Мінск 10:59

Улады Беларусі хочуць пашырыць гандлёва-эканамічныя сувязі з Лаосам

В'енцьян
Ілюстрацыйнае фота: Alessio Roversi / unsplash.com

19 кастрычніка, Позірк. Важнасць “пашырэння гандлёва-эканамічных сувязей” была падкрэсленая на перамовах старшыні Палаты прадстаўнікоў Ігара Сергяенкі з прэм’ер-міністрам Лаоса Сансаем Сіпхандонам.

Паводле інфармацыі прэс-службы ніжняй палаты беларускага парламента, сустрэча адбылася 19 кастрычніка ў лаоскай сталіцы В’енцьяне на палях 45-га генеральнага сходу Міжпарламенцкай асамблеі Асацыяцыі дзяржаў Паўднёва-Усходняй Азіі (АСЕАН).

Сцвярджаецца, што Лаос ініцыюе правядзенне чарговага пасяджэння сумеснай камісіі па двухбаковай супрацы.

На перагаворах таксама было заяўлена пра неабходнасць актывізаваць узаемадзеянне гандлёва-прамысловых палат дзвюх краін.

“Беларускія прадпрыемствы гатовыя рэагаваць на патрэбы эканомікі Лаоса, зацікаўленыя ў пошуку надзейных партнёраў і адкрытыя да прапаноў па стварэнні сумесных вытворчасцей”, — гаворыцца ў паведамленні.

Беларускі парламентарый абмеркаваў з кіраўніком урада Лаоса “перспектывы супрацы ў сферах адукацыі і культуры, у прыватнасці магчымасць навучання лаоскіх студэнтаў у Беларусі і аднаўлення правядзення дзён культуры ў Мінску і В’енцьяне”.

Бакі пацвердзілі адсутнасць “рознагалоссяў у двухбаковым, рэгіянальным і міжнародным парадку дня”, пагадзіліся з важнасцю большага ўзаемадзеяння ў міжнародных арганізацыях для “прасоўвання ініцыятыў, скіраваных на ўмацаванне міру і развіццё эканамічнай супрацы”.

Паводле інфармацыі МЗС, узаемны тавараабарот Беларусі і Лаоса ў 2021 годзе склаў 7 млн 141,1 тыс. долараў. На беларускі экспарт прыпала 7 млн 54,3 тыс. (калійныя ўгнаенні, электраабсталяванне для рухавікоў, прылады на вадкіх крышталях), на лаоскія пастаўкі — усяго 86,8 тыс. (тэкстыль і абутак). Актуальных даных у адкрытым доступе няма.

Падзяліцца: