Мінск 12:25

Лукашэнка раскрытыкаваў ААН на фоне абдымкаў з яе генсекам

Скрыншот відэазапісу сустрэчы Антоніу Гутэрыша і Аляксандра Лукашэнкі ў Казані

24 кастрычніка, Позірк. На палях саміту БРІКС у Казані Аляксандр Лукашэнка раскрытыкаваў арганізацыю Аб’яднаных Нацый (ААН) на фоне абдымкаў з яе генеральным сакратаром Антоніу Гутэрышам.

Як паведамляе прэс-служба Лукашэнкі, 24 кастрычніка ён правёў сустрэчу з Гутэрышам, падчас якой уручыў апошняму скульптуру буслоў, паведаміўшы, што гэта сімвал міру, і суправадзіўшы каментаром: “Нам, Антоніу, вельмі патрэбны мір”.

“Вы павінны ведаць, што мы заўсёды будзем побач з вамі, што тычыцца [пытанняў] міру і вайны. Мы за мір, за мірныя перамовы, за мірнае вырашэнне любых канфліктаў”, — сказаў Лукашэнка, які прайшоў у абдымку з Гутэрышам некалькі метраў.

У той жа дзень ён даў інтэрв’ю расійскай газеце “Известия”, у якім раскрытыкаваў дзейнасць ААН, заявіўшы, што быў бы не супраць з’яўлення ў свеце арганізацыі-процівагі, каб “ААН заварушылася”.

Лукашэнка выступіў за тое, каб праца ААН “была эфектыўнай, каб Савет Бяспекі вырашаў пытанне, а не проста збіраўся там”, каб пытанні вайны і міру вырашаліся выключна на пляцоўцы арганізацыі.

“Калі ААН вырашыла вайну спыніць — спыніць. Гэта што, ёсць? Не. Амерыканцы папракаюць расіян. Ды чаго вы папракаеце? Колькі войнаў вы развязалі і колькі канфліктаў вы сёння вядзеце! І колькі войнаў вы яшчэ маеце намер ажыццявіць…” — сказаў ён.

Гутэрыш выступае за зняцце санкцый з экспарту беларускіх і расійскіх угнаенняў. Паводле яго слоў, на сустрэчах з расійскім і ўкраінскім лідарамі ён уздымаў пытанне харчовага крызісу, які з прычыны вайны ва Украіне паўстаў у Сенегале, Нігеры і Нігерыі.

Дэмсілы Беларусі выступаюць супраць такога рашэння.

4 ліпеня ў Астане (Казахстан) на палях саміту Шанхайскай арганізацыі смупррацоўніцтва падчас сустрэчы з Лукашэнкам Гутэрыш выказаў занепакоенасць сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі. Ён выказаў пажаданне, каб амністыя, у выніку якой былі вызваленыя некаторыя палітвязні, стала “крокам да поўнай павагі правоў чалавека і асноўных свабод у Беларусі”.

Генеральны сакратар падкрэсліў важнасць спынення вайны на Украіне на аснове Статута ААН, міжнароднага права і павагі тэрытарыяльнай цэласнасці дзяржаў.

Лукашэнка ў 2022 годзе даў Расіі магчымасць выкарыстоўваць тэрыторыю Беларусі для атакі на Украіну. Афіцыйны Мінск падтрымлівае Расію ў вайне цягам усяго гэтага часу.

Падзяліцца: