Мінск 06:28

Беларусь не можа ўтрымліваць войска, якое патрэбнае для вайны, заяўляе Лукашэнка

Фота: прэс-служба Лукашэнкі

24 верасня, Позірк. Пра пастаўленую дзяржсакратару Савета бяспекі Аляксандру Вальфовічу задачу праверыць сістэму абароны Беларусі заявіў Аляксандр Лукашэнка 24 верасня на нарадзе з вайскоўцамі на Абуз-Лясноўскім агульнавайсковым палігоне (Брэсцкая вобласць).

“Я даўно ўжо казаў: мы кампактная, невялікая па колькасці насельніцтва краіна, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. — Мы не Расія, тым больш не Кітай, не Індыя і не блок НАТО. Мы не можам паводле сваіх эканамічных магчымасцяў утрымліваць такое войска, якое патрэбнае для вайны, таму трэба прыстасоўвацца”.

Паводле яго слоў, абараняць дзяржаву закліканыя Узброеныя сілы. Аднак пры неабходнасці “будзе аператыўна арганізаваная тэрытарыяльная абарона і народнае апалчэнне”.

У такім выпадку колькасць абаронцаў краіны “шматразова павялічыцца”. “Але для гэтага трэба мець у краіне адзінства і дысцыпліну. Гэта мы маем”, — лічыць Лукашэнка. Ён даручыў актуалізаваць задачы тэрытарыяльнай абароны з улікам сучасных умоў вядзення баявых дзеянняў.

“І народнае апалчэнне — каб чалавек, які не трапляе ў войска, але які добра валодае зброяй, мог абараніць дом. Сістэма ў нас вызначаная. Мы яе правяраем: дзяржсакратару [Савета бяспекі Аляксандру Вальфовічу] задача пастаўлена жалезна, каб усё было праверана не для паказухі, пачынаючы ад народнага апалчэння да Узброеных сіл. Гэта значыць, сістэма абароны нашай краіны ў нас створана”, — сказаў Лукашэнка.

Выступаючы 17 верасня ў “Мінск-Арэне” на ўрачыстым вечары з нагоды дзяржаўнага свята Дня народнага адзінства, ён папярэдзіў “праціўнікаў, сапернікаў, тых, хто не разумее яшчэ”, што напад на Беларусь — гэта “трэцяя сусветная вайна”. “Таму ні ў якім разе ні ўкраінцам, ані расіянам, яны гэта добра разумеюць, ані амерыканцам, якія хочуць адсядзецца за акіянам, гэтага рабіць нельга”, — сказаў ён.

На фоне абвастрэння стасункаў з Захадам і падтрымкі расійскай агрэсіі ва Украіне рэжым у Мінску рэгулярна праводзіць розныя ваенныя вучэнні, трэніроўкі, зборы, у тым ліку і камандна-штабныя з органамі кіравання тэрытарыяльнай абаронай.

Міністр абароны Віктар Хрэнін на сустрэчы з кіраўніцтвам выканкамаў — Мінскага гарадскога і абласных, а таксама вайсковымі камісарамі са сталіцы і рэгіёнаў 26 траўня 2023 года ў Гомелі заявіў, што тэрытарыяльная абарона “з сістэмы, якая забяспечвае, трансфармуецца ў паўнавартасную баявую”.

Тэрытарыяльныя войскі — род войскаў Узброеных сіл, які склікаецца ў перыяд вайны або напружанай ваенна-палітычнай абстаноўкі. Выконвае дапаможныя функцыі. Складаецца з асоб, якія прайшлі службу і знаходзяцца ў запасе.

Падзяліцца: