Мінск 23:47

Экс-кандыдат у прэзідэнты Таццяна Караткевіч выйшла на волю пасля адміністрацыйнага арышту

Андрэй Дзмітрыеў і Таццяна Караткевіч падчас выбарчай кампаніі 2015 года

23 кастрычніка, Позірк. Кандыдат на прэзідэнцкіх выбарах 2015 года Таццяна Караткевіча адбыла адміністрацыйны арышт і выйшла на волю, паведаміў 23 кастрычніка ў сацсетцы х яе паплечнік, палітык Андрэй Дзмітрыеў.

“Сустрэў Таццяну Караткевіч з 15 сутак. Яна ў парадку. Працягваем. Дзякуй усім, хто хваляваўся і падтрымліваў”, — адзначыў Дзмітрыеў.

Пра тое, што Караткевіч арыштаваная на 15 сутак за нейкае фота, якое было знойдзенае ў яе ў сацсетках, паведаміла “Наша Ніва” 11 кастрычніка. Паводле якога артыкула КоАП яе судзілі, невядома.

Караткевіч вылучыла ў якасці кандыдата на прэзідэнцкіх выбарах 2015 года апазіцыйная кааліцыя “Народны рэферэндум” у складзе кампаніі “Гавары праўду”, руху “За Свабоду”, Партыі БНФ і Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада”.

Паводле афіцыйных вынікаў, за яе прагаласавала 271.426 выбаршчыкаў, што склала 4,44% агульнай колькасці тых, хто ўзяў удзел у выбарах. Кіраўніком выбарчага штаба Караткевіч тады быў Дзмітрыеў, які ўзначаліў “Гавары праўду” пасля яе.

Дзмітрыеў быў кандыдатам на пасаду прэзідэнта на выбарах 2020 года. Паводле сцвярджэння ЦВК, атрымаў 1,21% галасоў.

У студзені 2023 года палітык быў затрыманы і пасля асуджаны на паўтара года пазбаўлення волі па ч. 1 арт. 342 КК за “актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак”. Выйшаў на волю 20 красавіка 2024 года, адбыўшы тэрмін зняволення.

Караткевіч апошнім часам актыўнай палітычнай дзейнасцю не займалася, засяродзіўшыся на сацыяльнай дапамозе людзям з інваліднасцю.

Падзяліцца: