Мінск 15:50

Cпорт па-за палітыкай можа быць у дэмакратычнай краіне — Ціханоўская

Фота: прэс-служба АПК

19 кастрычніка, Позірк. “Часта можна пачуць, што спорт — па-за палітыкай. І сапраўды, так павінна быць у дэмакратычнай краіне”, — заявіла дэмлідар Святлана Ціханоўская падчас адкрыцця спаборніцтваў на Кубак Івуліна 19 кастрычніка ў Варшаве.

На яе думку, калі палітыкі гуляюць сумленна, спартсменам “няма патрэбы ўмешвацца”: “Аднак калі адзін несумленны гулец, пры дапамозе падкупленых суддзяў, пагроз і гвалту, дыктуе свае правілы — сумленныя спартоўцы не маглі застацца ўбаку”.

“Гэтым турнірам сёння мы выказваем салідарнасць з беларускімі палітвязнямі, і вельмі важна, што выручаныя сродкі пойдуць на рэпрэсаваных. Тысячы людзей знаходзяцца ў турмах, на хатняй хіміі ці ў вымушанай эміграцыі, і патрабуюць нашай дапамогі”, — дадала палітык.

Многія з удзельнікаў турніру “пацярпелі за сваю сумленную пазіцыю”, сказала яна: “Улады пазбавілі вас магчымасці выступаць за сваю краіну. Але вы не здрадзілі сваім прынцыпам, за што мы вам удзячныя. Удзячныя і сяброўскім краінам, у прыватнасці Польшчы, якая дазволіла працягваць спартовую кар’еру”.

Само правядзенне такога турніру ў цяперашняй Беларусі рэжым бы прыраўняў да беспарадкаў, “а то і ўвогуле да спробы дзяржперавароту”, падкрэсліла Ціханоўская.

“Я радая, што тут, у Польшчы, расце колькасць і беларускіх аматарскіх клубаў: “Белыя Зубры” з Гданьску, “Палессе Юнайтэд” з Кракава, ці “Пра Трэйнінг” з Познані. Я радая і поспехам беларускага клуба “Пагоня”. Спадзяюся, вы зможаце аднойчы выступаць і ў прафесійнай лізе”, — заявіла дэмлідар.

У адкрыцці спаборніцтваў прыняў удзел міністр спорту і турызму Польшчы Пётр Борыс.

Таксама, як паведамляе прэс-служба Аб’яднанага пераходнага кабінета, Ціханоўская прыняла ўдзел у польскай сталіцы ў адкрыцці адноўленага муралу, прысвечанага беларускім палітвязням. На ім месцяцца партрэты Алеся Бяляцкага, Анджэя Пачобута, Марыі Калеснікавай і Марфы Рабковай.

Фота: прэс-служба АПК

Аўтарамі сталі польскія мастакі Дарыюш Пачкоўскі і Магдалена Худзіньска. Праект рэалізаваны АПК, польскім аддзяленнем праваабарончай арганізацыі Amnesty International Polska. “У стварэнні ідэі мурала актыўны ўдзел прымала беларуская супольнасць. Ключавую ролю ў арганізацыі і фінансаванні праекта адыгралі ўлады Варшавы”, — паведамляе АПК.

“Задача беларусаў — з дапамогай краін-суседзяў выратаваць гэтых людзей з-за кратаў. І я дзякую Польшчы за яе моцную пазіцыю наконт нашай беларускай рэвалюцыі. Польшча цісне на рэжым, вельмі шмат дапамагае беларусам у выгнанні і нашым дэмакратычным сілам”, — заявіла экс-кандыдат у прэзідэнты.

Кубак Івуліна ладзіцца трэці раз. Першы футбольны турнір беларускіх аматарскіх каманд, арганізаваны ў гонар палітвязня Аляксандра Івуліна, прайшоў 14 жніўня 2022 года ў Варшаве, другі — 19 жніўня 2023 года, у ім ужо удзельнічалі таксама каманды з Польшчы і Украіны.

Сам Івулін, вядомы спартыўны журналіст і футбаліст, відэаблогер, вызваліўся 17 лютага 2023 года з калоніі № 22 (Івацэвічы, Брэсцкая вобласць). Ён быў прыгавораны да двух гадоў пазбаўлення волі паводле арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх).

Падзяліцца: