Мінск 23:31

Беларускія моладзевыя арганізацыі могуць запытваць сродкі ЕМФ пры супрацы з украінскімі калегамі — АПК

18 кастрычніка, Позірк. Дамоўленасці распрацаваць сумесныя праекты па падтрымцы грамадзянскай супольнасці Украіны дасягнула прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) па моладзевай палітыцы і студэнцтве Маргарыта Ворыхава падчас сустрэчы з прадстаўнікамі ўкраінскіх моладзевых арганізацый.

Паводле інфармацыі прэс-службы АПК, адпаведныя перамовы адбыліся ў Любліне (Польшча) на палях мерапрыемства, прысвечанага кіраванню праектамі і моладзевай супрацы.

На сустрэчах з прадстаўнікамі ўкраінскіх арганізацый абмяркоўваліся магчымасці “аб’яднання рэсурсаў і досведу для падтрымкі дэмакратычных ініцыятыў”.

“Беларускія моладзевыя арганізацыі маюць права падаваць заяўкі на атрыманне фінансавання з Еўрапейскага моладзевага фонду (ЕМФ, European Youth Foundation. — “Позірк”.) у межах спецыяльнага надзвычайнага фонду для Украіны, калі яны будуць супрацоўнічаць з украінскімі моладзевымі арганізацыямі, — паведаміла па іх выніку Ворыхава. — Гэта магчымасць для беларускіх арганізацый дапамагчы Украіне і адначасова працягнуць сваю дзейнасць у выгнанні”.

Прадстаўніца АПК заклікала зацікаўленыя ў выкарыстанні гэтай магчымасці беларускія моладзевыя арганізацыі звязацца з ёй, выказала гатоўнасць аказаць падтрымку ў падачы заяўкі.

Паводле слоў Ворыхавай, падчас асноўнага мерапрыемства яна давяла да ўдзельнікаў сустрэчы, што выклікі, з якімі сутыкаецца беларуская і ўкраінская моладзь, — рэпрэсіі і вайна — “непасрэдна звязаныя”. “Таму яны патрабуюць сумесных намаганняў і салідарнасці, якія не толькі ўмацуюць дэмакратычны супраціў, але і створаць умовы для развіцця лідарства моладзі ў абедзвюх краінах”, — лічыць прадстаўніца кабінета.

ЕМФ створаны ў 1972 годзе Саветам Еўропы для фінансавай і адукацыйнай падтрымкі моладзі і маладзёжных мерапрыемстваў, якія садзейнічаюць прасоўванню фундаментальных каштоўнасцей арганізацыі. Знаходзіцца ў Страсбургу. Штогадовы бюджэт — каля 3,5 млн еўра.

Падзяліцца: