Мінск 17:51

Беларусь падтрымлівае стварэнне сістэмы разлікаў у рамках БРІКС, заяўляе кіраўнік МЗС Рыжанкоў

Архіўнае фота: прэс-служба МЗС Беларусі

22 кастрычніка, Позірк. Мінск падтрымлівае стварэнне сістэмы разлікаў у рамках БРІКС, заявіў міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў у інтэрв’ю пракрамлёўскаму медыя “РИА Новости”, апублікаванаму 22 кастрычніка — у першы дзень саміту арганізацыі ў Казані (РФ).

“Мы вельмі пазітыўна ўспрымаем тыя крокі, якія робіць Расійская Федэрацыя па стварэнні такой сістэмы ў рамках БРІКС”, — сказаў чыноўнік.

Паводле яго слоў, “час ужо мець пару-тройку механізмаў разлікаў, якія былі б непадкантрольныя калектыўнаму Захаду”.

Рыжанкоў заявіў, што Захад выкарыстоўвае існую сусветную сістэму разлікаў не столькі для правядзення санкцыйнай палітыкі “за нейкую адсутнасць дэмакратыі”, колькі ў якасці інструмента “несумленнай і неадпаведнай духу міжнародных арганізацый, такіх, як ААН або СГА, канкурэнцыі”. “Гэта механізмы, каб стрымаць развіццё іншых краін, забяспечыць сабе працяг дамінавання”, — сцвярджае ён.

Наяўнасць “двух-трох такіх сістэм узаемаразлікаў”, на думку міністра, “апетыт гэтых заходнікаў шмат у чым знізіць і дасць магчымасць, прынамсі, краінам БРІКС і іх партнёрам не баяцца за ўмовы гандлю паміж сабой”.

“Дазволіць зразумець, што наш гандаль залежыць не ад нейкай палітычнай кан’юнктуры, інтарэсаў нейкіх алігархічных колаў на Захадзе, а залежыць толькі ад сумленнай канкурэнцыі”, — сказаў прадстаўнік рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Мінск, паводле слоў Рыжанкова, агулам падтрымлівае ўсе праекты і ідэі, за якімі стаяць асноўныя дзяржавы — члены БРІКС: “Кожны мае сваю фішку. Кожная дзяржава адпрацоўвае нейкую ідэю, якая дае сінэргетычны эфект у цэлым для арганізацыі. Нехта выступае за ўмацаванне фінансавых інструментаў развіцця БРІКС, нехта лагістыкай больш займаецца, нехта лічбавізацыяй. Вось нам усё гэта блізка, нам усё гэта важна”.

Беларусь, лічыць ён, краінам БРІКС можа быць карыснай у плане “вырашэння пытанняў глабальнай харчовай бяспекі”, бо з’яўляецца “не толькі экспарцёрам прадуктаў харчавання, сельгастэхнікі, угнаенняў, але і гатовая прапаноўваць свае тэхналогіі і кампетэнцыі для развіцця сельскай гаспадаркі ў зацікаўленых краінах”.

“Мы гатовыя падзяліцца абсалютна бязвыплатна ў адрозненне ад краін Захаду, якія ніколі нікому не дапамогуць, — сцвярджае чыноўнік. — Іх галоўная задача — выпампоўваць толькі карысныя выкапні і прадаваць свае тавары. Яны ніколі не прыйдуць ствараць нейкую вытворчасць, бо заўтра гэтую прадукцыю не купяць у іх. Беларусь не так працуе: калі мы маем партнёрскія стасункі, то, вядома ж, мы будзем старацца быць карыснымі ва ўсім, што трэба нашым партнёрам, разлічваючы на такое ж стаўленне з іх боку”.

Акрамя таго, паводле яго слоў, Беларусь можа быць карысная БРІКС як дзяржава з “добрымі магчымасцямі транзіту” па маршруце ЕС — ЕАЭС — Кітай.

Улетку 2006 года Бразілія, Расія, Індыя і Кітай пачалі працэс фармавання БРІК — садружнасці дзяржаў, заснаванай на прынцыпах эканамічнай супрацы. Першы саміт БРІК, які азнаменаваў стварэнне аб’яднання, адбыўся ў чэрвені 2009 года.

У 2011-м садружнасць БРІК была перайменавана ў БРІКС, паколькі да яе далучылася Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка (Republic of South Africa).

Ад пачатку 2024 года арганізацыя ператварылася ў БРІКС+ (часта “+” у назве апускаюць), паколькі да яе афіцыйна далучыліся Іран, Саудаўская Аравія, Егіпет, Эфіопія і ААЭ. Аргенціна, якая атрымала афіцыйнае запрашэнне, адмовілася ад уступлення пасля прыходу да ўлады ў снежні 2023 года прэзідэнта Хаўера Мілея.

Беларусь падала заяўку на ўступленне ў арганізацыю летась.

У 2020-х заяўкі на ўступленне ў БРІКС падалі Алжыр, Бангладэш, Бахрэйн, Інданезія. Цікавасць да патэнцыйнага далучэння праявілі Ангола, Афганістан, Венесуэла, Габон, Гвінея-Бісаў, Гандурас, Дэмакратычная Рэспубліка Конга, Зімбабвэ, Казахстан, Каморы, Куба, Мексіка, Нігерыя, Нікарагуа, Пакістан, Сенегал, Сірыя, Судан, Тайланд, Туніс, Турцыя, Уганда і Уругвай.

Падзяліцца: