Мінск 08:33

БПЦ хоча навучаць семінарыстаў Мінска і Віцебска турэмнаму служэнню

Дамавы храм у калоніі № 2 у Бабруйску (Магілёўская вобласць)
Скрыншот: архіўны відэаматэрыял Бабруйскай епархіі БПЦ

26 кастрычніка, Позірк. Увесці ў навучальную праграму Мінскай і Віцебскай духоўных семінарый спецыяльны курс па “азнаямленні з уладкаваннем турэмнага служэння” рэкамендаваў сінод Беларускага экзархата Маскоўскага патрыярхата (БПЦ) на пасяджэнні 17 кастрычніка. Рашэнне замацаванае ў журнале БПЦ, апублікаваным пасля зацвярджэння 24 кастрычніка святым сінодам Рускай праваслаўнай царквы.

Распрацаваць спецкурс даручана адміністрацыі гэтых навучальных устаноў разам з сінадальным аддзелам БПЦ па турэмным служэнні.

Навучаць семінарыстаў гэтаму напрамку праваслаўныя іерархі Беларусі пастанавілі пасля даклада мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага, патрыяршага экзарха Веніяміна пра вынікі міжнароднай канферэнцыі, прысвечанай 30-годдзю аднаўлення турэмнага служэння БПЦ, якая прайшла 6 верасня ў Мінску.

Акрамя святароў у тым форуме ўдзельнічалі начальнік Дэпартамента выканання пакаранняў (ДВП) МУС Алег Маткін, намеснік старшыні камісіі Палаты прадстаўнікоў па нацыянальнай бяспецы Аляксандр Барсукоў (у мінулым начальнік сталічнай міліцыі, намеснік кіраўніка МУС, памочнік Аляксандра Лукашэнкі па Мінску), прадстаўнікі Генпракуратуры, Акадэміі МУС ды інш.

У адкрытым доступе няма актуальных звестак пра колькасць праваслаўных святароў, якія нясуць турэмнае служэнне ў Беларусі. У 2019 годзе намеснік начальніка ДВП МУС Уладзіслаў Мандрык паведамляў, што “БПЦ акармляе 65 устаноў” дэпартамента, у якіх дзейнічае “11 адмыслова пабудаваных для патрэбаў зняволеных храмаў, а таксама 10 дамавых храмаў-капліц, 30 малітоўных памяшканняў і 13 малітоўных куткоў”. “Паводле жадання зняволеныя ў любым месцы могуць удзельнічаць у таінствах”, — сцвярджаў чыноўнік.

У той жа час пасля падзей 2020 года праваабаронцы неаднаразова паведамлялі пра парушэнне рэлігійных правоў палітзняволеных — выпадкі, калі вязням забаранялі мець адпаведную атрыбутыку, сустракацца са святарамі розных канфесій, наведваць месцы культу ў пенітэнцыярных установах.

БПЦ шчыльна супрацоўнічае з рэжымам Лукашэнкі. Не выключана, што ў тым ліку з гэтай прычыны святары, якія нясуць турэмнае служэнне, публічна не крытыкуюць умовы ўтрымання зняволеных.

Мітрапаліт Веніямін — першы ўраджэнец Беларусі на чале экзархата. Свяшчэнны сінод РПЦ прызначыў яго на мінскую кафедру 25 жніўня 2020 года. Ён змяніў мітрапаліта Паўла (цяпер мітрапаліт Круціцкі і Каломенскі, патрыяршы намеснік Маскоўскай мітраполіі), які быў адкліканы з Беларусі неўзабаве пасля пачатку поствыбарных пратэстаў, адзначыўшыся выказваннямі пра гвалт, у тым ліку з боку сілавікоў, наведваннем у бальніцы пацярпелых на акцыях.

Адразу пасля прызначэння Веніямін стаў не ў прыклад часцей за папярэднікаў сустракацца з Аляксандрам Лукашэнкам, актывізаваў супрацу царквы з органамі ўлады, стаў браць актыўны ўдзел у дзяржаўных мерапрыемствах. Неаднаразова ўхваляўся Лукашэнкам фактычна за лаяльнасць да ўлады і прадзяржаўную пазіцыю.

Падзяліцца: