Мінск 20:40

“Белшына” пасля зняцця санкцый ЕС працягвае абслугоўваць расійскі ваенпрам — БРЦ

Фота: БРЦ

8 кастрычніка, Позірк. Прадукцыя бабруйскага дзяржпрадпрыемства “Белшына” (Магілёўская вобласць) шырока выкарыстоўваецца ў расійскай ваеннай прамысловасці, паведамляе Беларускі расследвальніцкі цэнтр (БРЦ).

У праведзеным журналістамі расследаванні прыводзяцца доказы паставак прадукцыі “Белшыны” Міністэрству абароны РФ. Продажы ажыццяўляюцца праз дыстрыбутара шыннага камбіната — ТАА “Белнафтахім-Рос”, канчатковым бенефіцыярам гандлю названа беларуская дзяржава.

Паводле звестак БРЦ, з 2022-га да 2023-га года “Белнафтахім-Рос” і Мінабароны РФ заключылі кантракты на агульную суму больш за 1,5 млрд расійскіх рублёў (19,5 млн долараў). Толькі за першае паўгоддзе 2023-га расійскаму ваеннаму ведамству прададзена тавараў на суму звыш 11 млн долараў.

Усяго ў 2023 годзе дыстрыб’ютар закупіў у “Белшыны” больш за 2 млн шын на 90 млн долараў.

Вывучыўшы звесткі мытных накладных, журналісты-расследвальнікі прыйшлі да высновы, што летась пастаўкі “Белшыны” ў Расію склалі 2,4 млн шын. Акрамя Мінабароны РФ, пакупнікамі бабруйскай прадукцыі былі ТАА “Шэрп”(Санкт-Пецярбург) і ТАА “АЗ” НАЗ” (былы Горкаўскі аўтазавод, Ніжні Ноўгарад). Сцвярджаецца, што павялічыўся аб’ём паставак на АТ “Аўтамабільны завод “Урал” (Чэлябінская вобласць), а праз “Ніжагародскі ГД “Белшына” шыны прадаваліся кампаніям АТ “БАЗ” (Бранск), ПАТ “КамАЗ” (Набярэжныя Чалны), АТ “СЭГЗ” (Рэспубліка Удмуртыя) і АТ “СКБ” (Маскоўская вобласць).

Падкрэсліваецца, што “ўсе пералічаныя кампаніі вырабляюць вайсковую тэхніку”.

Ускоснае пацверджанне таго, што бабруйскія шыны выкарыстоўваюцца на расійскай вайсковай тэхніцы, БРЦ выявіў на вайскова-тэхнічным форуме “Армія-2023”, які праходзіў у Падмаскоўі. На ім былі прадстаўлены ўзоры ваеннай тэхнікі, абсталяваныя покрыўкамі “Белшыны”. Сярод іх, удакладняецца ў расследаванні, самаходная гаўбіца “Мальва” (выкарыстоўваецца ў атаках на Харкаўскую вобласць) і цягач БАЗ, прыстасаваны пад расійскую сістэму супрацьпаветранай абароны С-400, якая, як заяўляецца, “збівае ўкраінскія самалёты, ракеты і беспілотнікі”.

У расследаванні таксама гаворыцца, што ў 2023 годзе дыстрыбутарам “Белшыны” стаў “Гандлёвы дом БелАЗ”, 45% долі якога належыць Прэзідэнцкаму спартыўнаму клубу. Кіраўніком гэтага клуба з’яўляецца Дзмітрый Лукашэнка — сярэдні сын Аляксандра Лукашэнкі.

“Суд Еўрапейскага саюза памыліўся, зняўшы санкцыі з ААТ “Белшына”, — рэзюмуе паводле вынікаў расследавання БРЦ.

Суд ЕС у Люксембургу зняў з “Белшыны” санкцыі ў сакавіку гэтага года. У рашэнні суда сцвярджаецца, што Савет Еўрасаюза, які выступаў адказчыкам, не змог даказаць, што прадпрыемства, будучы адным з вядучых у Беларусі, служыць “істотнай крыніцай даходаў для рэжыму Аляксандра Лукашэнкі”.

Таксама, на думку судовага органа, недаказаным засталося сцвярджэнне, што беларуская дзяржава “наўпрост здабывае выгаду з даходаў прадпрыемства”.

У пастанове адзначаецца, што на судзе пазоўнік прадставіў дакументы, якія сведчаць аб стратнасці завода.

2 снежня 2021 года Еўрасаюз уключыў вытворцу аўтамабільных шын ААТ “Белшына” ў пяты пакет санкцый. 20 снежня да санкцый ЕС далучылася Швейцарыя, 22 снежня — Албанія, Ісландыя, Ліхтэнштэйн, Нарвегія, Паўночная Македонія, Сербія, Чарнагорыя, у сакавіку 2022 года — Японія, у кастрычніку 2022-га — Украіна.

9 жніўня 2021 года на той момант генеральны дырэктар “Белшыны” Андрэй Бунакоў быў уключаны ў санкцыйныя спісы ЗША.

Падзяліцца: