Мінск 08:26

Латушка спадзяецца, што беларусы і надалей змогуць прэтэндаваць на прытулак у Польшчы

Архіўнае фота: "Позірк"

12 кастрычніка, Позірк. Спадзеў на тое, што беларусы і надалей змогуць прэтэндаваць на атрыманне прытулку ў Польшчы выказаў на фоне весткі пра тое, што ўрад гэтай краіны можа прыпыніць адпаведнае права, намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.

“Я вельмі ўдзячны Польшчы і палякам за тое, што Польшча стала краінай, дзе многія беларусы знайшлі абарону і салідарнасць, — напісаў палітык 12 кастрычніка на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х. — Я шчыра спадзяюся, што Польшча застанецца краінай, дзе беларусы, высланыя рэжымам Лукашэнкі праз створаную ў Беларусі атмасферу страху і тэрору і самыя масавыя рэпрэсіі ў гісторыі сучаснай Еўропы, змогуць разлічваць на статус уцекача, на месца, дзе яны змогуць выратаваць сваё жыццё і здароўе”.

Латушка падкрэсліў, што права на прытулак “важнае і для тых беларусаў, якія, ратуючыся ад тэрору, ужо знаходзяцца ў Польшчы і просяць прытулку”. “Важна аддзяліць рэжым Лукашэнкі ад беларускага народа. Мы разлічваем на вашую салідарнасць з беларускім народам”, — адзначыў ён.

Палітык пражывае ў Польшчы. У Беларусі ён завочна асуджаны да 18 гадоў пазбаўлення волі.

На з’ездзе “Грамадзянскай кааліцыі” 12 кастрычніка яе кіраўнік — прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск абвясціў, што 15 кастрычніка прадставіць на пасяджэнні ўрада новую міграцыйную стратэгію, якая сярод іншага прадугледжвае “часовае тэрытарыяльнае прыпыненне права на прытулак”.

“І я буду патрабаваць прызнання ў Еўропе гэтага рашэння, бо мы добра ведаем, як [міграцыя] выкарыстоўваецца Лукашэнкам, Пуціным, кантрабандыстамі і гандлярамі людзьмі. Як права на прытулак выкарыстоўваецца менавіта супраць сутнасці права на прытулак”, — сказаў ён.

Туск паабяцаў, што ўрад “звядзе нелегальную міграцыю да мінімуму”.

“Дзяржава павінна сачыць за тым, каб у Польшчу прыязджалі людзі, якія хочуць шчыра працаваць у Польшчы, плаціць падаткі, інтэгравацца ў польскае грамадства, вучыцца ў рэальнай ВНУ. Менавіта гэтыя людзі заслугоўваюць павагі”, — сказаў прэм’ер.

Палітык падкрэсліў, што калі нехта хоча пераехаць у Польшчу для сталага пражывання, ён павінен “паважаць польскія стандарты, звычаі” і “хацець інтэгравацца”.

Пасля падзей 2020 года ў Беларусі Польшча стала адной з ключавых краін, у якія шмат беларусаў уцякло ад рэпрэсій рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Няўрадавы Цэнтр беларускай салідарнасці са спасылкай на даныя Упраўлення па справах замежнікаў паведамляў, што на 31 снежня 2023 года ў Польшчы пражывалі 118.562 грамадзяніны Беларусі з дакументамі, якія тым ці іншым чынам легалізуюць іх у краіне. Сярод іх часовы дазвол на жыхарства мелі 69.399 чалавек, пастаянны ДНЖ — 39.553, дадатковую абарону — 6.555, дазвол на знаходжанне доўгатэрміновага рэзідэнта ЕС — 1.160, статус уцекача — 578, часовую абарону — 436, іншыя падставы — 436.

Сёлета за люты — сакавік ва ўпраўленне звярнуліся па міжнародную абарону каля 3 тыс. замежных грамадзян, у тым ліку 1 тыс. беларусаў.

З вясны 2021 года на мяжы Беларусі і краін Еўрасаюза цягнецца міграцыйны крызіс. Улады суседніх еўрапейскіх дзяржаў лічаць яго “гібрыднай атакай”, арганізаванай рэжымамі ў Мінску і Маскве.

Ад пачатку 2024 года Польшча, згодна з праведзеным “Позіркам” аналізам статыстычных даных яе памежнай службы, прадухіліла 27,4 тыс. спробаў мігрантаў нелегальна перасекчы мяжу з беларускай тэрыторыі — амаль на чварціну больш, чым за аналагічны перыяд 2023-га (22 тыс.).

Падзяліцца: