Мінск 03:17

Розніца цэн у Беларусі і Расіі “стварае нервовасць на ўнутраным рынку” — віцэ-прэм’ер Снапкоў

Крыніца: 1prof.by

22 кастрычніка, Позірк. На розніцу цэн на тавары ў Беларусі і Расіі, а таксама на наступствы гэтага звярнуў увагу намеснік прэм’ер-міністра Мікалай Снапкоў, выступаючы 22 кастрычніка на пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.

Паводле яго слоў, якія перадае агенцтва Sputnik, у Беларусі многія тавары каштуюць танней, чым у РФ. Напрыклад, сказаў Снапкоў, у 2024 годзе беларускія яблыкі ў сярэднім на 64% танней, чым у РФ, агуркі — на 57%, малако — на 37%, свініна — на 12%.

“Гэта лагічна з улікам таго, што сярэдняя заработная плата ў Беларусі ніжэйшая, чым у Расійскай Федэрацыі. Але трэба адзначыць, што гэта таксама і стварае нервовасць на ўнутраным рынку з пункту гледжання яго забеспячэння”, — адзначыў Снапкоў.

Пры такой розніцы ў цэнах беларускія вытворцы “імкнуцца мінімізаваць пастаўкі на ўнутраны рынак і максімізаваць на больш выгадныя напрамкі”.

Прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка 10 кастрычніка ў Мінску на цырымоніі ўручэння дзяржаўных узнагарод заявіў, што аб’ёмы экспарту прадуктаў харчавання па выніках 2024 года наблізяцца да 9 мільярдаў долараў.

Па выніках васьмі месяцаў 2024 года тавараабарот Беларусі і Расіі склаў больш за 34 млрд долараў, павялічыўшыся на 8,2% у параўнанні з аналагічным перыядам 2023-га, вынікае са зробленай 7 кастрычніка заявы беларускага пасла ў РФ Аляксандра Рагожніка.

Рагожнік паведаміў, што беларускі экспарт за гэты час у гадавым вымярэнні вырас амаль на 4%. Пры гэтым для Беларусі складваецца дадатнае сальда ў аб’ёме больш за 0,5 млрд долараў.

Праведзенае “Позіркам” супастаўленне прадстаўленай дыпламатам інфармацыі з апублікаванымі ў гэты ж дзень звесткамі Нацыянальнага статыстычнага камітэта, паказала, што на РФ прыпадае больш за 60% усяго аб’ёму знешнегандлёвага абароту тавараў Беларусі, які склаў больш за 56,2 млрд долараў. Пры гэтым на РФ прыпадае каля 63% беларускага экспарту і 58% імпарту.

Знешнегандлёвы абарот тавараў Беларусі ў студзені — жніўні 2024 года склаў 56 млрд 212,6 млн долараў — на 4,8% больш, чым за аналагічны перыяд 2023-га, сведчаць даныя Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

Экспарт за восем месяцаў дасягнуў 26 млрд 893,2 млн долараў (+4,4%), імпарт — 29 млрд 319,4 млн (+5,2%). Адмоўнае сальда склала 2 млрд 426,2 млн долараў (у студзені — жніўні 2023-га было -2 млрд 318,8 млн).

Падзяліцца: