Мінск 14:45

Лябедзька абмеркаваў з еўрапарламентарыем Андрукайцісам стратэгію дэлегацыі ЕП па Беларусі

Фота: "Парламенцкі канал"

22 кастрычніка, Позірк. Стратэгію, прыярытэты і план дзейнасці дэлегацыі па Беларусі ў Еўрапейскім парламенце (ЕП) абмеркаваў дарадца дэмлідара Святланы Ціханоўскай па канстытуцыйнай рэформе і парламенцкай супрацы Анатоль Лябедзька з дэпутатам ЕП, членам згаданай групы Віцянісам Повіласам Андрукайцісам.

“Гэта была сустрэча знаёмства, якая хутка перарасла ў працоўную”, — цытуе беларускага палітыка “Парламентскі канал”. 

Паведамляецца, што “ў топе прыярытэтаў” знаходзіцца тэма палітвязняў і “некалькі канкрэтных накірункаў магчымай супрацы” з дэлегацыяй ЕП па гэтым пытанні. 

Бакі абмеркавалі арганізацыю і правядзенне беларуска-еўрапейскага міжпартыйнага форума “8+100″, запланаваные на 2025 год прэзідэнцкія выбары ў Беларусі і працу альянса дэпутацкіх груп “За дэмакратычную Беларусь”. 

На пачатку кастрычніка кіраўніком дэлегацыі ЕП па Беларусі была абраная прадстаўніца Польшчы Малгажата Гасеўска (віцэ-спікер польскага Сейма ў 2019–2023 гадах).

18 верасня ў Страсбургу (Францыя) дэпутаты Еўрапарламента абмеркавалі рэзалюцыю аб становішчы палітвязняў у Беларусі, 19 верасня яна была прынятая.

13 верасня 2023 года ЕП прыняў рэзалюцыю “Аб сітуацыі ў Беларусі”, у якой запатрабаваў ад беларускіх уладаў спынення “спіралі гвалту, катаванняў, рэпрэсій і прапаганды супраць іншадумцаў”, безумоўнага вызвалення палітвязняў, абвяшчэння амністыі для “ўсіх арыштаваных з палітычных матываў”, аказання неабходнай медыцынскай дапамогі палітвязням з цяжкімі захворваннямі, правядзення незалежнага расследавання па фактах смерці палітвязняў.

На наступны дзень еўрапарламентарыі ўхвалілі рэзалюцыю “Нявызначанасць адносна месцазнаходжання Мікалая Статкевіча і нядаўнія напады на членаў сем’яў беларускіх палітыкаў і актывістаў”, у якой запатрабавалі “неадкладнага і безумоўнага вызвалення” палітыка “і ўсіх 1.500 палітычных зняволеных”.

8 лютага 2024 года Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю “Новая хваля масавых арыштаў актывістаў апазіцыі і членаў іх сем’яў у Беларусі”, у якой сярод іншага заклікаў неадкладна і безумоўна вызваліць усіх палітзняволеных, членаў іх сем’яў і “асоб, якія зазналі адвольнае затрыманне”, аднавіць і выплаціць кампенсацыі.

З траўня на Мальце было падпісана пагадненне аб супрацы паміж Еўрапарламентам і беларускімі дэмакратычнымі сіламі.

Падзяліцца: