Мінск 19:47

СК завёў крымінальныя справы ў дачыненні да 45 беларусаў за мяжой, якіх звязваюць з дэмсіламі (дополнено)

Архіўнае фота: "Позірк"

8 кастрычніка, Позірк. Следчы камітэт 8 кастрычніка абвясціў пра ўзбуджэнне крымінальных спраў у дачыненні да 45 грамадзян, якія знаходзяцца за мяжой, чыю дзейнасць звязваюць з дэмакратычнымі сіламі.

Справы заведзеныя паводле ч. 1 арт. 357 (змова або іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу або ўтрымання дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам) і ч. 3 арт. 3611 (уваходжанне асобы ў склад экстрэмісцкага фарміравання ў мэтах здзяйснення злачынства экстрэмісцкай накіраванасці) Крымінальнага кодэкса.

У паведамленні СК фігуруе “ініцыятыва “Платформа 2025” — аднайменны дакумент аб супрацы шэрагу дэмакратычных структур быў прыняты ў жніўні на канферэнцыі “Новая Беларусь”.

Сілавікі абвясцілі пра тое, што задакументавалі “чарговыя факты злачыннай дзейнасці “збеглых” здраднікаў на чале з Ціханоўскай, якія для дасягнення мэт па захопе ў Рэспубліцы Беларусь дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам і пабудовы так званай “Новай Беларусі” аб’ядналіся ў розныя псеўдаорганы, ініцыятывы і структуры, уключна з “Кардынацыйнай радай”, “Аб’яднаным Пераходным Кабінетам” і “Офісам Святланы Ціханоўскай”.

“З мэтай атрымання новых “грантаў” за мяжой, працягваецца актыўная імітацыя дзейнасці экстрэмісцкіх фарміраванняў, скіраваная на канцэнтрацыю фінансавых патокаў праз фармаванне афіляваных структур і размеркаванне абавязкаў унутры злачыннай групы пад эгідай пабудовы праекта “Новай Беларусі”, — сцвярджае ведамства.

Гэтыя дзеянні, як заяўляецца, “звязаныя з радыкалізацыяй рухаў і асабістымі карыслівымі падахвочваннямі “вярхушкі”, пра што, на думку СК, “сведчыць незлічоная колькасць фондаў, збораў, налічэнняў і новых структурных падраздзяленняў ўнутры арганізаванай групы экстрэмістаў”.

“У прыватнасці, для “дакументальнага замацавання альтэрнатыўнай сістэмы дзяржаўнага кіравання”, зацвярджэння змяненняў стратэгічных напрамкаў сваёй супрацьпраўнай дзейнасці, а таксама здзяйснення “ключавых кадравых перастановак” на пачатку жніўня гэтага года праведзена адпаведная канферэнцыя, — гаворыцца ў паведамленні. — У рамках “сходкі фарміраванняў” рабіліся спробы распрацаваць план па зрыве выбараў у 2025 годзе, прадэманстраваць гатоўнасць “збеглых” прытрымлівацца выключна еўрапейскага вектара і арганізаваць кампанію па прыцягненні новых радыкалаў у супольнасць прыхільнікаў уласнай псеўдадэмакратыі”.

У падпісанні “Платформы 2025” СК пабачыў “злачынную задуму”, якая мае на мэце “кансалідацыю экстрэмістаў для каардынацыі дзеянняў у перыяд электаральнай кампаніі” ў Беларусі. “Мэты супольнасці нязменныя: замах на канстытуцыйны лад, умяшанне звонку ва ўнутраныя справы, навязванне палітычнага курсу, які супярэчыць нацыянальным інтарэсам нашай краіны, дэструктыўнае інфармацыйнае ўздзеянне, дыскрэдытацыя або зрыў электаральнай кампаніі, нагнятанне напружанасці і супрацьстаяння ў грамадстве”.

СК заявіў, што “акрамя ўжо вядомых удзельнікаў экстрэмісцкіх фарміраванняў” дадаткова высветлена “яшчэ 22 асобы, якія далучыліся да дзейнасці Ціханоўскай і яе прыхільнікаў па захопе дзяржаўнай улады ў Рэспубліцы Беларусь неканстытуцыйным шляхам”. Іх імёны не называюцца, аднак паведамляецца, што ўсе яны падазраваныя паводле ч. 1 арт. 357 КК.

Сцвярджаецца таксама, што “для справаздачы перад куратарамі і нагляднай імітацыі падтрымкі радыкалаў” ініцыятывы “Народныя амбасады” і “Беларусы замежжа”, якіх СК называе “экстрэмісцкім фарміраваннем”, арганізавалі “малалікія вулічныя сходы ў гарадах Чэхіі, Украіны, Фінляндыі, Польшчы, Латвіі, Літвы, Германіі, Грузіі, ЗША і яшчэ некаторых краін”.

“Нягледзячы на відавочную неплацежаздольнасць прадстаўнікоў злачыннай супольнасці, сходкі былі адзначаны як “Дзень годнасці 2024”, — гаворыцца ў паведамленні. — Адным з элементаў іх дэструктыўных памкненняў была спроба падрыву аўтарытэту Рэспублікі Беларусь на міжнароднай арэне, кампраметацыя дзеючага кіраўніцтва нашай краіны. Пры гэтым актыў наўмысна выкарыстоўваў экстрэмісцкую сімволіку і абразлівыя лозунгі, скіраваныя на распальванне варожасці”.

Ведамства сцвярджае, што сярод удзельнікаў вулічных акцый дадаткова ідэнтыфікавалі 23 чалавекі, “якія папоўнілі спіс дзеючых падазроных па крымінальнай справе” паводле ч. 3 арт. 3611 КК.

“У рамках расследавання крымінальнай справы атрыманая інфармацыя пра належныя ім аб’екты нерухомасці і маёмасці на тэрыторыі нашай краіны. Цяпер праводзяцца следчыя дзеянні, у тым ліку агляды, вобшукі, накладанне арышту на маёмасць і іншыя працэсуальныя мерапрыемствы. Следчым камітэтам будуць прынятыя вычарпальныя меры па забеспячэнні прынцыпу непазбежнасці пакарання і кампенсацыі шкоды, у тым ліку ў рамках спецыяльнай вытворчасці”, — гаворыцца ў паведамленні.

Гл. таксама:

Шэраг дэмакратычных структур дамовіўся пра супрацу ў рамках “Платформы 2025”

Падзяліцца: