Мінск 20:24

Дзве траціны аўтамабіляў, прададзеных у Беларусі ў верасні, належаць кітайскім брэндам — БАА

Крыніца: pixabay.com

4 кастрычніка, Позірк. За верасень 2024 года аўтадылеры прадалі 4.320 легкавых аўтамабіляў, што больш чым удвая (210%) пераўзыходзіць паказчык верасня 2023-га, паведамляе Беларуская аўтамабільная асацыяцыя (БАА).

З прададзеных аўто 44,3% вырабленыя ў Беларусі, 38,4% увезеныя (вырабленыя) з Расіі, 17,3% — дастаўленыя з-за межаў Еўразійскага эканамічнага саюза.

“Не кітайскія аўтамабільныя маркі забяспечылі 33,45% продажаў”, — адзначае БАА. З гэтага вынікае, што дзве траціны аўтамабіляў, прададзеных у Беларусі ў верасні, належаць брэндам КНР.

Доля “зялёных аўтамабіляў” (якія не аказваюць шкоднага ўздзеяння на навакольнае асяроддзе) вырасла ў аб’ёмах продажаў за год з 2,23% у верасні 2023 года да 7,93% у мінулым месяцы.

“Абноўлены кансенсус-прагноз продажаў дылераў <…> складае 45–48 тыс. новых легкавых аўтамабіляў. Пры дасягненні прагназуемага паказчыка рынак дылерскіх продажаў можа вырасці больш чым у два разы да ўзроўню папярэдняга года”, — заявілі ў асацыяцыі.

Але ўжо цяпер, на думку БАА, відавочна, што ў 2024 годзе “тэмпы росту дылерскіх продажаў легкавых аўтамабіляў перасягнуць аналагічны паказчык папярэдніх гадоў за ўвесь дваццацігадовы перыяд публікацыі статыстыкі асацыяцыі”.

За 2023 год члены БАА прадалі ў краіне 21.761 легкавы аўтамабіль і 3.647 лёгкіх камерцыйных аўто, паведамляў раней дырэктар “БАА-Кансалт” Дзмітрый Ярота. Было рэалізавана 78 мадэляў — на 64 менш (-45,1%), чым у 2022-м (142). Колькасць прадстаўленых марак таксама скарацілася — да 20 (у 2022-м іх налічвалася 28; -28,6%).

Па выніках 2022 года, сведчаць даныя БАА, дылеры прадалі 14.843 легкавых аўтамабіля. Лідзіравалі Geely (4.355), Lada (3.782) і Kia (1.462).

У 2021 годзе ў Беларусі было прададзена 46.837 легкавых аўтамабіляў, у 2020‑м — 53.537, 2019‑м — 64.504.

Падзяліцца: