Мінск 12:21

Улады ў Мінску хочуць “садзейнічаць дасягненню новых вышынь” развіцця Экватарыяльнай Гвінеі

Лукашэнка і Мбасога
Архіўнае фота: прэс-служба Лукашэнкі

12 кастрычніка, Позірк. Экватарыяльная Гвінея за паўстагоддзя стала “моцнай сацыяльна арыентаванай дзяржавай”, якая “гатовая не толькі адстойваць нацыянальныя каштоўнасці, але і паглыбляць паважлівыя і ўзаемавыгадныя стасункі з міжнароднымі партнёрамі”, адзначыў Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 12 кастрычніка прэзідэнта гэтай краіны Тэадора Абіянга Нгему Мбасога з Днём незалежнасці.

Паводле яго сцвярджэння, у Экватарыяльнай Гвінеі “добра ведаюць патэнцыял” Беларусі ў сельскай гаспадарцы, ахове здароўя, адукацыі, жыллёвым і вытворчым будаўніцтве, нафтаперапрацоўцы, дрэваапрацоўцы ды інш. “Сваім досведам і кампетэнцыямі мы можам садзейнічаць дасягненню новых вышынь у сацыяльна-эканамічным развіцці сяброўскай Экватарыяльнай Гвінеі”, — прыводзіць тэкст паслання прэс-служба віншавальніка.

Лукашэнка ўпэўнены, што падпісаная ў 2023 годзе “дарожная карта двухбаковага супрацоўніцтва будзе паспяхова выкананая ў поўным аб’ёме ў адпаведнасці з дасягнутымі дамоўленасцямі”.

82-гадоваму Мбасога ён зычыў “выдатнага здароўя, даўгалецця і ажыццяўлення планаў”.

Варта адзначыць, што ў чэрвені, віншуючы прэзідэнта Экватарыяльнай Гвінеі з днём нараджэння, Лукашэнка заяўляў пра гатоўнасць сустрэцца з ім “у зручны час”, каб абмеркаваць, як рэалізуюцца дамоўленасці і вызначыць “новыя перспектыўныя напрамкі сумеснай працы”. У сёлетнім віншаванні жаданне сустрэцца не выяўленае.

Па выніках двухбаковых перагавораў 9 снежня 2023 года ў Малаба Мбасога і Лукашэнка падпісалі дарожную карту па развіцці супрацы паміж Беларуссю і Экватарыяльнай Гвінеяй.

Дакумент, разлічаны на 2024–2026 гады, ахоплівае “15 ключавых кірункаў узаемадзеяння”, уключаючы “кааперацыйныя праекты, пастаўкі беларускай тэхнікі і арганізацыю яе абслугоўвання, сельскагаспадарчую сферу, ахову здароўя, фармацэўтыку і рэалізацыю медыцынскага абсталявання, лясную гаспадарку”.

Бакі падпісалі пагадненні аб абароне інвестыцый, прадухіленні двайнога падаткаабкладання і прадухіленні ўхіленняў ад выплаты падаткаў на прыбытак і маёмасць.

“Вось гэта подзвіг, які здзейснілі члены ўрадаў Экватарыяльнай Гвінеі і Беларусі, нашыя адмыслоўцы. 74 канкрэтныя праекты, якія мы павінны рэалізаваць у бліжэйшыя 2–3 гады. Заўтра пачынаем капаць зямлю ў Гвінеі і вырашаць праблемы”, — сказаў тады Лукашэнка.

Да 1 жніўня 2024 года Беларусь, згодна з пастановай Савета міністраў, павінна была адкрыць амбасаду ў Экватарыяльнай Гвінеі, аднак МЗС пра поспехі ў гэтай справе дагэтульнічога не паведамляў.

Да канца гэтага года ў Мінску павінна распачаць працу дыпламатычнае прадстаўніцтва Экватарыяльнай Гвінеі.

Падзяліцца: