Мінск 17:55

Ціханоўская: Малдаване, як і беларусы, маюць права вызначаць сваю будучыню шляхам дэмакратыі

Ілюстрацыйнае фота: Sasha Pleshco / unsplash.com

21 кастрычніка, Позірк. Малдаване, як і беларусы, “маюць права вызначаць сваю будучыню шляхам дэмакратычнага працэсу, свабоднага ад замежных спробаў подкупу і маніпулявання галасамі”, заявіла кіраўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета Святлана Ціханоўская, каментуючы праведзены 20 кастрычніка рэферэндум па пытанні еўраінтэграцыі Малдовы і вынікі першага тура прэзідэнцкіх выбараў.

“Мы павінны абараняць дэмакратыю і свабоду ад тых сіл, якія адмаўляюць наша права на існаванне ў якасці суверэнных еўрапейскіх дзяржаў”, — напісала палітык на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х.

Цэнтрвыбаркам Малдовы паведаміў, што на ўчасткі прыйшло 1.562.238 выбаршчыкаў — 51,67% унесеных у спісы для галасавання.

Паводле актуальных даных, сапраўднымі прызнана 1.482.849 бюлетэняў на рэферэндуме. Членства краіны ў ЕС падтрымала 50,42% тых, хто прагаласаваў, супраць выступіла 49,58%.

Аніводзін з 11 кандыдатаў на пасаду прэзідэнта не набраў паловы галасоў выбаршчыкаў, таму праз два тыдні адбудзецца другі тур. Разам з тым дзейны — праеўрапейскі — прэзідэнт краіны Мая Санду па выніках падліку амаль усіх бюлетэняў набрала каля 42% галасоў, яе галоўны сапернік — экс-генпракурор, кандыдат ад прарасійскай Партыі сацыялістаў Аляксандр Стаянагло — каля 26%.

Раніцай 21 кастрычніка Санду заявіла пра наяўныя “дакладныя доказы” таго, што “злачынныя групы, якія працуюць разам з замежнымі сіламі, варожымі нацыянальным інтарэсам”, спрабавалі перакупіць 300 тыс. галасоў.

Прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў пазней адрэагаваў на гэтую заяву патрабаваннем “прадставіць доказы”.

Ціханоўская наведвала Малдову 20–21 кастрычніка 2023 года на запрашэнне Санду. У кастрычніку 2022-га ў малдаўскім парламенце была створана група “За дэмакратычную Беларусь”, у якую ўвайшло 20 чалавек, уключаючы віцэ-спікера Міхаіла Папшоя і кіраўніцу камісіі па знешняй палітыцы і еўрапейскай інтэграцыі Дойну Герман. Узначаліла групу дэпутат ад партыі “Дзеянне і салідарнасць”, член парламенцкага камітэта па эканоміцы, бюджэце і фінансах Марына Марозава.

Падзяліцца: