміў 11 верасня в.а. генеральнага дырэктара “НО РАО” Сяргей Дзярабін. Ён адзначыў, што будаўніцтва аб’екта плануецца пачаць праз тры-пяць год.

Улады Беларусі ўжо доўгі час кажуць, што месца для пункта пахавання радыеактыўных адкідаў яшчэ не знойдзенае.

28 жніўня “перспектывы паглыблення супрацоўніцтва ў галіне праектавання і будаўніцтва пунктаў радыеактыўных адходаў” у Беларусі абмеркавалі міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргей Масляк і намеснік генеральнага дырэктара па машынабудаванні і індустрыяльным рашэнням “Расатама” Андрэй Нікіпелаў.

4 чэрвеня на той момант міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч (12 жніўня прызначаны намеснікам прэм’ер-міністра) заявіў аб працягу “даследчых і пошукавых работах па выбары прыярытэтнай пляцоўкі” для размяшчэння на беларускай тэрыторыі пункта пахавання радыеактыўных адходаў. 23 лютага Каранкевіч заявіў, што першая чарга гэтага пункта павінна быць уведзеная ў эксплуатацыю да 2030 года.

Адпрацаванае паліва БелАЭС плануецца перапрацоўваць у Расіі. Пасля перапрацоўкі ў Беларусь будуць вяртацца ўключаныя ў шклопадобную матрыцу адкіды, якія змяшчаюць радыенукліды цэзіева-стронцыевай фракцыі (акрамя доўгажывучых радыенуклідаў).

Збудаванне БелАЭС паблізу Астраўца (Гродзенская вобласць) завяршылася ўвосень 2023 года. Станцыя ўзведзеная паводле расійскага праекта, генеральным падрадчыкам выступіў “Расатам”.

Першы энергаблок АЭС сілкуе энергасістэму Беларусі з 3 лістапада 2020 года, другі — з 13 траўня 2023-га. У прамысловую эксплуатацыю яны ўведзеныя ў чэрвені 2021-га і лістападзе 2023-га адпаведна.

Падзяліцца: