Мінск 20:04

70-гадовы Лукашэнка жадае і надалей развіваць з 71-гадовым Рахмонам стасункі Беларусі і Таджыкістана

Рынак у Душанбэ
Ілюстрацыйнае фота: Anton Rybakov / unsplash.com

5 кастрычніка, Позірк. “Наша шматгадовая дружба, заснаваная на бязмежным даверы і глыбокай павазе, прадстаўляе для мяне выключную каштоўнасць”, — прызнаўся 70-гадовы Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 5 кастрычніка прэзідэнта Таджыкістана Эмамалі Рахмона з 71-годдзем.

“Дзякуючы вашай мудрай і ўзважанай палітыцы, багатаму кіраўніцкаму досведу і палітычнай дальнабачнасці Рэспубліка Таджыкістан паспяхова развіваецца, умацоўваючы свой аўтарытэт на міжнароднай арэне, — прыводзіць тэкст паслання прэс-служба віншавальніка. — Перакананы, што ваша самаадданая праца на карысць краіны будзе і надалей садзейнічаць падвышэнню ўзроўню жыцця яе грамадзян, садзейнічаць падтрыманню міру і згоды ў Цэнтральнай Азіі”.

Лукашэнка “пацвердзіў гатоўнасць” Мінска да “цеснай сумеснай працы па далейшым пашырэнні шматпланавага і доўгатэрміновага стратэгічнага партнёрства дзвюх краін, аснову якога складае гістарычная блізкасць іх народаў”.

Эмамалі Рахмон, як і Аляксандр Лукашэнка, заняў прэзідэнцкае крэсла ў 1994 годзе (да гэтага два гады ўзначальваў Вярхоўны савет) і пасля ўсталяваў у краіне аўтарытарны рэжым. Таджыкістанскага палітыка абвяшчалі кіраўніком дзяржавы яшчэ чатыры разы — у 1999, 2006, 2013 і 2020 гадах — па выніках выбараў, якія суправаджаліся заявамі пра фальсіфікацыі, адсутнасць канкурэнтных умоў ды інш.

Рахмон і Лукашэнка стэлефаноўваліся 30 жніўня, у дзень нараджэння апошняга. Сярод іншага бакі абмеркавалі пытанні развіцця двухбаковых стасункаў і “сустрэчу на вышэйшым узроўні на пачатку кастрычніка” (верагодна, мелася на ўвазе сустрэча ў рамках саміту СНД, які пройдзе 8 кастрычніка ў Маскве, або прыём ва Уладзіміра Пуціна, якому напярэдадні форуму споўніцца 72 гады).

На сустрэчы з амбасадарам Таджыкістана Бахтаварам Сафарзадой 15 студзеня ў Мінску Лукашэнка заявіў, што ў гандлёва-эканамічных стасунках Мінска і Душанбэ “праблем процьма”, а задач, “якія трэба вырашаць”, — “такая ж колькасць”.

Ён спаслаўся на даныя МЗС, які канстатаваў “нязначнае зніжэнне” двухбаковага тавараабароту па выніках 2023 года. Аднак, адзначыў Лукашэнка, 2022 год забяспечыў “прыстойнае зніжэнне” ўзроўню ўзаемнага гандлю.

Паводле сцвярджэння Лукашэнкі, у Беларусі “маецца усё неабходнае, у чым мае патрэбу Таджыкістан у галіне прамысловасці, сельскай гаспадаркі, <…> аўтамабільнай тэхнікі, асабліва вялікагрузаў”. Ён заявіў пра гатоўнасць “падключыцца да аказання дапамогі ў гарантаванні бяспекі” Таджыкістана.

Паводле даных таджыкістанскіх уладаў, тавараабарот паміж Мінскам і Душанбэ ў 2022 годзе склаў 89,4 млн долараў, доля паставак з Беларусі ў яго структуры — 82,2 млн (92%).

Згодна з рэйтынгам, апублікаваным у траўні 2024 года часопісам Global Finance на падставе ўзроўню ВУП на душу насельніцтва з улікам парытэту пакупніцкай здольнасці, Таджыкістан — самая бедная краіна Цэнтральнай Азіі.

Падзяліцца: