Мінск 02:27

Хроніка палітычных рэпрэсій за 8 кастрычніка 2024 года

8 кастрычніка, Позірк. Пра новыя факты палітычных рэпрэсій у Беларусі стала вядома 8 кастрычніка 2024 года.

ЗАТРЫМАННІ

7 кастрычніка затрыманы святар Рымска-каталіцкай парафіі Сэрца Езуса ў Крулеўшчыне (Докшыцкі раён Віцебскай вобласці) ксёндз-канонік Юрый Бараўнёў. У дачыненні да яго распачаты працэс паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюджванне інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, а таксама выраб, выданне, захоўванне або перавозка з мэтай распаўсюджвання такой інфармацыйнай прадукцыі) (крыніца: “Хрысціянская візія”).

Дырэктар кампаніі “Пад’ёмна-пагрузачная тэхніка” Максім Жыдзень затрыманы нібыта за рэгістрацыю ў чат-боце плана “Перамога”. Сцвярджаецца, што ў 2024 годзе яму прыйшло ў месенджар паведамленне аб выбарах у “Каардынацыйную раду” (праўладны рэсурс, “Медыязона”).

Па вяртанні ў Беларусь з-за мяжы затрыманы мужчына (праўладны рэсурс).

СУДЫ ПА АДМІНІСТРАЦЫЙНЫХ СПРАВАХ

Суд Карэліцкага раёна (Гродзенская вобласць) разгледзеў справу Аксаны Чачот паводле ч. 1 арт. 24.23 КаАП (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў). Рашэнне невядомае (тэлеграм-канал “Права маюць”).

У судзе Мёрскага раёна (Віцебская вобласць) прайшоў працэс над Надзеяй Палуевай паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП. Рашэнне невядомае (тэлеграм-канал “Віцебск, я гуляю!”).

УЗБУДЖЭННЕ КРЫМІНАЛЬНЫХ СПРАЎ

У дачыненні да затрыманай у красавіку 24-гадовай палітзняволенай Наталлі Салук распачатая справа паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) (“Вясна”).

Следчы камітэт 8 кастрычніка абвясціў аб узбуджэнні крымінальных спраў у дачыненні да 45 грамадзян, якія знаходзяцца за мяжой, чыю дзейнасць звязваюць з дэмакратычнымі сіламі. Справы заведзеныя паводле ч. 1 арт. 357 (змова ці іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу або ўтрымання дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам) і ч. 3 арт. 3611 (уваходжанне асобы ў склад экстрэмісцкага фарміравання ў мэтах учынення злачынства экстрэмісцкай накіраванасці) КК (Следчы камітэт).

СУДЫ ПА КРЫМІНАЛЬНЫХ СПРАВАХ

Суд Ленінскага раёна Брэста 7 кастрычніка вынес рашэнне па справе пяці мясцовых жыхароў, якіх за ўдзел у акцыях пратэсту 2020 года абвінавачвалі паводле ч. 1 арт. 342 КК. Да пазбаўлення волі прыгавораныя Аляксандр Пратасюк — 1 год, Аляксей Мартынаў — 1,5. Абмежаванне свабоды прызначанае Эльвіры Ламанос — 2 гады з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (ПУАТ), Таццяне Бандарук — 2 гады без накіравання ў ПУАТ, Вячаславу Грабінскаму — 3 гады без накіравання ў ПУАТ (Вярхоўны суд).

ІНШАЕ

Суд Чыгуначнага раёна Гомеля 10 кастрычніка разгледзіць заяву аб прымяненні амністыі да 67-гадовай палітзняволенай Алены Гнаўк. Грамадская актывістка з Пружанаў (Брэсцкая вобласць) у 2021 годзе была асуджаная па брэсцкай “карагоднай справе” паводле арт. 342 КК на 2 гады абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ. Пазней тэрмін быў павялічаны на 1 год у рамках новай справы паводле ч. 1 арт. 368 КК (абраза прэзідэнта). 11 студзеня 2022 года Гнаўк затрымалі па чарговай крымінальнай справе і прыгаварылі за каментары ў сацсетках да 3,5 года пазбаўлення волі паводле арт. 367 (паклёп у дачыненні да прэзідэнта) і арт. 3691 (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь) КК. 28 красавіка 2023 года суд Чыгуначнага раёна Гомеля прызначыў палітзняволенай яшчэ 1 год пазбаўлення волі за “злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы” (арт. 411 КК) (“Гомельская Вясна”).

15 кастрычніка Мінскі раённы суд разгледзіць апеляцыйную скаргу на прыгавор палітвязня Мікіты Залатарова, асуджанага ў ліпені гэтага года паводле ч. 2 арт. 411 КК (рашэнне суда невядомае). Залатарова затрымалі 11 жніўня 2020 года, яму было 16 гадоў. Адбывае 4,5 гады пазбаўлення волі ў турме ва ўмовах строгага рэжыму паводле шэрагу артыкулаў КК (“Вясна”).

Стала вядома, што акрамя працяглых тэрмінаў пазбаўлення волі асуджаным па “справе аб тэракце ў Мачулішчах” прызначылі штраф у сукупным памеры 640 тыс. рублёў (“Вясна”).

У кватэры адваката Марыі Колесавай-Гудзілінай у Жодзіне (Мінская вобласць) праведзены ператрус. Жанчына пражывае за мяжой, кантэнт яе старонкі ў “Інстаграме” нядаўна прызналі “экстрэмісцкімі матэрыяламі” (“Еўрарадыё”).

Накладзены арышт на бацькоўскі дом выконваючага абавязкі генеральнага дырэктара тэлеканала “Белсат” Аляксея Дзікавіцкага. Нерухомасць знаходзіцца ў вёсцы Мястковічы Пінскага раёна (Брэсцкая вобласць) (“Белсат).

На вечар 8 кастрычніка ў Беларусі 1.279 чалавек, якіх праваабарончая супольнасць прызнае палітвязнямі (-2 у параўнанні з 7 кастрычніка).

Падзяліцца: