Мінск 15:25

Беларусь без віз наведала 4,2 тыс. жыхароў краін Еўропы — Дзяржпагранкамітэт

Ілюстрацыйнае фота: прэс-служба Дзяржпагранкамітэта

7 кастрычніка, Позірк. З 30 верасня па 7 кастрычніка Беларусь у бязвізавым парадку наведаў 4.231 жыхар краін Еўропы (тыднем раней — 4.149), сведчаць даныя Дзяржаўнага пагранічнага камітэта.

У краіну накіравалася 1.334 грамадзяніны і неграмадзяніны Латвіі (1.380), 579 грамадзян Польшчы (613), 1.578 грамадзян Літвы (1.617) і 740 грамадзян з ліку жыхароў іншых еўрапейскіх дзяржаў з пашыранага пераліку (539).

Усяго з 15 красавіка 2022 года Беларусь наведала на падставе бязвізу 975.819 жыхароў Еўропы. З Латвіі прыбыла 305.052 замежнікі, з Літвы — 565.438, з Польшчы — 98.089, а таксама 7.240 грамадзян з 35 краін, уключаных 19 ліпеня гэтага года ў спіс “пашыранага бязвізу”.

Бязвізавы рэжым дзейнічае з 15 красавіка 2022 года для жыхароў Латвіі і Літвы, з 1 ліпеня таго ж года — для жыхароў Польшчы. Аляксандр Лукашэнка некалькі разоў падаўжаў яго тэрмін, апошні раз — да канца 2024 года.

19 ліпеня беларускія ўлады распаўсюдзілі бязвізавы рэжым на грамадзян яшчэ 35 краін Еўропы. Большасць з іх рэжым Лукашэнкі лічыць “недружалюбнымі” за тое, што ўвялі санкцыі альбо далучыліся да іх.

Згодна з апублікаванай 17 ліпеня заявай Міністэрства замежных спраў, гаворка пра жыхароў Аўстрыі, Андоры, Бельгіі, Балгарыі, Босніі і Герцагавіны, Ватыкана, Вялікабрытаніі, Венгрыі, Германіі, Грэцыі, Даніі, Ірландыі, Ісландыі, Іспаніі, Італіі, Кіпра, Ліхтэнштэйна, Люксембурга, Мальты, Манака, Нідэрландаў, Нарвегіі, Партугаліі, Румыніі, Сан-Марына, Паўночнай Македоніі, Славакіі, Славеніі, Фінляндыі, Францыі, Харватыі, Чэхіі, Швейцарыі, Швецыі і Эстоніі.

Яны могуць уязджаць у Беларусь без візы праз усе наземныя і паветраныя міжнародныя пункты пропуску “па сапраўдных дакументах”, знаходзіцца на беларускай тэрыторыі “не больш за 30 сутак з дня ўезду”.

Падзяліцца: