Мінск 14:40

Мінск наведваў прадстаўнік Дзярждэпа ЗША — “Белсат”

Кевін Дойл
Крыніца: alwac.org

18 кастрычніка, Позірк. Прыём для прадстаўнікоў замежных устаноў у сувязі з візітам у Беларусь чыноўніка Дзяржаўнага дэпартамента Злучаных Штатаў Амерыкі Кевіна Дойла правяла 15 кастрычніка ў Мінску амбасада ЗША, паведамляе тэлеканал “Белсат” са спасылкай на ўласныя крыніцы.

Сцвярджаецца, што Дойл разам з часовым павераным ЗША Пітарам Каўфманам правёў сустрэчу з прадстаўнікамі МЗС Беларусі, на якой сярод іншага абмяркоўваўся лёс палітвязняў. Перамовы “не ўнеслі яснасці ў сітуацыю”, адзначае медыя.

“Дзяржаўны дэпартамент падтрымлівае афіцыйныя кантакты з Міністэрствам замежных спраў Беларусі, каб гарантаваць, што мы можам здзяйсняць звычайную дыпламатычную камунікацыю і абараняць нацыянальныя інтарэсы ЗША ад імя грамадзян ЗША”, — цытуе “Белсат” Коліна Сміта, спецыяліста па сувязях з грамадскасцю аддзела па справах Беларусі амбасады ЗША ў Літве.

Паводле звестак з адкрытых крыніц, у Дзярждэпе Дойл курыруе эканамічныя сувязі ЗША з Беларуссю і Малдовай. Вывучаў міжнародныя стасункі і рускую мову ў Гарвардскім універсітэце, там атрымаў ступень магістра ў галіне рэгіянальных даследаванняў (Расія, Усходняя Еўропа і Цэнтральная Азія з асаблівым акцэнтам на энергетычную геапалітыку гандлю прыродным газам Азербайджана). Працаваў у амбасадзе ЗША ў Венгрыі і консульстве ў Мумбаі (Індыя).

20 верасня Каўфман “рашуча асудзіў” дэманстрацыю “беларускім рэжымам затрыманага грамадзяніна ЗША ў дзяржаўных СМІ ў прапагандысцкіх мэтах”. Заява была звязаная з паказаным напярэдадні на тэлеканале “Беларусь 1” фільмам “Забойная змова. Цэль — Лукашэнка”. У ім фігурант “справы змоўшчыкаў” адвакат Юрый Зянковіч (грамадзянін Беларусі і ЗША) звярнуўся з вуснай просьбай аб памілаванні і магчымасці вярнуцца ў Штаты.

Амерыканскі дыпламат адпрэчыў “беспадстаўныя заявы, якія прагучалі ў праграме”.

Паводле яго слоў, “гісторыя выкарыстання рэжымам [Аляксандра Лукашэнкі] тактыкі прымусу для вытворчасці падобнага кантэнту ставіць пад сумнеў добраахвотны характар удзелу грамадзяніна ЗША”.

“Дзяржаўны дэпартамент не мае найвышэйшага прыярытэту, чым бяспека грамадзян ЗША за мяжой, і мы будзем працягваць выступаць за паляпшэнне становішча гэтага затрыманага амерыканца. Я паўтараю даўнюю рэкамендацыю ўрада ЗША, што грамадзяне ЗША не павінны ездзіць у Беларусь, а тыя, хто знаходзіцца ў Беларусі, мусяць неадкладна з’ехаць з краіны”, — заявіў тады Каўфман.

Дакладна невядома, ці звязаны візіт Кевіна Дойла са зваротам Зянковіча, якога суд Ленінскага раёна Магілёва нядаўна прыгаварыў да 2 гадоў пазбаўлення волі паводле арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі папраўчай установы). Да гэтага адвакат быў асуджаны на 11 гадоў зняволення па “справе змоўшчыкаў”, а пасля яшчэ на 6 месяцаў за “абразу прадстаўніка ўлады”.

Падзяліцца: