Мінск 18:30

Дэлегацыю па Беларусі ў Еўрапарламенце ўзначаліла прадстаўніца Польшчы Малгажата Гасеўска (дапоўнена)

Архіўнае фота: Marcin Obara / PAP

3 кастрычніка, Позірк. Кіраўніком дэлегацыі па Беларусі ў Еўрапейскім парламенце абраная прадстаўніца Польшчы Малгажата Гасеўска (віцэ-спікер польскага Сейма ў 2019–2023 гадах), паведамляе “Парламенцкі канал”.

Галасаванне па кандыдатуры адбылося 3 кастрычніка.

“Гэта добры выбар”, — перакананы дарадца дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай па парламенцкай супрацы і канстытуцыйнай рэформе Анатоль Лябедзька.

Лябедзька адзначыў, што Гасеўскай “блізкая беларуская тэма”, яна раней наведвала Мінск. “Думаю, агульнымі намаганнямі мы зможам трымаць беларускае пытанне ў парадку дня Еўрапейскага парламента”, — адзначыў палітык.

Першым намеснікам кіраўніка дэлегацыі стаў шведскі дэпутат Томас Тобе (ліберальна-кансерватыўная партыя Moderaterna Sweden), другім намеснікам — польскі дэпутат Міхал Кабоска (партыя Polska 2050).

Гасеўска — член польскай партыі “Права і справядлівасць”, уваходзіць у кансерватыўную фракцыю ЕП “Еўрапейскія кансерватары і рэфармісты”. 19 верасня выступіла ў ЕП з прамовай у падтрымку вызвалення беларускіх палітвязняў, частку спічу прамовіла на беларускай мове.

18 верасня ў Страсбургу (Францыя) дэпутаты Еўрапейскага парламента абмеркавалі рэзалюцыю аб становішчы палітвязняў у Беларусі, 19 верасня яна была прынятая.

13 верасня 2023 года Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю “Аб сітуацыі ў Беларусі”, у якой запатрабаваў ад беларускіх уладаў спынення “спіралі гвалту, катаванняў, рэпрэсій і прапаганды супраць іншадумцаў”, безумоўнага вызвалення палітвязняў, абвяшчэння амністыі для “ўсіх арыштаваных з палітычных матываў”, аказання неабходнай медыцынскай дапамогі палітвязням з цяжкімі захворваннямі, правядзення незалежнага расследавання па фактах смерці палітвязняў.

На наступны дзень еўрапарламентарыі ўхвалілі рэзалюцыю “Нявызначанасць адносна месцазнаходжання Мікалая Статкевіча і нядаўнія напады на членаў сем’яў беларускіх палітыкаў і актывістаў”, у якой запатрабавалі “неадкладнага і безумоўнага вызвалення” палітыка “і ўсіх 1.500 палітычных зняволеных”.

8 лютага 2024 года Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю “Новая хваля масавых арыштаў актывістаў апазіцыі і членаў іх сем’яў у Беларусі”, у якой сярод іншага заклікаў неадкладна і безумоўна вызваліць усіх палітзняволеных, членаў іх сем’яў і “асоб, якія зазналі адвольнае затрыманне”, аднавіць і выплаціць кампенсацыі.

З траўня на Мальце было падпісана пагадненне аб супрацы паміж Еўрапарламентам і беларускімі дэмакратычнымі сіламі.

Падзяліцца: