Мінск 22:22

За кінутую свечку на тэрыторыю амбасады і спробу збегчы беларус Бяляй прыгавораны ў Літве да пазбаўлення волі

24 кастрычніка, Позірк. Вільнюскі акруговы суд прыгаварыў грамадзяніна Беларусі Мацвея Бяляя (1990 года нараджэння) да пазбаўлення волі на тэрмін 8 месяцаў і 15 дзён, паведамляе партал навін Delfi.

Справа разглядалася ў апеляцыйным парадку на запыт пракурора на падставе таго, што мужчына спрабаваў уцячы ад арышту.

Згодна з матэрыяламі справы, уначы 20 красавіка 2023 года Беляй кінуў на тэрыторыю амбасады Беларусі ў Вільнюсе самаробную свечку з гаручай сумессю. Пачаўся пажар, але агонь пагас сам. Беляя затрымалі і пасля ўзялі пад арышт.

У студзені 2024 года Віленскі гарадскі ўчастковы суд прызнаў яго вінаватым у замаху на знішчэнне чужой маёмасці небяспечным для грамадства спосабам і прыгаварыў да 11 месяцаў абмежавання волі. Аднак пракурор абскардзіў вырак, заявіўшы, што Бяляй падчас арышту спрабаваў збегчы.

У кастрычніку Вільнюскі акруговы суд разгледзеў справу паўторна. За спробу знішчэння чужой маёмасці і спробу ўцёкаў з-пад арышту ён быў прыгавораны ў агульнай складанасці да 8 месяцаў і 15 дзён пазбаўлення волі. У агульны тэрмін пакарання залічылі час, які ён правёў пад арыштам з 20 красавіка да 18 кастрычніка 2023 года.

Падчас папярэдняга следства Бяляй адмаўляў, што кідаў на тэрыторыю амбасады свечку з гаручай сумессю. У красавіку мужчыну змяшчалі ва ўніверсітэцкі шпіталь Вільнюса, адкуль мужчына, паводле сцвярджэння следства, і спрабаваў уцячы: “Палату ахоўвалі два работнікі калоніі. Каля 2 гадзін ночы затрыманы захацеў у прыбіральню, а калі выйшаў — ударыў аднаго ахоўніка локцем у жывот і спрабаваў збегчы, але быў затрыманы. Ахоўнікі прымянілі слёзацечны газ і баявыя прыёмы”.

Паводле інфармацыі Delfi, Беляй “назваў сябе прадстаўніком беларускай апазіцыі” і “запэўніваў, што быў пазбаўлены беларускага грамадзянства”.

У базе рэпрэсаваных, якую вядзе праваабарончы цэнтр “Вясна”, маецца запіс пра чалавека з імем Мацвей Бяляй. 24 студзеня 2024 года ён атрымаў статус былога палітвязня.

Бяляй, паводле звестак праваабаронцаў, 3 сакавіка 2021 года нанёс удар малатком па дзвярах Дома ўрада, пасля чаго яго затрымала міліцыя. Мужчыну абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 339 КК (хуліганства), аднак суд вызваліў яго ад крымінальнай адказнасці і пастанавіў прымяніць да яго прымусовыя меры бяспекі і лячэння ў псіхіятрычным стацыянары са звычайным назіраннем.

Падзяліцца: